З такой незвычайнай ідэяй выйшлі сёння актывісты моладзевага крыла кампаніі “Гавары праўду!” на аўтобусны прыпынак ля ГУМа. Узначальваў моладзь каардынатар кампаніі Андрэй Дзмітрыеў. Які, па яго ж прызнанні, ВНУ скончыў ужо гадоў з 10 таму.

Андрэй Дзмітрыеў: “Калі ўжо адмяняць плату за праезд у Мінску, то тады няхай студэнты па ўсёй Беларусі не будуць аплачваць праезд”.

Альбо, калі зрабіць гэта немагчыма, то плаціць павінны ўсе. Прынамсі – студэнцкую палову ад поўнага кошту квітка ў грамадскім транспарце.

Даўно ўжо не студэнт Дзмітрыеў упэўнены, што большасць студэнтаў падтрымае іх ініцыятыву. Якая, між іншым, пагражае сталічным студэнтам пазбаўленнем льгот на праезд. І раіць ім глядзець на гэта пытанне шырэй.

Андрэй Дзмітрыеў: “Яны павінны зразумець, што гэта праблема значна большая, чым проста аплата квіткоў. Гэта прыклад таго, як сённяшняя дзяржава неэфектыўна спрацоўвае. Калі, каб вырашыць праблемы адных, яе вешаюць на плечы іншых”.

Студэнтка Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта Таня на такія палітычныя вяршыні не зазірае, але прабіць адзін раз квіток за сваіх калег-студэнтаў з іншых гарадоў згодная.

Таня: “Бо гэта зусім нелагічна, калі мы жывём у Мінску і не плацім, а такія ж студэнты, як і мы, але з іншых гарадоў плацяць, і плацяць поўны кошт. Табе пашчасціла, што ты жывеш і вучышся ў Мінску! Але ж ты мог патрапіць у Гомель альбо Брэст і ты плаціў бы як і ўсе мясцовыя студэнты”.

Студэнты загрузіліся ў аўтобус №100 і дэманстратыўна пачалі кампасціраваць квіткі ды распавядаць пра сваю ініцыятыву пасажырам. Адна з жанчын выказала сваё меркаванне і да студэнтаў з іх льготамі, і да астатніх льготнікаў, і да эканамічнага курса краіны.

Жанчына ў аўтобусе: “Я супраць ільгот усіх! Павінны быць дастойны заробак, дастойныя пенсіі, дастойныя стыпендыі і кожны павінен вырашаць сам – што яму рабіць. Хадзіць пешшу ці ездзіць на аўтобусе, набыць булачку альбо дапамагчы сыну з дачкой”.

Калі аўтобус даехаў да плошчы Незалежнасці, актывісты накіраваліся са зваротам ў Савет Міністраў. Ахоўнік выклікаў памочніка міністра адукацыі. Той без усялякіх спроб адмовіцца ўзяў зварот і паабяцаў перадаць яго міністру.



Поделиться ссылкой: