Зварот прыняты дзеля таго, каб пазбегнуць магчымай палітызацыі Нацыянальнай платформы. У адмысловай заяве грамадскія лідары выказалі сваю падтрымку ідэі Нацыянальнай платформы як пляцоўкі для камунікацыі і дыялогу паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, зацікаўленых у еўрапейскім вектары развіцця Беларусі.

Сярод падпісантаў заявы кіраўнікі такіх вядомых у Беларусі арганізацый, як Асамблея НДА, Беларуская асацыяцыя журналістаў, BISS, Беларускі хельсінкскі камітэт, ПЦ “Вясна” і інш.

Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА, адзначыў станоўчыя вынікі апошняй канфэрэнцыі Нацыянальнай платформы, якая прыняла “Мэмарандум аб супрацоўніцтве” і вызначыла Нацыянальную платформу як пляцоўку для камунікацыі паміж зацікаўленымі НДА па еўрапейска-беларускіх дачыненнях. Адначасова Сяргей Мацкевіч выказаў занепакоенасць адносна магчымага адыходу Нацыянальнай платформы ад першасных мэтаў і страты апоры на шырокія грамадзкія колы. “Трэба паважаць выбар кожнай арганізацыі, але наша агульная дзейнасць у межах Нацыянальнай платформы мусіць адбывацца па тых напрамках, дзе нам удалося дасягнуць кансэнсусу”, — лічыць ён.

Пераўтварэння Нацыяльнай платформы ў яшчэ адзін палітычны суб’ект у краіне падпісанты заявы бачаць як адну з магчымых небяспек. “Палітызацыя Нацыянальнай платформы шкодная, паколькі падмяняе мэты яе, як утварэння, якое мусіць на нацыянальным узроўні спрыяць рэалізацыі задач тэматычных платформ Усходняга партнёрства. Грамадзянская супольнасць не можа быць палітычным суб’ектам і не можа змагацца за ўладу. Гэта задача палітычных партый. Палітызацыя Нацплатформы акрамя ўсяго іншага ў нашых умовах яшчэ і стварае пагрозу для яе арганізацый-сябраў”, пракаментаваў такую пагрозу Дзяніс Мельянцоў з Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).

Як заявіла Вольга Стужынская, дырэктар Офісу за дэмакратычную Беларусь, “праз Нацыянальную платформу ФГС УП беларускія НДА павіны спрыяць прасоўванню агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў і рэінтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую сям’ю дэмакратычных краін. Дзейнасць Нацплатформы павінна садзейнічаць рэформам і трансфармацыі краіны, набліжэнні яе да еўрапейскіх стандартаў дабрабыту для сваіх грамадзян.”

Таксама, у супольнай заяве гаворыцца, што дзейнасць Нацыянальнай платформы павінна засяродзіцца менавіта на працы чатырох тэматычных рабочых груп, як гэта арганізавана ў межах Форуму грамадзянскай супольнасці і нацыянальных платформаў ФГС іншых краінах Усходняга партнёрства. Указваецца, што праз дзейнасць дадзеных груп арганізацыі грамадзянскай супольнасці змогуць павышаць свой экспертны патэнцыял і прапаноўваць канкрэтныя шляхі і механізмы па набліжэнні Беларусі да еўрапейскіх стандартаў і норм.

Апроч таго, у заяве гучыць заклік да ўкладання складу будучага Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы з улікам разнастайнасці інтарэсаў арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх тэрытарыяльнага прадстаўніцтва.

Заява завяршаецца словамі перакананасці ў тым, “што прагрэс і поспех у дзеяннях Нацыянальнай платформы ФГС УП будзе грунтавацца на падставе канкрэтных супольных дзеянняў, па якіх дасягнуты кансэнсус паміж яе арганізацыямі-удзельнікамі”

Поделиться: