Прадметам размовы сталі змены ў заканадаўства пра масавыя акцыі, у заканадаўства аб замежнай дапамозе, адказнасць за яго парушэнне, а таксама змены, што былі прапанаваныя ў заканадаўства аб органах дзяржаўнай бяспекі.

Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Камітэту “Салідарнасць”, Цэнтру прававой трансфармацыі, Цэнтру па правах чалавека азнаёмілі лідараў дэмакратычнай апазыцыі з узгодненай ацэнкай праваабаронцамі тых пагрозаў, якія нясуць новыя законы. Асаблівая ўвага была звернута на тое, што гэтыя рэпрэсіўныя змены закрануць не толькі грамадзянскую супольнасць, але і стануць падставай для сістэмнага і значнага абмежавання правоў усіх грамадзян Беларусі як у грамадска-палітычнай, так і ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

З боку палітычных арганізацый у кансультацыях прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі “Справядлівы Свет”, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Руху “За свабоду”. Гэтыя палітычныя суб’екты ўжо далучыліся да заяў, якія былі накіраваны няўрадавымі арганізацыямі ў Канстытуцыйны суд з патрабаваннем скарыстаць механізмы папярэдняга канстытуцыйнага кантролю дзеля недапушчэння легалізацыі ў заканадаўстве тых практык, што звязаныя з парушэннямі канстытуцыйных правоў грамадзян.

Праваабаронцы і палітыкі ўзгаднілі  пазіцыі і трактоўкі рэпрэсіўных  зменаў і абмеркавалі магчымую супольную рэакцыю і грамадскія дзеянні ў накірунку прадухілення негатыўных наступстваў гэтых зменаў. Адбылася дыскусія адносна таго, якія мэты могуць быць пастаўлены ў далейшай дзейнасці і што яшчэ можа быць зроблена грамадзянскай супольнасцю ў справе прыцягнення ўвагі да гэтай праблемы.

Поделиться: