Судовае следства па справе вядомага правабаронцы скончана. Чакаецца, што заўтра (23 лістапада) адбудуцца судовыя спрэчкі, падчас якіх з апошнім словам выступіць пракурор, адкавакат і сам Бяляцкі.

Гісторык, эсэіст і паэт Уладзімір Арлоў, які прыйшоў на працэс падтрымаць Алеся Бяляцкага спадзяецца, што ён хутка апынецца на волі.

— Безумоўна, турма наклала свой адбітак, але ў яго тая ж самая ўсмешка, тыя самыя вочы і безумоўна дух і воля застаюцца моцнымі. Хочацца пажадаць яму, як мага хутчэй апынуцца на волі, пасля чаго я з радасцю яго абдыму, — паведаміў ён.
Калега Алеся Бяляцкага па праваабарончай дзейнасці Алена Лапцёнак кажа, што негледзячы на турэмныя ўмовы, Алесь Бяляцкі захоўвае бадзёры настрой. “Учора я атрымала ліст ад Алеся, ён піша, што мае такое адчуванне, што ў гэтым годзе мы не сустрэнемся. Тым не менш ён піша, што займаецца сваёй штодзённай справай, хіба толькі ў іншых умовах. Вельмі рады ўсіх бачыць, і такое ўражанне, што нічога з ім не здарылася. Вось гэта адчуванне сваёй праваты, яно яму надае моцы, духу, і таму зразумела, што выгляд не той, але мне здаецца, што ўнутры ў Алеся засталося ўсё тое самае”.

Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выстаўлена абвінавачанне ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасць. Падствай для арышту Бяляцкага стала перадача Міністэрствам юстыцыі Літвы, а таксама Генеральнай пракуратурай Польшчы дадзеных аб банкаўскіх рахунках Бяляцкага за мяжой. Яму пагражае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Поделиться: