16.35

Суддзя Сяргей Бандарэнка абвясціў перапынак у разглядзе справы Алеся Бяляцкага да 10 лістапада

16.11

Электронныя лісты прызнаны доказам па справе. На думку суда гэта даказвае дзейнасць на карысць Бяляцкага. Іх раздрукоўкі дададзены да справы.

15.30

Аднавіўся судовы працэс над Алесем Бяляцкім.

Ідзе разгляд доказаў, сабраных па справе. Падобна на тое, што следству ўдалося нейкім чынам атрымаць доступ да электроннага ліставання праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча  з калегамі. Агучваюцца лісты, у якіх Лабковіч пытаецца “Што рабіць з літоўскімі рахункамі?”

12.37

У судзе абвешчаны перапынак да 15.00.

12.23

Пачалося агалошанне матэрыялаў апошняга, шостага, тома.  

12.12

Згодна з матэрыяламі справы, 816 чалавек напісалі асабістыя хадайніцтвы за Бяляцкага. Але, нагадаем, следства не змяніла меру стрымання праваабаронцу. За кратамі ён ад 4 жніўня.

12.04

У ходзе следства не ўстаноўлена,  ці ўвозіў у Беларусь і ці дэклараваў грошы асабіста Бяляцкі, хаця такое даручэнне следчыя атрымлівалі.

11.41

Згодна з матэрыяламі справы, ноутбукі Праваабарончага цэнтра «Вясна» правяраліся на наяўнасць файлаў, у якіх утрымліваюцца словы “грант” і “распіска”.

11.28

Пачалося агалошанне матэрыялаў другога з шасці тамоў крымінальнай справы Алеся Бяляцкага.

11.14

Закончана агалошанне матэрыялаў першага тома. Адвакат Лаеўскі заўважыў, што абвінавачанне не паведаміла, якія сродкі з’яўляюцца даходам Бяляцкага. Лаеўскі сказаў, што Бяляцкі здымаў грошы з рахунка, але гэта не значыць, што менавіта ён імі распараджаўся.

10.36

У матэрыялах справы ёсць дакумент аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна». Дакумент на беларускай мове.  Пракурор Зайкоўскі прызнаўся ў судзе, што не можа яго самастойна перакласці на рускую мову і звярнуўся за дапамогай да перакладчыка.

10.18

Фігуруюць сумы ад 1000 да 30 000 еўра, якія быццам бы здымаў Бяляцкі.

10.17

Дзяржабвінаваўца зачытвае даты, калі Бяляцкі здымаў грошы з рахунка,  і называе сумы.

10.15

Суддзя Бандарэнка паведаміў, што матэрыялы справы на замежных мовах перакладзены на рускую. Бяляцкі зможа з імі азнаёміцца падчас перапынку ў судовым пасяджэнні.

10.06

У судзе працягваецца вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы.

9.59

У будынку суда, дзе праходзіць працэс над Бяляцкім, узмоцнены меры бяспекі. Карэспандэнта “Народнай Волі” міліцыянеры прымусілі расшпіліць кашулю. Ахоўнікі цікавіліся, ці апранута на ім майка з надпісам “Свабоду Бяляцкаму”. Падобны дагляд праходзяць усе ахвочыя назіраць за працэсам.

Першы дзень судовага пасяджэння

Другі дзень судовага пасяджэння

Поделиться: