У кастрычніку стала вядома, што адзіная на Беларусі беларускамоўная газета для дзяцей і падлеткаў “Раніца” перастала існаваць. Такі ж лёс напаткае неўзабаве і “Бярозку” апошні бастыён роднамоўя ў краіне Маленства…

Тлумачэнне ліквідатараў наколькі бессаромнае, настолькі і цынічнае: абодва выданні, бачыце, стратныя ў фінансавым плане, проста непасільныя для схуднелага дзяржбюджэту. Як быццам у нас нямала прадпрыемстваў і гэтулькі ж калгасаў (па-цяперашняму СВК) не стратныя і не абцяжарваюць гэты самы дзяржбюджэт…

Той бяды, адмахваюцца чыноўнікі, будуць вашыя беларускамоўныя неяк уладкаваны: “Раніца” прылепіцца — старонкай ці дзвюма — да “Настаўніцкай газеты”, а часопіс “Бярозка” ўклеіцца ў “Маладосць”… Адным махам, як кажуць, двух зайцоў… А хто пачне рыпацца, для такіх напагатове забойны ярлычок — “пятая калона”… Ці там яшчэ круцей — ворагі народа… Альбо зусім па-простаму, па-народнаму — “адмарозкі”.

Для ачмурэлага плебса такая “круцізна” — саладзей за халву, дармо што ён ні носам, ні рылам пра тую “пятую калону”. Тут галоўнае — з пачуццём (вартага вялікай сцэны) пракукарэкаць, развярэдзіць душу “пану сахі і касы”. Зорныя персанажы з усім вядомай п’есы пра “пушыстага цара-Бацюхну” (як у нас, так і ў Белакаменнай) здорава-такі карыстаюцца тэатральнымі прыёмамі: адзін раптам за штурвал знішчальніка ўчэпіцца, ці дайверам якім прыкінецца, альбо на “капейцы” — проста ў народ; другі “літоўку” у рукі ўшчэміць, ці якую клюшку, альбо такое тэлешоу-прачыхвостку чыноўнікам скроіць — Галівуд адпачывае…

Што тут скажаш — “свае ў дошку хлопцы”, проста  рылам зямлю рыюць, абы таму народу дагадзіць. Электарат ад удзячнасці, канечне, пляскае ў ладкі. Калі яму дазволяць… А калі не, тады бярэцца за старое, яшчэ ад прыгонніцтва ўсвядомленае: каб жыць у шчасці — трэба красці, красці, красці… Ды яшчэ не высоўвацца, не пярэчыць, не паднімаць галавы вышэй плінтуса. Так і прынаравіліся: уначы крадуць, а днём узносяць да нябёсаў хвалу Усемагутнаму ўладару, ледзь не клянучыся яму ў пажыццёвай адданасці і “лепячы гарбатага” ўсім, каго той аднёс да ліку “пятай калоны”. І мала каму ў мазгавеньку цюкне, што яны самі, а не хто іншы — і ёсць тая “пятая калона”…

Ну, адкуль ім, небаракам, ведаць (Гарвардаў не канчалі, школку — па ўсім — праз пень-калоду адолелі), што “пятая калона” складалася з прыхвасняў генерала Франсіска Франка. Маўкліва-агрэсіўныя ворагі Народнага фронту — здраднікі, шпіёны, розныя агенты — затаіліся ў асадным Мадрыдзе за спінамі абаронцаў маладой Рэспублікі. А тых — абаронцаў Мадрыда і ўсіх астатніх, якія пазбавіліся ненавіснага рэжыму караля Альфонса ХІІІ — чакаў наперадзе незайздросны лёс. З маўклівай згоды “пятай калоны” народ Іспаніі чакала дыктатура яшчэ большага ненавісніка свабоды і дэмакратыі — генерала Франсіска Франка. “Пятая калона” гатовая была па першай позве будучага дыктатара ўдарыць у спіну Народнага фронту. Іх таму і назвалі “пятай калонай”, што чатыры іншыя пад камандаваннем генерала Эміліа Молы вялі адкрытае наступленне на сталіцу, а “пятая” павінна была ўступіць у дзеянне за спінамі рэспубліканцаў у прызначаны час…

У той грамадзянскай калатнечы верх узяў, як вядома, генерал. І не дзіва: на ягоным баку выступіла парачка еўрапейскіх дыктатараў — Мусаліні і Гітлер… З усімі іх танкамі і самалётамі… На баку ж рэспубліканцаў — толькі добраахвотнікі з Еўропы і Амерыкі, тыя, для каго словы “свабода”, “радзіма”, “салідарнасць” не былі пустым гукам. Сярод апошніх быў і Эрнэст Хемінгуэй. Выраз “пятая калона” атрымаў шырокую вядомасць якраз дзякуючы яму. У самыя цяжкія дні вайны Эрнэст знаходзіўся ў асадным Мадрыдзе, у гатэлі “Флорыда”, які на нейкі час стаў штабам інтэрнацыяналістаў і клубам карэспандэнтаў. Там і была напісана адзіная яго п’еса “Пятая калона” — пра дзейнасць рэспубліканскай контрразведкі, якая выкрывала мадрыдскіх прыспешнікаў генерала Франка, тых шэрых зданяў, з маўклівай згоды якіх на краіну насоўвалася карычневая цень дыктатуры. А калі яна ўсталявалася, учарашнія згоднікі і здраднікі сталі чэляддзю дыктатара…

Гісторыя — хоць і па спіралі — мае ўласцівасць паўтарацца. А яшчэ папярэджвае: нельга схавацца ў цені вялікага дрэва, нават калі тое дрэва — дуб. А ўсё таму, што сонца ходзіць па кругу: учора ты ў цяні, а заўтра — бачны ўсім. І потым, нават калосы-дубы трухлеюць, у іх б’юць маланкі, іх спілоўваюць на дровы… Пра людзей і гаворкі няма, бо чым скончылі ўсе тры дыктатары і іх прыхвасні — вядома кожнаму. Старая гісторыя, але спіраль працягвае раскручвацца… Яе серпавіднае лязо пазносіла галовы нават забранзавелым арабскім дыктатарам: адзін некуды збег ад гневу народнага, другі сядзіць (ляжыць) у жалезнай клеці і чакае прысуду, трэцяга знайшлі ў каналізацыйнай трубе і “замачылі”, не раўнуючы, як таго пацука… Дарэчы, “пятая калона” мроілася і Кадафі. Амаль шызафрэнічнага дыктатара (прамы тэлеэфір тое зафіксаваў) проста гняла паранаідальная шыза: усе, хто не з ім — ворагі Джамахірыі, “пятая калона”, і яе трэба сцерці ў парашок… Яму не ў галаве, што “ворагі” — абсалютная бальшыня лівійскага народа, а сапраўдная “пятая калона” — ягоныя ж прыспешнікі, якія схаваліся за спінай дыктатара і не маюць нічога агульнага з тым самым народам і яго памкненнямі. Але дыктатары на тое і дыктатары, каб усё паставіць з ног на галаву, з чорнага зрабіць белае, а белае замазаць чорнай фарбай… І, канечне, напагатове ў іх шэрыя здані, гатовыя апраўдаць дзеянні свайго боса, ці проста згодніцкі… прамаўчаць.

Ну, не нарадзіліся яшчэ ў Беларусі свае Хемінгуэі, гатовыя і пяром і зброяй біцца за спракавечныя ідэалы чалавецтва, ці хаця б за правы сваіх супляменнікаў. Няма ў нас ні Ганса Кале, ні Антуана дэ Сент-Экзюперы… Інакш бы не прамаўчалі (згодніцкі) на апошнім з’ездзе пісьменнікаў “уладары дум”, а падалі хоць голас у абарону дзіцячых беларускамоўных выданняў — “Раніцы” і “Бярозкі”. Але хіба ўпершыню?! Спачатку прыкрылі “Чырвоную змену”, пасля правялі сумніўны “моўны” рэферэндум, а далей не пайшло — пакаціла… І ўжо амаль не засталося ў краіне ні беларускамоўных школ, ні дзіцячых садкоў, ні роднамоўных універсітэтаў… Толькі невялікі гурт інтэлектуалаў — пісьменнікаў-дэмакратаў, палітыкаў, вучоных, мастакоў — працягвае змаганне за права беларусаў быць беларусамі, мець грамадзянскія правы, а не іх прывід. Астатнія, хто бліжэй да кормчай улады, калі не захлёбваюцца кампліментарнай рыторыкай, то маўчаць (“па-руску” ці па-беларуску), альбо падбрэхваюць прафесійным ідэалагічным гуру. Так, маўляў, спакайней. Шэры колер — някідкі, непрыметны…

І дайшлі мы да асноўнага пытання: хто ж на самай справе “пятая калона” ў нашай сінявокай краіне-браначцы?.. Тыя, хто б’ецца за дэмакратычныя ідэалы, за росквіт нацыянальнай культуры, грамадзянскія правы? Ці тыя, хто ў цені “вялікага дрэва”, якое ўзрасло на роднай глебе, але вельмі падобнае на разлапістую афрыканскую пальму?..

Пра ўсё гэта карцела пачуць не толькі ад чыноўнікаў, якія, спадобіўшыся робатам-аўтаматам, прыхлопнулі два старэйшыя ў краіне выданні для дзяцей і падлеткаў, але і ад тых, хто пачынаў свой творчы ўзлёт са старонак “Раніцы” і “Бярозкі”, хто проста ішоў з імі па жыцці. Што з таго атрымалася — паведаю ў наступны раз…




Поделиться ссылкой: