Пра гэта “Народнай Волі” паведаміў старшыня партыі БНФ  Аляксей Янукевіч.

Ён патлумачыў мэту кампаніі: “Неабходнасць рашэння аб правядзенні кампаніі звязана з тым, што цягам усяго 2011 года і апошніх тыдняў інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы краін АДКБ набылі вельмі небяспечную дынаміку. На нашу думку, беларускія ўлады зрабілі досыць небяспечны і доўгатэрміновы выбар на карысць новых інтэграцыйных праектаў з Расіяй. Гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, ставіць Беларусь ізноў у татальную залежнасць у энергетыцы, эканоміцы і вайсковай сферы ад Расіі і нясе істотную пагрозу палітычнай незалежнасці. Таму мы лічым вельмі важным прыцягнуць увагу беларускага грамадства да тых працэсаў, якія на тле эканамічнага крызісу не кідаюцца ў вочы, аднак нясуць сур’ёзную пагрозу. Таму мы і прынялі рашэнне распачаць кампанію супраць далучэння Беларусі да Еўразійскага саюза і за выхад з іншых наднацыянальных утварэнняў, якія навязвае і кантралюе Расія. Перадусім мы ставім задачу распаўсюдзіць інфармацыю аб тым, якія негатыўныя наступствы могуць мець гэтыя саюзы для кожнага беларуса, а таксама аб небяспецы страты для народа перспектыў далучэння да еўрапейскіх каштоўнасцяў”.

Аляксей Янукевіч запэўніў, што пасля першага этапу, сябры партыі БНФ пачнуць збіраць подпісы насельніцтва супраць далучэння Беларусі да Еўразійскага саюза.

Заяву “Беларусь не павінна знікнуць у Эўразійскім саюзе!” прынялі адзінагалосна на пасяджэнні Сойма партыі 19 лістапада.

Заява Сойма Партыі БНФ 

“Глыбока ўсведамляючы адказнасць Партыі БНФ як абаронцы нацыянальных інтарэсаў беларускага народу;

пацвярджаючы слушнасць адмоўнага стаўлення да г. зв. “інтэграцыйных працэсаў” на постсавецкай прасторы, выказанага ў шматлікіх папярэдніх заявах і рэзалюцыях кіруючых органаў Партыі БНФ;

крайне нэгатыўна ацэньваючы падпісанне 18 лістапада 2011 г. у Маскве Дэкларацыі аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі ды Дамовы аб Еўразійскай эканамічнай камісіі,

заяўляе:

1. Авантурная і эканамічна непісменная палітыка, а таксама неабходнасць расплачвацца з Расіяй за шматгадовае ўтрыманне аўтарытарнага лукашэнкаўскага рэжыму, прывялі да ганебнай здачы часткі нацыянальнага палітычнага і эканамічнага суверэнітэту Беларусі на карысць г. зв. “наднацыянальных інтэграцыйных органаў”, цалкам кантраляваных Расійскай Федэрацыяй.

2. Далейшае паглыбленне “інтэграцыйных  працэсаў”, прадугледжанае падпісанымі 18 лістапада дакументамі, пагражае поўным знішчэннем незалежнасці нашай дзяржавы, знікненнем Рэспублікі Беларусь у гэтак званым Еўразійскім саюзе, які ў заявах часткі расійскай палітычнай эліты ацэньваецца не інакш, як “вялікая дзяржава рускага народу”.

3. Уваходжанне Беларусі ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам  сталася адным з галоўных чыннікаў  комплекснага сацыяльна-эканамічнага  крызісу і масавага збяднення  нашых грамадзян у 2011 г. Уваходжанне з 1 студзеня 2012 г. у адзіную эканамічную прастору з гэтымі ж дзяржавамі непазбежна выкліча далейшае пагаршэнне эканамічнага і сацыяльнага становішча, смерць нацыянальнага бізнесу і дэіндустрыялізацыю краіны.

4. Удзел у “еўраазіяцкай інтэграцыі” самым адмоўным чынам уплывае на перспектывы інтэграцыі Беларусі ў сусветную эканамічную і палітычную прастору, абмяжоўвае магчымасці яе ўдзелу ў агульнаеўрапейскіх праектах, такіх як “Усходняе партнёрства”, што наўпрост супярэчыць сутнасным нацыянальным інтарэсам краіны.

5. У сувязі з вышэйпазначаным, Партыя БНФ распачынае бестэрміновую кампанію супраць уваходжання Беларусі ў Еўразійскі саюз, а таксама за яе выхад з іншых шкодных для нацыянальных інтарэсаў праектаў: Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, Еўразійскай эканамічнай супольнасці, Мытнага саюза  Беларусі, Казахстана і Расіі, Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.

Поделиться: