Але такія “казённыя”, прычасаныя з усіх бакоў пытанні-адказы звычайна атрымліваюцца нецікавымі і нават крыху фальшывымі. За імі не бачна нутро чалавека. А хацелася ж “распрануць” вядомага паэта, якому сёння, 18 лістапада, стукнула 80 год! Дамовіліся так: сустрэнемся, каб абмеркаваць пытанні. А там — як атрымаецца.

Спачатку размова ішла туга — класік быў крыху напружаным: відаць, чакаў пытанняў з падвохам. А потым слова за слова, усмешка за усмешкай, верш за вершам — і нават не заўважылі, як праляцелі тры гадзіны!

АСАБІСТАЕ

— Не так даўно “Народная Воля” друкавала вялікую гісторыю кахання ў лістах: вам пісала жанчына, для якой вы здаваліся ідэальным мужчынам. І гэта пры тым, што вы ніколі не бачыліся. Яна ведала Вярцінскага толькі па вершах. Даўно хацела запытацца: а як ваша жонка адрэагавала на тую публікацыю?

— Так, гэта быў паштовы раман. Рамантыка ў канверце. І пра гэтую дзесяцігадовую перапіску з Ідаліяй Кананец жонка не ведала — з лістамі яе не знаёміў. Утойваў. І калі вырашыў публікаваць іх у “Народнай Волі”, таксама ёй нічога не сказаў.

— Яна пра ўсё даведалася з газеты? І што сказала?

— Спачатку абдумвала. Выказалася толькі на трэці дзень. І я з палёгкай уздыхнуў. Ада аддала належнае і гэтаму ліставанню, і гэтай жанчыне — яе пачуццям, дасведчанасці, стылю, духоўнаму вобліку. Для рэўнасці, калі гаварыць пра рэальныя пачуцці, падстаў як быццам не было. Раман, калі можна так сказаць, быў аднабаковы. Мая роля ў ім была пасіўнай…

— Павінна адзначыць, што вы і зараз заўважны мужчына. І ад некаторых вашых вершаў пра каханне нават галава пачынае круціцца. Непаразуменняў з жонкай на гэтай глебе ніколі не ўзнікала?

— Мы з жонкай не заўсёды браліся высвятляць адносіны. Паўжартам-паўсур’ёзна ўзнікалі, канешне, пытанні, хто ж гэта мяне так натхніў… Але я мог натуральна сказаць, што яна і натхніла…

А што тычыцца гісторыі з Ідаліяй Кананец, то там быў працяг. Мне патэлефанавала адна жанчына, якая мае яе цяперашнія каардынаты. Я пераслаў Ідаліі сваю кніжку “Мужчына. Жанчына. Каханне” і папрасіў прабачэння, што не ўзгадніў з ёй тую публікацыю…

— Карацей, вы зрабілі сюрпрыз для абедзвюх жанчын…

— Так… Але ў выніку ўсе засталіся задаволены.

— Нядаўна чытала, што па статыстыцы на 1000 мужчын у Беларусі прыпадае 1151 жанчына…

— Не ведаю, радавацца гэтаму факту ці паспачуваць жанчынам… Тут мусульмане з іх мнагажэнствам, відаць, крыху мудрэйшыя за нас. А калі сур’ёзна, то кожная жанчына вартая чалавечага шчасця, мужчынскай увагі і кахання…

— На пачатку размовы вы чыталі мне верш “Жыву!”, дзе ёсць такі радок: “Ня лепшы, мабыць, муж і брат…”. Пра брата не пытаюся, але чаму лічыце сябе не лепшым мужам? Маюцца на ўвазе нейкія побытавыя рэчы альбо?..

— Я якраз не лічу, што побытавыя — гэта абавязак выключна жанчыны. Перакананы: клапаціцца па хатняй гаспадарцы павінны на роўных і муж, і жонка. І з самага пачатку нашага сямейнага жыцця мне часам нават няёмка бывала, што жонка робіць усё па доме. У гэтым плане я прыхільнік гендэрнай роўнасці. Але мне падаецца, што я мог бы рабіць больш, каб жонка была шчаслівая…

— А чаму лічыце, што яна не зусім шчаслівая? Чулі, як начамі плакала ў падушку?

— У мяне было занадта шмат так званай грамадскай працы. Я быў не толькі паэтам, але і сакратаром Саюза пісьменнікаў, галоўным рэдактарам, дэпутатам. Натуральна, часта былі паездкі, сустрэчы, імпрэзы, застоллі… Мне ўзгадваецца, як я часам вяртаўся познім вечарам альбо ноччу дахаты, садзіўся на лавачку ля пад’езда, падымаў позірк на вокны сваёй кватэры і… У мяне было такое адчуванне, што я недаравальна далёка адышоў ад жыцця за гэтымі вокнамі… Вось па гэтай прычыне і лічу, што недадаў штосьці жонцы.

З другога боку, для шчаслівага, гарманічнага, суладнага жыцця важная яшчэ такая рэч, як характар і псіхалагічная сумяшчальнасць. А характары людзі самі не набываюць — атрымліваюць ад бацькоў. І мой характар, прызнацца, мог быць лепшым — больш спакойным. Я маю схільнасць да эмацыйных выбухаў, запальчывасці, магу не зусім адэкватна адрэагаваць на нейкую элементарную бытавую дробязь. Таму гэты радок і прагучаў у вершы…

— Ці часта сёння вы кажаце сваёй жонцы прыгожыя словы? Калі не памыляюся, гэта ваш адзіны шлюб і вы разам пражылі паўстагоддзя…

— Шлюб другі. Аднак можна сказаць, што першы, бо ўпершыню я ажаніўся зусім маладым і мы хутка разышліся. А з Адай Сямёнаўнай мы разам з 1960 года.

— Дату вяселля адзначаеце штогод?

— На жаль, няма такой традыцыі. Адзначаем не столькі дзень шлюбу, колькі пару года — гэта здарылася вясной. Наша вяселле было даволі сціплае, адбылося ў Віцебску, адкуль Ада родам. Сабралі бацькоў, радню, у асноўным вясковых людзей. За тым часам вяселлі не ладзіліся як шоу…

— Вы раўнавалі жонку? Альбо былі занятыя толькі сабой і сваёй працай?

— Я на сваім досведзе ведаю, што такое рэўнасць. І, па шчырасці, не вельмі ганаруся гэтым. Нават неяк апраўдваўся ў адным са сваіх вершаў…

— Хваляваліся, што жонка можа кінуць вас?

— Ну як сказаць… Аднойчы ў нас справа ледзь не дайшла да разводу. Аднак мы ж не толькі муж і жонка, але яшчэ і бацькі. Дзеці не далі разбурыць сям’ю.

— Распавядзіце, калі ласка, пра вашы цяперашнія адносіны з дзецьмі…

— Сын працуе кардыёлагам, да таго ж ён яшчэ спецыяліст па ультрагукавым даследаванні. Клапоціцца пра мяне, часам нагадвае пра здаровы лад жыцця.

— Дык па вас і не скажаш, што вы паліце альбо злоўжываеце алкаголем.

— Не пазбягаю, але не злоўжываю. Паліць — не палю. Сяргей Законнікаў нават неяк прылюдна сказаў, што ніколі не бачыў п’яным Анатоля Вярцінскага. Каштоўнае сведчанне…

— Вы так і не распавялі, чым займаецца ваша дачка…

— У мяне дзве дачкі, і ў нас добрыя адносіны. Адна скончыла факультэт радыёфізікі і электронікі, другая вывучала інфарматыку і праграміраванне.

— У вас чацвёра ўнукаў. Яны ганарацца тым, што іх дзед — сам Анатоль Вярцінскі?

— Магчыма. Я ўнукаў люблю. Да аднаго з іх часам звяртаюся з рознымі просьбамі — прагледзець электронную пошту, адаслаць мае вершы, я ў сваіх мэтах выкарыстоўваю ягоную спецыяльнасць сістэмнага праграміста. І ніколі не чуў ад Янкі адмовы! Ён прапаноўвае адкрыць мой уласны сайт, але я вырашыў пакуль пачакаць з гэтым.

— Анатоль Ільіч, у вас унук прафесійна займаецца камп’ютарамі, а вы прыносіце ў рэдакцыю вершы, аддрукаваныя на машынцы!

— Янка даваў мне першыя ўрокі камп’ютарнай пісьменнасці — пакуль жылі разам і ягоны камп’ютар стаяў у маім пакоі. Я быў сур’ёзна настроены засвоіць гэтую тэхніку. А потым унук пераехаў, і ўсё на гэтым спынілася.

Першыя спробы працаваць на камп’ютары мне спадабаліся. Камп’ютар — гэта ж яшчэ і крыніца ведаў. Я дагэтуль званю ўнуку, калі сустракаю ў друку нейкае замежнае слова, сэнсу якога не ведаю. І Янка ахвотна расшыфроўвае. Дарэчы, на пачатку снежня адбудзецца ягонае вяселле.

— О, дык у вас канец года багаты на святы! Скажыце, а к сваім 80 гадам вы зразумелі, што галоўнае ў мужчыне і наогул у жыцці?

— Галоўнае?.. (Ні на секунду не задумваючыся.) Жыць!

Мне нядаўна далі пачытаць раман аўтара, які якраз спыняецца на такіх тэмах, як сэнс і мэта жыцця. І яго дэвіз такі: “Сэнс жыцця чалавецтва — пераўтварэнне свету”. Я гэтага не ўспрымаю. Лічу, што чалавек павінен не столькі пераўтвараць, колькі проста жыць, кахаць, дзяцей гадаваць, працаваць, існаваць у суладдзі з біялагічнай і сацыяльнай прыродай. Вы, пэўна, ведаеце малітву: “Божа, дай мне сілы змяніць тое, што я магу змяніць, цярпення, каб не мяняць таго, што ад мяне не залежыць, і мудрасці адрозніваць адно ад другога”. Вось так і трэба жыць…

ФІЛАСОФСКАЕ

— Вы казалі пра тое, што вялі дзённікі. На мінулым тыдні цэлая дыскусія разгарнулася наконт спектакля паводле “Інтымнага дзённіка” Максіма Багдановіча. Вы робіце запісы інтымнага зместу?

— Не, запісаў такога плана не раблю. Лічу, што чалавек мае права на таямніцы, нават у такой ступені, што сам сабе не абавязаны прызнавацца ў некаторых рэчах, асабліва фізіялагічнага паходжання. Мне падаецца, што не трэба выносіць смецце са сваёй, так бы мовіць, духоўнай хаты.

— А раптам у тым, што вы называеце смеццем, нехта знойдзе дыяменты? І менавіта праз гэтыя інтымныя падрабязнасці з дзённіка адкрые для сябе таго ж Багдановіча альбо Вярцінскага? І будзе нагода звярнуцца да творчасці…

— Баюся, што нічога новага альбо каштоўнага, павучальнага для другіх там не будзе. І навошта смакаваць не самае годнае, скажам так? Ну чыркнуў у запале пераможцы Пушкін наконт Ганны Керн, але ж у той момант ён не думаў, што напісанае застаецца, пяройдзе да другіх, будзе агалошана і ў нейкім плане азмрочыць “Я вас любил, любовь еще быть может…”.

— У мяне такое адчуванне, што вам ёсць што хаваць…

— У кожнага ёсць. І кожны мае права на таямніцу. Таму мяркую, што не ўсім трэба дзяліцца з паперай.

— А вы самі чытаеце гісторыі пра чужое асабістае жыццё? Як здараюцца раманы, як людзі сыходзяцца-разыходзяцца?

— Чытаю калі-нікалі. Але гэта ўжо не дзённікавыя запісы, а пэўны жыццёвы досвед.

У мяне былі добрыя адносіны з паэткай Рымай Казаковай. Памятаю, мы з ёй спрачаліся якраз на гэтую тэму. Я казаў: “Рыма, каханне — гэта вышэйшая форма даверу паміж мужчынам і жанчынай!” А яна адказвала: “Толя, пра які давер ты гаворыш! Гэта вечная барацьба, вечная вайна!” Так і з гісторыямі вядомых людзей: усё суб’ектыўна… А ўвогуле ж, за каханнем, пагадзіцеся, стаіць найперш не што іншае, як асноўны інстынкт. Мы, паэты, спрабуем яго паэтызаваць, узносіць да самых аблокаў…

— Калі не памыляюся, больш за год таму вы трапілі ў аўтамабільную аварыю. Калі ляцелі у кювет, былі думкі, што усё, гэта можа быць канец…

— За апошні час было дзве аварыі. Адна здарылася, калі з Міхасём Скоблам ехалі на радзіму Васіля Быкава. Збочылі на лясную дарогу, машына пайшла юзам, стукнулася ў дрэва і заглохла. Але праз нейкі час мы паехалі далей. А другая аварыя, у якую мы трапілі разам з Эдуардам Акуліным і Галінай Дзягілевай па дарозе на Лепель, мела больш трагічны вынік. Дзякуй Богу, пранесла. А думкі пра той свет не было, бо…

— Не паспелі нават і падумаць?

— Так. Расплюшчыў вочы ў Лагойскай раённай бальніцы і ўбачыў перад сабой… урача-хірурга Аляксандра Шута, з якім мы пяць з паловай гадоў разам засядалі ў Вярхоўным Савеце. Амаль раманная сітуацыя!..

— Разумею, што пытанне зусім не да юбілею, але…

— Нічога, пытайцеся. Забароненых тэм няма.

— Днямі была на адным застоллі, і, калі гаворка пайшла пра ўзрост і ўсё такое, адна жанчына выказала такую думку: “Распарадзіцца аб пахаванні трэба яшчэ пры жыцці…” Што вы на гэты конт думаеце?

— Гэта своеасаблівае “тщеславие” навыварат. І калі на тое пайшло, то жывому лепей думаць не столькі пра пахаванне, колькі пра жыццё… І потым, такія рэчы, як смерць, адыход з жыцця, — не столькі ў чалавечай, колькі ў божай кампетэнцыі.

УЗРОСТАВАЕ

— Анатоль Ільіч, скажыце шчыра: як адчуваеце сябе напярэдадні 80-годдзя? На што скардзіцеся?

— Не ў маім характары жаліцца. Лічу, што жыццё трэба ўспрымаць такім, якое яно ёсць. Як пісаў адзін з маіх літаратурных настаўнікаў Пімен Панчанка, “на нагоды жыцця не жальцеся, хоць і шмат у жыцці нягод, нараджайцеся, нараджайцеся, кожны месяц і кожны год!”.

— Некаторыя беларускія пісьменнікі настойліва просяць, каб журналісты выкарыстоўвалі іх здымкі, зробленыя дзясяткі гадоў таму. А вы ўчора сказалі, што не любіце свае фотаздымкі, зробленыя ў маладосці…

— Мне падаецца, што некаторыя з іх проста не адлюстроўваюць майго сапраўднага стану. Ёсць фатографы, якія здымаюць прамалінейна, “у лоб”, а ў чалавека на той момант можа быць такая міміка, што ён паўстае ў абсалютна скажоным выглядзе…

Да таго ж я перакананы, што ніводны чалавек не ведае дакладна, як ён знешне выглядае, нават калі глядзіцца ў люстэрка кожны дзень…

ПАЛІТЫЧНАЕ

— Як вы ставіцеся да выказвання Лукашэнкі наконт таго, што няма ў нас свайго твору накшталт “Вайны і міру”?

— Відаць, прэзідэнт не на той саюз пісьменікаў робіць стаўку. І калі чаргінцоўскія літаратары з гэтай задачай не справіліся, дык, можа, варта пераключыць увагу на той саюз, які ён звычайна называе няправільным? Можа, менавіта няправільны саюз можа стварыць такія годныя творы, як патрабуе кіраўнік дзяржавы?

Мне тут ўзгадваецца вядомы гістарычны факт. Сакратар ЦК КПБ скардзіцца Сталіну на тое, што некаторыя пісьменнікі сваволяць і не слухаюцца. Сталін гаворыць: “Таварыш Шчарбакоў, трэба працаваць з тымі пісьменнікамі, якія ёсць, іншых у мяне няма”.

— Цікава: вы вітаецеся з калегамі з чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў?

— З тымі, якіх ведаю, з кім былі добрыя адносіны і хто вітаецца са мной, — так. Адзін з іх падчас сустрэчы нават усклікнуў: “Жыве Беларусь!”

Натуральна, я не ў захапленні ад афіцыйнага саюза, бо ведаю, як і з якой мэтай ён ствараўся. Тыя, хто там апынуўся, аказаліся закладнікамі пэўнай грамадска-палітычнай сітуацыі. І не вытрымалі адзін з жыццёвых іспытаў на годнасць — чалавечую, нацыянальную і грамадзянскую.

Але гэта, відаць, доўгая тэма — для асобнай публікацыі. Дарэчы, я ведаю людзей, якія адначасова з’яўляюцца сябрамі і аднаго, і другога саюза. Сімптаматычны факт…

— Як вы паставіліся да таго, што выдатны паэт Уладзімір Някляеў пайшоў у вялікую палітыку?

— Тое, што пісьменнік ідзе ў палітыку, — не навіна. Яшчэ Арыстоцель гаварыў, што мастак — самы першы палітык.

Дарэчы, у той час, калі Някляеў рэдагаваў “Крыніцу”, карэспандэнт часопіса задаваў мне аналагічнае пытанне: чаму паэт Анатоль Вярцінскі пайшоў у Вярхоўны Савет?

Не ад добрага жыцця, скажу я вам, паэты ідуць у палітыку. Абставіны вымагаюць.

— Анатоль Ільіч, а вы бачыце ва ўладзе высокаадукаваных людзей, якія цэняць мастацкую літаратуру? Калі не, дык аб чым, па-вашаму, гэта сведчыць?

— Пытанне няпростае… Думаю, ва ўладу бяруць у асноўным адукаваных людзей. А не ва ўсіх іх дастаткова часу, каб надаваць увагу творам мастацкай літаратуры. Другая справа, што не ўсім патрэбна так званае прыгожае пісьменства, асабліва паэзія. Мала тых, хто захапляецца паэзіяй. У асноўным (здаецца, я не зраблю адкрыцця) — гэта жанчыны.

— Сорамна прызнавацца, але… Сама не памятаю, калі апошні раз чытала вершы. Вось да інтэрв’ю рыхтавалася — разгарнула ваш зборнік…

— Дзякуй. Але, прызнацца, я сам не вельмі люблю чытаць паэзію. І лічу гэта сваім істотным недахопам. Вядома ж, знаёмлюся з новымі вершамі, паэтычнымі зборнікамі сваіх калег-сучаснікаў. А вось што датычыцца класічнай паэзіі, якой нямала на маіх паліцах, то да іх, што называецца, рукі не даходзяць, часу не хапае.

Няёмка нават перад самім сабой за гэта бывае…

Шкадую, што застаюцца непрачытанымі шмат вартых кніг. А час ад часу трэба перачытваць і Максіма Гарэцкага, і Васіля Быкава, і Івана Мележа, і Купалу, Коласа, Багдановіча.

Сёння жыццё не столькі паэтычнае, колькі палітычнае. Таму найперш чытаю “Народную Волю”, “Нашу Ніву”, часопісы “Дзеяслоў” і “Верасень”.

 ЮБІЛЕЙНАЕ

— Які верш прачытаеце на святкаванні свайго юбілею і каго паклічыце на свята?

— Мабыць, прачытаю верш “Жыву!” альбо “Жыццё як выпрабаванне”. А што тычыцца святкавання, то на наступным тыдні мае адбыцца сустрэча з калегамі і сябрамі па працы і грамадскай дзейнасці.

— А менавіта ў юбілейны дзень збіраецеся ладзіць вялікія ўрачыстасці альбо зберацеся вузкім сямейным колам?

— 18 лістапада, канечне, вузкім колам. Прыйдуць сямейнікі, сваякі, родныя.

Да слова сказаць, я пачаў атрымліваць віншаванні яшчэ напярэдадні юбілею. Нават прыемна здзівіўся, што ў нашым мітуслівым, цяжкім жыцці людзі ўсё-такі памятаюць пра дні нараджэння…

З асабістай справы

Анатоль Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 года ў вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У вёсцы Камень на Лепельшчыне скончыў сярэднюю школу, у 1956 годзе — аддзяленне журналістыкі БДУ ў Мінску. Працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962-м пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў з газетай «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1964-га). У 1967–1982-м — літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у 1977 годзе ў рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986–1990-м — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989-га). З 1990-га — народны дэпутат БССР, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР.

У 1954 годзе апублікаваў першыя вершы. Выйшлі кнігі паэзіі «Песня пра хлеб» (1962), «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979) «Святло зямное» (1981).

Многія вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980).

Аўтар зборніка літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980) і кнігі публіцыстычных нататак «Нью-йоркская сірэна» (1987).

Напісаў п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй», «Скажы сваё імя, салдат», «Гефест — друг Праметэя».

Пераклаў на беларускую мову п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам», а таксама асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.

За кнігу «Нью-йорская сірэна» атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР (1988 год).

***

Мужчына. Жанчына. Чаканне.

Шуканне. Блуканне. Час.

Жанчына. Мужчына. Спатканне.

Вітанне. Пытанне. Адказ.

Мужчына. Жанчына. Дыханне.

Сэрцабіццё. Забыццё.

Жанчына. Мужчына. Каханне.

Мужчына. Жанчына. Жыццё

Поделиться ссылкой: