Галасы ўсе былі загадзя размеркаваны. Трэба змяніць законапраект. Вось паглядзіце наш варыянт”, — Дзмітрый Усс паказвае падрыхтаваны “Праект змянення Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

— Хто з палітыкаў падтрымаў вашу ініцыятыву?

— Я размаўляў з Уладзімірам Някляевым. Ён зацікавіўся і сказаў, што ўсё прачытае, магчыма, далучацца людзі з яго ініцыятыўнай групы. Паабяцаў падтрымку. Размаўляў таксама з Аляксандрам Казуліным. Ён вітае ініцыятыву. Кандыдаты, з якімі я хацеў бы ўсё абмеркаваць, сядзяць у турме. Да Рымашэўскага я не звяртаўся, бо мы з ім і не кантактуем. Вось буду сустракацца з Ірынай Халіп, яна ж будзе бачыцца з Андрэем Саннікавым. Даведаюся, як ён пачуваецца. Мяне турбуе таксама мой паплечнік Мікола Статкевіч.

— Памятаеце галадоўку дэпутатаў на кватэры Валерыя Фралова? Яны пайшлі на крайнія меры, патрабуючы ўнясення змен у Выбарчы кодэкс. І што? Вынік вядомы.

— Наша мэта —  прыцягнуць увагу грамадства. Такую мэту ставілі перад сабой тады і дэпутаты. Трэба змяніць грамадскую думку. Канешне, міжнародная супольнасць і шмат-шмат нашых суайчыннікаў разумеюць, што ў нашай краіне няма выбараў, але ў нас ёсць і шмат людзей, якія вераць, што выбары сапраўдныя. Мы павінны дасканала распрацаваць юрыдычныя моманты, усё прадугледзець. Ёсць закон аб парадку рэалізацыі правоў грамадзян, ёсць Канстытуцыя, якія дазваляюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь уносіць змены ў заканадаўства. Я абапіраюся толькі на заканадаўчыя нормы. 50 тысяч подпісаў грамадзян даюць падставы выступаць з такой ініцыятывай. Трэба паказаць уладзе сапраўдную волю народа. Кіраўнік жа краіны увесь час крычыць, што ў нас дэмакратыя. Дык вось трэба паказаць, якая гэта насамрэч дэмакратыя. Ёсць людзі, якія наогул не думаюць ніколі пра палітыку, а толькі пра кавалак хлеба. Цяпер, калі ідзе цяжкі крызіс, яны, магчыма, задумаюцца. Калі яшчэ 2–3 мільёны чалавек зразумеюць, што выбараў ніякіх няма, дык, можа, тады народ не пойдзе ўдзельнічаць у нейкім шоу, калі з іх меркаваннем ніхто не лічыцца, калі іх галасы ніхто не лічыць і лічыць не збіраецца. А на сітуацыю будуць уплываць тры фактары. Першы — выбары ў Расіі, бо ўсе чулі выказванне Мядзведзева аб тым, што прэзідэнцкі тэрмін не мусіць быць даўжэйшы за два тэрміны. Другі фактар —  пазіцыя Еўропы, і трэці — эканоміка Беларусі. Гэтыя тры фактары прымусяць беларускі народ задумацца і зрабіць свой выбар.

— Калі пачнецца збор подпісаў?

— Бліжэйшым часам. Ствараем ініцыятыўную групу дзеля гэтага. Сабраць 100.000 подпісаў будзе няцяжка. Можа, і мільён удасца сабраць за нядоўгі тэрмін. Да нас пачалі звяртацца людзі. У нас пакуль толькі адзін нумар ёсць 8-029-170-71-75, тэлефануюць даволі часта. Спадзяёмся, што пра ініцыятыву хутка даведаецца большая колькасць людзей і праца пойдзе жывей.


Поделиться: