У  гэтым годзе  Шведскі ПЭН-цэнтр вырашыў прысудзіць прэмію Тухольскага беларускаму аўтару і грамадскаму дзеячу Уладзіміру Някляеву, які праявіў сябе як выбітны паэт і сапраўдны змагар за свабоду слова.  У снежні 2010 года, падчас пратэстных акцый з нагоды прэзідэнцкіх выбараў, на якіх ён выступаў у якасці кандыдата ў прэзідэнты, Някляеў быў жорстка збіты сіламі бяспекі, трапіў у шпіталь, адкуль яго забралі прадстаўнікі КДБ і змясцілі ў пастарунак, дзе ён быў пазбаўлены магчымасці звярнуцца да доктара. Дасюль Някляеў пакутуе ад наступстваў такога жорсткага абыходжання і звярнуўся па выязную візу ў Швецыю, дзе ён змог бы атрымаць спецыялізаваную дапамогу. Падчас гэтага візіту ён планаваў узяць удзел у цырымоніі ўручэння прэміі Тухольскага, што праходзіць у Стакгольме 15 лістапада, дзе і павінен быў атрымаць прэмію за гэты год.

Улады Беларусі адмовілі Някляеву ў магчымасці паехаць у Швецыю. Прычына ў тым, што ён знаходзіцца пад так званым хатнім арыштам, то бок, яму забаронена пакідаць Мінск. Гэта значыць, што ён не зможа атрымаць медычную дапамогу, што патрэбная яму пасля збіцця. І што ён не зможа атрымаць прэмію Тухольскага ўласнаручна, як планавалася.  




Поделиться ссылкой: