Стогадовы дуб – можа, самы стары ў Мінску — укленчвае да людзей: “Мяне хочуць забіць!..” Разам з векавым дубам, поўным моцы і хараства, кленчаць і жыхары дома №4 па Другім завулку Розы Люксембург беларускай сталіцы, таго самага дома, паблізу якога і стаіць разлапісты, але падранены волат. Месцічы літаральна бамбардзіруюць лістамі-скаргамі Мінгарвыканкам, Дзяржкантроль, Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адміністрацыю Маскоўскага раёна, Адміністрацыю Лукашэнкі. Іх турбуе не толькі лёс векапомнага, у два абхваты дрэва, але і свой уласны лёс: неўзабаве месцічы пазбавяцца адзінага зялёнага лапіка зямлі, які быў для іх усім — месцам адпачынку, крынічкай чыстага паветра, шатром ад сонечнай спёкі, натуральным фільтрам ад аўтамотасмуроду…  На гэтай дзівоснай зялёнай выспе, абкружанай з усіх бакоў дубамі, клёнамі, бярозамі, мамы люлялі сваіх немаўлят, а гарэзы гулялі ў хованкі, разведчыкаў і “Чалавека-павука”… Тут ва ўсе часы і ўсім было добра — старым, маладым, дзецям. І раптам  усяго не стала, амаль усяго… У адзін момант прыродны ландшафт, акультураны мазолістымі рукамі папярэднікаў, быццам зачах, асірацеў, скукожыўся да непазнавальнасці. Як жа так?!

“А  вельмі проста, —  патлумачыла мне адна з “бунтаўшчыц” Тамара Уласаўна Спіжарная, — у сярэдзіне кастрычніка наш, так бы мовіць, міні-дэндрапарк нейкая навалач абгарадзіла плотам, а ўсе дрэвы… спілавалі. Сказалі, што тут будзе аўтастаянка, а крыху далей — побач з будынкам райвыканкама і ў непасрэднай блізкасці ад нашага дома — вышынны дом пад офісы… Знакаміты дуб — краса раёна — на шчасце, не ўвайшоў у будаўнічую пляцоўку. За якія два метры па другі бок плота апынуўся… Але што вы думаеце?! 21 кастрычніка была спроба спілаваць і яго. Рабочыя паспелі зрэзаць дзве таўшчэзныя галіны: сукі такія, што ствалы  некаторых дрэў не параўнаюцца… Ну, тут наша гаспадарства і падняло лямант, не дало разагнацца забойцам. Але ж не здолелі адстаяць іншыя, пладовыя, дрэвы. Спілаванымі аказаліся ў тым ліку і старыя вішні, і яблыні, і стогадовая груша, якая пладаносіла кожны год. Пад пілу пусцілі і больш маладыя дрэвы ды кусты, пасаджаныя намі 25 год таму. А дрэвы былі здаровымі, па пнях відаць… Цяпер толькі на няцотным баку Мацвееўскага завулка колькі дрэў і засталося… Карацей, гора нам”.

На абкарнаным мурожным лужку, скрозь усыпаным сухім, як пергамент, дубовым лісцем, — гола, пуста, адно галінне на доле тырчыць, коле неба і вочы. Увагу прыцягнула невысочанькая жанчына сталага ўжо веку. Хударлявай постаццю прытулілася да дубовага камля і так далікатна-далікатна, быццам жывое (а яно так і ёсць), гладзіць далонню парэпаную ад часу, каструбаватую, але прыемную на дотык кару дуба. Нешта нячутнае шэпча, быццам малітву перад абразом… Падыходжу і спакваля, не парушаючы патаемнага, тулюся сам да ўладара ўсіх дрэў. Кажуць, дуб сілкуе жыццёвай энергіяй, аддае, а не забірае моц… “Яно так, — пагаджаецца жанчына, — у яго моцы столькі, што і для людзей не шкада… Але і да яго трэба з добрым сэрцам, а не са злым. Інакш усё дарэмна, інакш горш сабе…”

Вы, мусіць, з чацвёртага дома? — пытаюся.

— Не, — адказвае, — я цяпер далей жыву, у іншым раёне. Але гэты куточак — мой, радзімны. Прыязджаю сюды часта, з унукам Міхаськам. Бывае занядужаю, а ён за сваё: паехалі, бабуля, на дзедаву сялібу, да нашага дуба.

Выходзіць, тут вы жылі? І як жа вас завуць, добрая спадарыня?

Святлана Мікалаеўна Пазняк я, а ў дзявоцтве была Лапіцкая, —  кажа,  — а гэты плячык зямлі быў некалі нашым, Лапіцкім. Дзядуля мой купіў яго ў 1911 годзе, у мяне і купчая захавалася. З тае пары тут наша сяліба. Нарадзілася тут, гадавалася пад гэтым дубам, і замуж выходзіла. Сям’я ў нас вялікая была, дружная. А дуб гэты як усё роўна засцерагаў нас… І ўсю Мацвееўскую вуліцу, усіх месцічаў. Ён сам перажыў рэвалюцыю, войны-акупацыі і нас засцярог. Тата мой, Мікалай Пятровіч, мог колькі разоў трапіць у гестапа, загінуць, але дзякаваць Богу і нашаму абярогу — дубу-волату…

— Значыцца, тата быў падпольшчыкам?

— Так, прычым удзельнікам той першай хвалі падпольнага змагання, якая амаль цалкам загінула. Я скажу вам болей таго. Тут, ля гэтага дуба, быў і апошні тайнік падпольшчыкаў, дзе тата хаваў перададзеныя яму камандзірам групы Нікіфаравым дакументы. Нікіфарава гестапаўцы схапілі і закатавалі ў засценках, а дакументы ўжо пасля вайны тата перадаў органам. Яго яшчэ доўга цягалі ў тое КДБ, распытвалі… Вось я і трымаю ў руках кніжку аўтара Дамарада, дзе ўсё мінулае апісана, і пра майго бацьку таксама… Дуб наш — жывы сведка падзей, можна сказаць, частка гісторыі.

…Мінулай пятніцай у актавай зале райвыканкама адбывалася сустрэча розных чыноўнікаў з насельнікамі дома №4. Вырашалі, хто ж мае рацыю ў гэтай заблытанай справе з будаўніцтвам аб’екта амаль пад самымі вокнамі жылога дома, ці законнае яно і ці не парушаны тэхнічныя рэгламенты. Аказалася, што будучая аўтастаянка — гэта часовая парковачная пляцоўка на шэсцьдзясят з гакам машына-месцаў і што аб’ект гэты — усяго толькі частка вялікага праекта, які мае на мэце ўзвядзенне не толькі вышыннага офіснага будынка з падземнай аўтастаянкай, але галоўным чынам 1-га аўтатранспартнага кальца, якое пройдзе зноў жа побач з домам. І якраз ля гэтай парковачнай пляцоўкі намечана развязка — выезд з кальца на праспект Дзяржынскага… Карацей, як даводзіў намеснік галавы адміністрацыі Маскоўскага раёна Уладзімір Танкевіч, горад развіваецца і тут нічога не папішаш… Маўляў, шмат якім жыхарам горада прыходзіцца цярпець, бо па-іншаму нельга…

Жарсці  на тым сходзе кіпелі — не перадаць, эмоцыі білі праз край. Упершыню давялося бачыць і  чуць, як людзі прамым тэкстам абвінавачвалі мясцовую ўладу, якая не на іх баку, а на баку бізнес-заказчыкаў і іх падрадчыкаў. Але тыя прадставілі ўсе паперы, на якіх — ніякіх парушэнняў, усё, як кажуць, ціп-топ. Ну, на тое яны і чыноўнікі, каб паперы былі ў парадку… Па форме ўсё правільна як быццам, а па сутнасці? Па сутнасці жыхары дома №4 аказаліся ў каменным мяшку, бо з усіх бакоў — ніякай жывой прасторы. Ім і надалей прыйдзецца цярпець аўтамабільны смог, цеснату ў маленькім двары і засынаць пад лязгат чыгункі, якая зусім паблізу. Канечне, ініцыятыўная група бунтарскага дома не збіраецца здавацца, рыхтуе свае контраргументы і будзе судзіцца. Так і сказалі мне: шукаем добрага юрыста-адваката, які будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў судзе. А пакуль… Пакуль часовае зацішша перад бурай.

Пакідаючы Другі завулак Розы Люксембург і Мацвееўскі, не мог не кінуць погляд на сапраўдны цуд гэтага месца — на дуб-волат, які, дзякаваць Богу, пакінулі на нейкі час у спакоі. Кажуць, яго абнясуць тынам… Можа быць. Але гэта ніяк не супакойвае месцічаў. Ён быў абярогам і вартавым людзей, а не машын… А што цяпер?..

Памятаю, як у 2002 годзе падобная гісторыя пачалася паміж жыхарамі аднаго дома па вуліцы Веры Харужай і мясцовай адміністрацыяй. Тады нават работы па добраўпарадкаванні двароў былі прыпынены, чыноўнікі адступіліся ад першапачатковага плана. А чаму? Умяшаўся сам галава дзяржавы — Аляксандр Рыгоравіч… У мяне ёсць нават ксеракопія дакумента, на якім Лукашэнка ўказаў мэру Паўлаву: “За кожнае дрэва, бяздумна спілаванае, адкажаце галавой! Парадак тут адзін — захаваць прыроду!

А як у нашым выпадку? Хто адкажа галавой?

Георгій ЧЫГІР: Бунт у Мінску (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Бунт у Мінску (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Бунт у Мінску (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Бунт у Мінску (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Бунт у Мінску (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Бунт у Мінску (фотарэпартаж)

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: