Пасля падзей 26 кастрычніка, калі ў цэнтры Барысава невядомымі былі залітыя фарбай дзяржаўныя сцягі, супраць былога палітвязня Аляксандра Малчанава і яго сябра Андрэя Мікалаеўскага распачалі крымінальную справу за абразу дзяржаўных сімвалаў.

На кватэры Малчанава супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус, падчас якога забралі персанальны камп’ютар. На яго склалі адміністрацыйны пратакол, і суд Барысаўскага раёна арыштаваў актывіста на 10 сутак за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Тым часам на кватэры быў праведзены паўторны ператрус. Пасля гэтага і была ўзбуджана ўжо крымінальная справа  — за знявагу дзяржаўных сімвалаў

У Андрэя Мікалаеўскага ператрус таксама праводзілі двойчы. Яго абвінавачваюць па тым жа артыкуле, што і Малчанава.
Абодвум хлопцам, калі справа дойдзе да суда,  можа пагражаць зняволенне на тэрмін да года, альбо арышт да трох месяцаў. Іншы варыянт — да хлопцаў могуць ужыць і такую меру пакарання, як папраўчыя работы тэрмінам да двух гадоў ці грамадскія работы.

Свой арышт Малчанаў абскарджвае ў Мінскім абласным судзе. Разгляд скаргі прызначаны на 18 лістапада.
Аляксандр Малчанаў дагэтуль мае статус падазраванага ў крымінальнай справе.

Поделиться: