Днямі была пастаўлена кропка ў 18-гадовых перамовах аб членстве Расіі ў СГА. Яны сталі самымі доўгімі за ўсю гісторыю арганізацыі (да таго рэкардсменам быў Кітай, які далучаўся 15 гадоў).

Але, у рэшце рэшт, рабочая група, якая складалася з прадстаўнікоў краін, што гандлююць з Расіяй, ухваліла дакумент, які адкрывае расіянам дарогу ў СГА. Афіцыйна Расію прымуць у шэрагі арганізацыі ў сярэдзіне снежня, на так званай міністэрскай канферэнцыі — вышэйшым афіцыйным органе СГА.

Як паведамляюць “Ведомости” са спасылкай на афіцыйныя крыніцы, пасля ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю Расія знізіць мытныя пошліны на аўтамабілі. З сённяшніх 35 працэнтаў на працягу пяці гадоў для машын узростам ад трох да сямі гадоў тарыф зменшыцца на 20% (з 1,2–2,8 еўра за кубічны сантыметр прыкладна да 0,7–1,6 еўра). Для аўтамабіляў узростам да трох гадоў увазная пошліна скароціцца з цяперашніх 30% до 25%. Затым тры гады стаўка застанецца нязменнай, а далей, на працягу чатырох гадоў, будзе штогод зніжацца на 2,5%. Такім чынам, у выпадку далучэння Расіі да СГА ў гэтым годзе, у 2019 годзе памер пошліны на новыя аўтамабілі складзе 15%. Што датычыцца машын, якія старэйшыя за 7 гадоў, то для іх па-ранейшаму будуць дзейнічаць цяперашнія пошліны, якія складаюць 2,5–5,8 еўра за кубічны сантыметр.

Нагадаем, што з 1 ліпеня 2011 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць адзіныя для Мытнага саюза мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі. Яны зраўняліся с расійскімі і павялічыліся ў некалькі разоў. Ці будуць гэтыя пошліны зніжацца і для беларусаў пасля ўступлення Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю?

“Афіцыйны каментарый з гэтай нагоды павінен з’явіцца ў бліжэйшы час, — коратка адказалі нам у Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі. — Пакуль што не можам нічога сказаць”.

— Безумоўна, пошліны на машыны да 7 гадоў павінны знізіцца і для беларусаў прыкладна да 20 працэнтаў, — каментуе сітуацыю эканаміст Леанід ЗАІКА. — Праўда, гэта будзе адбывацца не адразу. Так што нас можна павіншаваць. Капіталістычная Сусветная гандлёвая арганізацыя працуе на карысць пралетарскай беларускай дзяржавы. Праўда, я наогул не разумею, чаму ў беларусаў бралі пошліны за ўвоз машын. Гэта ж здзек у рамках формулы сацыяльна-арыентаванай эканомікі. Якая ж яна сацыяльна-арыентаваная, калі з народа бяруць грошы за тое, што мы самі не вырабляем?




Поделиться ссылкой: