Вярхоўны суд Беларусі працягвае разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў арганізацыі выбуху ў мінскім метро 11 красавіка бягучага года і выбуху ў Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе.

Падчас слуханняў высвятляюцца ўсё новыя акалічнасці справы, якія дадаюць яшчэ больш пытанняў да гэтага гучнага працэсу. Так, расійскія эксперты, якія вывучалі выбуховыя прыстасаванні, прыйшлі да высновы, што бомба, якая выбухнула ў Мінску ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года выраблена… не ў Віцебску. Хаця, нагадаем, галоўны абвінавачаны ў здзяйсненні гэтага злачынства віцябчанін Дзмітрый Канавалаў узяў віну на сябе. І следчыя лічаць, што так яно і было.

Нагадаем, што на судзе Канавалаў упарта маўчыць, але без публікі, падчас следства, ён быў больш гаваркі. І паведаміў, што 3 ліпеня 2008 года цягніком прыехаў у Мінск з Віцебска. Праз агенцтва зняў у сталіцы кватэру на вуліцы Заслаўскай. А вечарам, прыкладна ў 22.30, на газоне перад гатэлем “Планета”, прывёў у баявую гатоўнасць выбуховае прыстасаванне. Аднак, згодна з абвінавачаннем, “па незалежных ад Канавалава Д.Г. абставінах выбух данага выбуховага прыстасавання не адбыўся”.

“Хацеў узарваць спачатку адзін пакет, — гаварыў на следстве Канавалаў. — Калі ўсталёўваў першы пакет, я паглядзеў, каб побач не было дзяцей, не хацеў, каб яны пацярпелі. Таймер быў пастаўлены на 11 гадзін вечара. Я чакаў выбуху хвілін 20. У гэты час павінен быў выступаць прэзідэнт. Гэты час я і выбраў. Я засмуціўся, што не было выбуху. Усё прайшло не па маім сцэнарыі”.

Пасля гэтага, па версіі следства, “засмучаны” Канавалаў вярнуўся на кватэру, якую здымаў, узяў другое выбуховае прыстасаванне, яно і спрацавала. Ад гэтага выбуху пацярпелі 59 чалавек. Прычым, па прызнанні Канавалава, “ён быў задаволены тым, што ніхто не загінуў”.

Пакуль пакінем за дужкамі, як Канавалаву ўдалося непрыкметна для супрацоўнікаў спецслужб, якіх на мерапрыемствах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі процьма, двойчы пранесці і ўсталяваць выбухоўку ў самым цэнтры Мінска. Засяродзімся на іншым. Выбухоўку, якая ў той дзень апынулася літаральна побач з беларускім прэзідэнтам, уважліва вывучалі расійскія эксперты. Па іх заключэнні, выбуховае прыставанне, прыведзенае ў дзеянне ў ліпені 2008 года ў Мінску, было выраблена… не ў Віцебску. З загадкавай фармуліроўкі ў заключэнні расійскіх экспертаў вынікае, што кампаненты бомбы маглі быць выраблены ў пэўным рэгіёне Усходняй Еўропы. Справа ў тым, што на прадастаўленых для даследавання кампанентах эксперты знайшлі пыльцавыя зерні раслін, сярод якіх такія віды дрэў, як елка, ліпа, лістоўніца, вярба, граб, ляшчына, таполя. Таксама знойдзена пыльца некаторых іншых раслін, у прыватнасці палыні. Той жа граб, як вядома, расце далёка не па ўсёй Беларусі. На падставе гэтага эксперты прыйшлі да высновы, што кампаненты бомбы былі выраблены (альбо знаходзіліся) у заходняй частцы Беларусі, ці ўвогуле ў паўднёва-заходняй частцы Украіны, у паўночна-ўсходняй частцы Польшчы, у заходніх частках Літвы, Латвіі і Эстоніі, у Калінінградскай ці Бранскай абласцях Расіі. Да таго ж, па меркаванні экспертаў, элементы бомбы хутчэй за ўсё знаходзіліся ці былі выраблены ў гарадскіх умовах паблізу батанічнага сада ці нейкага парка.

Ніякага такога “зялёнага росквіту” каля дома, дзе, згодна са следствам, знаходзіўся склеп-лабараторыя Канавалава, няма. Да таго ж Віцебск — гэта поўнач Беларусі, а гэты рэгіён у заключэнні экспертаў не фігуруе.

Святло на гэтыя супярэчнасці мог бы праліць сам Дзмітрый Канавалаў, але ён за ўвесь працэс па-ранейшаму не прамовіў ні слова. Ад дачы паказанняў у судзе адмовіліся і ягоныя сваякі — бацькі і брат. Яны былі запрошаны ў суд у якасці сведак, але нічога гаварыць не сталі і нават не засталіся ў зале пасяджэнняў, каб сачыць за ходам працэсу.

Судовыя разбіральніцтвы тым часам ужо блізяцца да фінішу. Як чакаецца, прыгавор можа быць агучаны ўжо ў лістападзе.

КАЛІ ВЯРСТАЎСЯ НУМАР

Эксперт Руслан Юрчанка настойвае, што выбуховая прылада, якая была знойдзена ў 2008 годзе ля стэлы “Мінск — горад-герой”, была выраблена групай прафесіяналаў выбуховай справы. Гэтае заключэнне, зробленае па гарачых слядах у 2008 годзе, эксперт учора пацвердзіў у судзе.

Па заключэнні Руслана Юрчанкі, выбуховая прылада, прадстаўленая яму для ацэнкі, была выраблена “групай асоб, якія валодаюць ведамі ў хіміі, псіхалогіі, выбуховай справе”. “Асоба, якая вырабіла выбуховае прыстасаванне, павінна валодаць ведамі ў вобласці боепрыпасаў, паколькі траціл у ім быў літы, без прымешак гексагену”, — патлумачыў эксперт. Руслан Юрчанка лічыць, што перакіс ацэтону магчыма вырабіць у падпольных умовах, але вытворцу патрэбны былі пэўныя веды ў хіміі, асабліва для ачысткі рэчыва.

Нагадаем, што ніякай спецыяльнай адукацыі ні ў галіне хіміі, ні ў галіне выбуховай справы абвінавачаныя ў тэрактах не маюць.

ТЫМ ЧАСАМ

Не чакаючы прыгавору суда, Аляксандр Лукашэнка ўжо раздаў узнагароды тым, хто меў дачыненне да расследавання мінскага тэракта. Літаральна ўчора ён выказваў ім асобую падзяку і ўручаў медалі.

Нагадаем, што кіраўнік следчай групы, былы намеснік генпракурора Андрэй Швед яшчэ летам атрымаў генеральскія пагоны саветніка юстыцыі 3-га класа, а на мінулым тыдні быў прызначаны намеснікам кіраўніка нядаўна створанага Дзяржаўнага следчага камітэта, які будзе падпарадкоўвацца асабіста прэзідэнту.

Тым часам у адвакатаў і ў грамадскасці да следства ўзнікае ўсё больш пытанняў.


Поделиться: