На папярэднім пасяджэнні суда, 10 лістапада, пракурор Уладзімір Сайкоўскі папрасіў аб’явіць перапынак у сувязі з тым, што ён мае намер прад’явіць падсуднаму новае абвінавачанне, якое будзе істотна адрознівацца ад цяперашняга. Суддзя Сяргей Бандарэнка  хадайніцтва задаволіў.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня, абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго рахунках у замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў рамках дагавораў аб прававой дапамозе.

Бяляцкі сваёй віны не прызнае і заяўляе, што яго пераследуюць за праваабарончую дзейнасць. Па словах падсуднага, замежныя рахункі ён вымушаны быў адкрыць пасля таго, як беларускія ўлады зачынілі праваабарончы цэнтр “Вясна”. Як сцвярджае сам Бяляцкі, сродкі замежных спонсараў, якія паступалі на рахункі, траціліся на аказанне дапамогі грамадзянам Беларусі, чые правы былі парушаныя, а таксама для выдання інфармацыйнай прававой літаратуры і правядзення семінараў.

Працэс над Бяляцкім пачаўся 2 лістапада. Справу разглядае суд Першамайскага раёна сталіцы, але слуханні праходзяць у будынку суда Маскоўскага раёна, дзе больш ёмістыя залы.

Поделиться: