Нагадаем, што адміністрацыя рынку паведаміла прадпрымальнікам, што з імі скасоўваюцца дамовы аб арэндзе гандлёвых плошчаў. Пакінуць першы паверх неабходна да 1 снежня. Дырэктар рынку паведаміў “Народнай Волі”, што такая сітуацыя склалася з-за таго, што “неабходна рабіць бягучы рамонт”. Аднак старшыня савета прадпрымальнікаў рынку “Максімус” Святлана МОЛЧАН кажа, што “не ўсё так проста”.

— Усё пачалося яшчэ з пачатку гэтага года, калі арандатарам сказалі, што з імі ў аднабаковым парадку скасоўваюцца дамовы, — распавядае яна. — Аб прадастаўленні новых гандлёвых плошчаў, працаўладкаванні работнікаў, выплаце кампенсацый за абсталяванне, у якое ўкладваліся грошы прадпрымальнікаў, размова не ішла. Натуральна, што ніхто сыходзіць па сваёй волі не хацеў. Тым больш што пайшлі размовы аб тым, што рынак будзе прададзены новаму аператару — “Еўраопту”. Адміністрацыя паведамляла, што будзе рабіць рэканструкцыю. Мы звярнуліся да намесніка старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Калтовіча. Было прынята рашэнне аб тым, што толькі пасля правядзення праектна-сметнай дакументацыі, якая будзе зацверджана Мінгарвыканкамам, людзям даецца месяц, каб яны пакінулі гандлёвыя месцы на гэтым рынку. Мы ўсе з гэтым згадзіліся, бо перспектывы існавання рынку ўсё роўна няма. Але вось пытанне: ці будзе тут наогул праведзена рэканструкцыя? Людзей могуць выселіць і засяліць сюды “Еўраопт”. Можа быць, прададуць акцыі, з’явіцца новы гаспадар… І пачалася барацьба. Адміністрацыі рынку, натуральна, хацелася б, каб людзі сышлі па-добраму. А так ніхто не хоча, таму што ўсе разумеюць, што іх, хутчэй за ўсё,  збіраюцца падмануць. Хто дасць гарантыі, што тут не з’явіцца новы ўласнік? А людзі дзесяць гадоў аддалі гэтаму рынку, грошы ўкладвалі, пазыкі давалі, замест якіх аддалі старыя халадзільнікі. А тое, што гаворыць дырэктар… У нас іх ужо больш за дзесяць было. Сёння адзін — заўтра другі. А заснавальнік сядзіць ва Украіне.

— Што зараз?

— Людзей папярэдзілі, што дамовы скасуюцца з 1 снежня. Іх не падпісалі. Пачаўся ціск з боку адміністрацыі, ветэрынарная служба падключылася, сталі складаць пратаколы на гандляроў. Некалькі чалавек былі вымушаны сысці. У тым ліку і жанчына, якае гадуе траіх дзяцей… А ўвогуле, ёсць дамоўленасць, што высяленне прадпрымальнікаў можа ажыццяўляцца толькі пасля рашэння Мінгарвыканкама аб рэканструкцыі рынку. Такога рашэння Мінгарвыканкам пакуль не прымаў. Але ж высяляюць рознымі сродкамі. Нават ноччу праводзілі дэмантаж абсталявання. Хочуць, каб прадпрымальнікі пакінулі першы паверх да 1 снежня. Калі падпішуць дадатковае пагадненне, то дадуць адпрацаваць да 1 студзеня. У такім выпадку адміністрацыя рынку можа сказаць у Мінгарвыканкаме, што знайшла з людзьмі паразуменне, усё, маўляў, адбываецца па добрай волі. Зараз гэтых людзей і “апрацоўваюць”.

— Якім вам бачыцца выхад?

— Мы ўсё ж такі спадзяёмся на Мінгарвыканкам. Застаецца адкрытым пытанне аб пазбаўленні рынку павышаючых каэфіцыентаў. Гэта своеасаблівыя эканамічныя санкцыі. Акрамя таго, працуем з адвакатамі, рыхтуем дакументы… Можна падаваць і ў суд, але ўсё вельмі складана.

— Я ведаю, што рынак вельмі папулярны ў жыхароў мікрараёна…

— Так, ён патрэбны людзям, мікрараён расце. Цэны ў нас не самыя вялікія, ёсць багаты выбар. Ужо каля 2 тысяч простых людзей падпісаліся за захаванне рынку. Ды і каля 500 прадпрымальнікаў застануцца на вуліцы, куды яны пойдуць? Думаеце, так лёгка зараз знайсці новае месца працы? Украінскі ўласнік, напэўна, у гэтай сітуацыі абараняе свае бізнес-інтарэсы. А хто абароніць нашы — беларусаў?..




Поделиться ссылкой: