Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька звярнуўся да тых грамадзянаў Беларусі, якія пакінулі межы краіны пасля падзеяў 19 снежня, з заклікам вяртацца на Радзіму. Палітык кажа, што зрабіць зварот да суайчыннікаў яго падштурхнуў учынак Юрася Карэтнікава. Нагадаем: моладзевага лідэра затрымалі пасля шэсця на Дзяды і абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Суд арыштаваў Карэтнікава на 10 сутак.

“Я выказаў сваю асабістую грамадзянскую пазіцыю, — патлумачыў Анатоль Лябедзька. — Заява тычыцца тых, хто не меў жадання пакідаць краіну, але вымушаны быў зрабіць гэта з-за рызыкі і ў мэтах сваёй бяспекі. Некаторыя пішуць, што сядзяць на чамаданах. Вось я і прапанаваў ехаць дадому. Юрась Карэтнікаў вярнуўся і за гэта заплаціў 10 суткамі арышту. Калі чалавек маральна гатовы вяртацца, то ён мусіць ведаць колькі гэта яму будзе каштаваць. Ва ўсялякім разе значна большую карысць людзі прынясуць тут на Радзіме, а не ў замежы. Пры гэтым я не маю на ўвазе студэнтаў, якія паехалі атрымліваць еўрапейскую адукацыю”, Што на гэты конт мяркуюць нашы суайчыннікі ў эміграцыі?

Эксперт грамадзянскай кампаніі “Гавары празду!”Юлія Слуцкая цяпер знаходзіцца ў Польшчы і не лічыць сябе палітуцекачом. Яна кіруе інфармацыйным бюро Салідарнасці з Беларуссю. “Я заснавала фундацыю і стварыла працоўныя месцы. Працы даволі шмат. Тут я раблю тое, што цяжка было б рабіць на тэрыторыі Беларусі. У Польшчы гэта рабіць значна эфектыўней. Для мяне пытанне вяртання – гэта не пытанне баязні, а пытанне эфектыўнасці”.

Палітык Вячаслаў Сіўчык жыве ў Кіеве. Там ён заснаваў Беларускі Цэнтр і лічыць выказванні Анатоля Лябедзькі наконт вяртання на Радзіму прадстаўнікоў дэмакратычнага руху недарэчнымі. На ягоную думку, прыклад Юрася Карэтнікава з’яўляецца яскравым доказам таго, што рабіць гэтага не варта. Вячаслаў Сіўчык: “Юрась Карэтнікаў запатрабаваў свабоды для Беларусі і свабоды для палітвязняў. Цяпер яму самому патрэбныя падтрымка і салідарнасць, а не глыбакадумныя развагі аб тым, мяккія ці жорсткія рэпрэсіі супраць тых палітуцекачоў, якія вярнуліся, будзе праводзіць рэжым, і якія каму тэрміны вызначыць дыктатар”.

Журналістка Наталля Радзіна рэдагуе сайт “Хартыі’97” у Літве. Цяпер яна знаходзіцца на канферэнцыі ў Мілане. Наталля кажа, што ёй цяжка знаходзіцца ў эміграцыі, але паўнавартасна працаваць у Беларусі яна не зможа. “Зноў нейкі артыкул не спадабаецца ўладам і зноў пачнуць выклікаць, рабіць ператрусы, канфіскоўваць камп’ютары. Няма ніякай гарантыі, што я зноў не траплю ў турэмную камеру. Журналістам працаваць у Беларусі небясьпечна. Для сябе асабіста я вырашыла, што пакуль Лукашэнка будзе кіраваць краінай, я туды не вярнуся”.

ГОЛАС НАРОДА

А што думаюць на гэты конт не палітыкі, а простыя грамадзяне? Святлана Здановіч, прадаўшчыца адной са сталічных крамаў:

— У маіх суседзяў спачатку сын з’ехаў, а потым і пляменнік. Яны не ўдзельнічалі ні ў якіх акцыях, але сказалі бацькам, што хочуць жыць па-чалавечы. А што наконт палітыкаў, калі яны лічаць сябе яшчэ й апазіцыяй, то мне падаецца, што трэба быць на радзіме, разам з народам. Шчыра кажучы, я не вельмі добра разбіраюся ў такіх пытаннях. Шмат жа людзей пасадзілі ды яшчэ ганьбілі іх па тэлевізару. Дык нават не ведаю. Пабыць на іх месцы не кожны адважыцца.

Сяргей Фурсаў, юрыст па адукацыі, прадпрымальнік:

— Натуральна, там жыць камфортней. Развітыя краіны даюць магчымасць сваім грамадзянам жыць у нармальных эканамічных умовах і псіхалагічных. Але там іх народ, іх улады, іх законы так працавалі, што цяпер у іх гэта ўсё ёсць. А тут хто будзе ўсё гэта рабіць? Не немцы ж, ці амерыканцы, ці французы? Я так разумею, што апазіцыя нашай уладзе для таго і існуе, каб пераламаць сітуацыю і пачаць потым разам з народам рабіць неабходныя рэформы, каб мы жылі не горш за іншых. Не ўсе ж і паехалі ў замежжа. Асноўны “касцяк” тут застаўся. А тыя, якія цяпер туды паехалі, могуць самі рабіць выбар. Можна ўвайсці ў гісторыю, а можна жыць там і карыстацца благамі іх цывілізацыі, але ў гэтым іх заслугі ніякай не будзе.   

Кастусь Шапялевіч, нядаўні студэнт, беспрацоўны:

— Вяртацца з-за мяжы? Я б не вярнуўся, калі б мне дазволілі там жыць. Усе, здаецца, хочуць жыць у нармальнай краіне. Я гэта не пра апазіцыянераў кажу, а пра простых людзей. Апазіцыянеры на то і апазіцыянеры, што павінны змагацца тут. Я ў некаторых акцыях пару разоў сам удзельнічаў. Мне пашчасціла і я не “папаўся”. А за мяжой жыць, канешне, лепей. Прыкольна было б, калі б увесь наш народ раптам стаў у чэргі ва ўсе еўрапейскія амбасады, каб з’ехаць на ПМЖ.


Поделиться: