18:00

У судзе абвешчаны перапынак да 10.00 4 лістапада.

17.11

Пачалося даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы. Нягледзячы на тое, што абаронца Бяляцкага Дзмітрый Лаеўскі запатрабаваў, каб у судзе былі разгледжаны пратаколы мытных даглядаў Бяляцкага, суд распачаў азнаямленне з тымі матэрыяламі, якія маюцца ў справе.

17.01

Допыт сведкаў па справе Бяляцкага скончаны. Зараз судом прымаецца рашенне аб далейшым ходзе працэсу.

16.27

Сведку Алену Лапцёнак не хацелі пускаць у залу суда, бо яна апранула майку з надпісам “Свабоду Бяляцкаму”.

У паказаннях яна пацвердзіла, што разам з Алесем Бяляцкім займалася праваабарончай дзейнасцю.

16.25

Наступны сведка — Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага. Паказанні даваць яна адмовілася.

16.10

Наступны сведка – гродзенец Віктар Сазонаў. У сваіх паказаннях ён спасылаецца на 27-ы артыкул Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх. Кажа, што ніякіх узнагарод ад працы ў незарэгістраваным Праваабарончым цэнтры “Вясна” ён не атрымліваў. Сродкі атрымліваў толькі на праваабарончую дзейнасць.

15.38

У якасці сведкі выклікана Таццяна Равяка, прэзідэнт Дома правоў чалавека (Вільнюс).

Яна распавяла, што ведае Бяляцкага ўжо 20 гадоў, бо ў свой час была супрацоўніцай музея Максіма Багдановіча,  дырэктарам якога з’яўляўся Алесь Бяляцкі.

Таццяна Равяка таксама паведаміла, што атрымлівала грошы ад Алеся Бяляцкага на праваабарончую дзейнасць.

15.35

Палуда пацвердзіў, што атрымліваў ад Бяляцкага грошы “на праваабарончую” дзейнасць.  Але на пытанні калі і колькі ён атрымліваў, адказу не даў.

15.22

Выкліканы наступны сведка — праваабаронца Андрэй Палуда.

15.07

Барыс Звоскаў распавядае, што ведае Бяляцкага даўно, бо і сам раней займаўся правамі чалавека. Ён паведаміў, што калісьці таксама меў рахунак у Літве, але пасля закрыў.

Звоскаў абвяргае інфармацыю, што атрымліваў ад Бяляцкага грошы. Між тым пракурор гаворыць адваротнае. Па яго словах, у матэрыялах справы ёсць дакумент, які сведчыць, што грошы ад Бяляцкага ён усё ж-такі атрымліваў.

14.48

Судовае пасяджэнне аднавілася са спазненнем. Выкліканы новы сведка — праваабаронца Барыс Звоскаў.

13.00

У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзін.

12.52

Наступны сведка — Тамара Шамкуць, намесніца начальніка падатковай інспекцыі Першамайскага раёна. Яна кажа, што даходы, атрыманыя Бяляцкім, павінны абкладвацца падаткам.

12.20

У банкаўскіх дакументах значыцца, што атрымальнік сродкаў, якія пералічвалі міжнародныя арганізацыі, Алесь Бяляцкі.

12:15

Пашкоўскай прадаставілі выпіску з банкаўскага рахунка літоўскага банка. Яна тлумачыць суду прынцып пералічэння грошай.

12.04

У судзе пачалі апытваць наступнага сведку —  Наталлю Пашкоўскую, начальніка ўпраўлення разліковага цэнтра Нацбанка.

11.59

Собалева: Усе паступленні на рахунак Бяляцкага падатковая палічыла даходам Бяляцкага.

11.46

Адвакат Лаеўскі сцвярджае, што паказанні Собалевай на папярэднім следстве слова ў слова супадаюць з паказаннямі яе начальніцы, якая будзе дапытана пазней.

Собалева кажа, што не бачыла паказанняў сваёй начальніцы

11.37

Собалева: З усёй сумы перавышэнняў расходаў над даходамі за перыяд з 1994 па 2005 гады Бяляцкім сплочаны падатак — 281 тысяча.

11.18

Собалева: Любыя сродкі, паступаючыя з-за мяжы, з’яўляюцца даходамі. Грамадзяне павінны самастойна прадастаўляць усю інфармацыю пра даходы.

11. 13

Па словах сведкі, падатак з перавышэння Бяляцкі заплаціў 30 снежня 2008 года.

11.03

Яна сведчыць, што яшчэ ў 2008 годзе падатковая інспекцыя запатрабавала ад Бяляцкага дэкларацыю. Інспекцыю цікавіла, адкуль ва ўласнасці ў Бяляцкага 2 кватэры і дом. У інспекцыі высветлілі, што расходы Бяляцкага перавышаюць даходы.

11.00

Суд пачаў апытваць наступнага сведку —  Анжаліку Собалеву, галоўнага падатковага інспектара інспекцыі па падатках і зборах Першамайскага раёна Мінска.

10.47

Па паказаннях сведкі, Бяляцкі за тлумачэннямі наконт атрымання замежнай фінансавай дапамогі асабіста да яго не звяртаўся. Чаўко паведаміў, што яму нічога не вядома пра акалічнасці справы Бяляцкага.

Адвакат Лаеўскі засяродзіў на гэтым увагу суда.

10.42

Чаўко сведчыць, што арганізацыі, якія фінансава дапамагалі “Вясне”,  не з’яўляюцца партнёрамі дэпартамента.

10.33

Чаўко распавядае пра тое, што фізічныя асобы павінны рабіць перад дэпартаментам справаздачу за атрыманыя ў якасці дабрачыннай дапамогі сродкі.

10.18

Пачынаецца допыт сведкі Леаніда Чаўко, намесніка кіраўніка дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці ўпраўлення справамі прэзідэнта. У кампетэнцыі гэтага дэпартамента — кантроль за атрыманнем замежнай фінансавай дапамогі.

9.52

Сёння ў судзе над Алесем Бяляцкім чакаецца допыт сведкаў.

Дарэчы, як толькі што стала вядома,  разгляд іска ў дачыненні да праваабаронцы Валянціна Стэфановіча прызначаны на 15 лістапада. Справа будзе разглядацца ў судзе Партызанскага раёна Мінска. Падатковая інспекцыя Партызанскага раёна паспрабуе праз суд спагнаць з праваабаронцы падатак з сумы ў 41 мільён рублёў.

Поделиться: