На вачах лялька, з якой лісліва-стрымана пацяшаўся свет, ператварылася ў звычайнага чалавека з лямантам ад невыноснага болю і чырвонай крывёю, са знявечаным кулямі і здзекамі целам.

Чалавека — шкада…

Цяпер свет робіць высновы з таго, што адбылося ў Лівіі. Уласна кажучы, галоўная выснова адна: рана ці позна дыктатары, у якія б лялькі яны ні гулялі, выкідаюцца на памыйныя ямы гісторыі, ці то гэта лядоўня ў мясным складзе, ці то велічны маўзалей.

Так то яно так, але ў сутнасці сваёй выснова бачыцца памылковай. Бо не знікаюць чэргі ў лялечныя тэатры — незалежна ад таго, якое чакае там відовішча: скокі на касцях ці крывадушная містэрыя жальбы…

З таго, што бачылася з Лівіі амаль што ў прамым эфіры, самае выразнае — нават не кроў забітай лялькі, а бясконцыя да яе чэргі — жахлівы доказ таго, якую «джамахірыю» робіць дыктатура з людзей.

З людзей, якія яшчэ нядаўна раўлі ад захаплення лялькай, пакуль не трапіў у іх рукі яе залаты пісталет…

Можна, безумоўна, спасылацца на арабскі тэмперамент і менталітэт, на жаданне рэвалюцыянераў прыстасавацца да перамогі і ўпэўніцца, што крывавай лялькі больш няма.

Але, на жаль, яна ёсць.

У кожным, хто спяшаецца заняць месца ў падобнай чарзе, хаваецца і выспявае эмбрыён будучай лялькі.

Ці не таму доўжыцца і наша кволая дамарослая «джамахірыя», што амаль уся былая краіна прайшла ў свой час праз чаргу да лялькі, якая і сёння захоўваецца ад небыцця?

Я добра памятаю гэту чаргу, якая бясконцым ланцугом цягнулася праз савецкую прастору і час.

Упершыню я трапіў у тую чаргу (нават да дзвюх лялек) у 1955 годзе, заміраючы ад прычашчэння да хвалюючай таямніцы. Уздоўж чаргі стаялі міліцыянты і праходжваліся нейкія людзі ў чорных паліто, час ад часу, па толькі ім вядомых прычынах, выцягваючы з чаргі таго ці іншага «экскурсанта»…

Дзіўна, але ніякага прычашчэння не адбылося. Толькі холад і страх.

Страх ад холаду. Холад ад страху.

…Ніхто не ведае, чым скончыцца так званая «арабская вясна» — новай крывёю, з’яўленнем новых лялек ці канчатковым знікненнем чаргі. І ўвогуле — што нам да арабаў з іх чэргамі?

У адказ на падобнае пытанне прыгадваю даўні, амаль анекдатычны эпізод, які аднойчы распавёў бацька. Было тое ў бальніцы. Суседа па палаце, зусім старога, за 90 гадоў, габрэя прывезлі пасля аперацыі, паклалі на ложак. Ляжыць, не варушыцца, бацька хвалюецца, ходзіць вакол, прыслухоўваецца — ці дыхае? Нарэшце схіляецца да яго, той, не расплюшчваючы вочы, раптам ледзь вымаўляе:

— Ві не знаеце, і дзе цяпер Дзювалье?

Было такое, увесь свет не ведаў, куды знік крывавы гаіцянскі дыктатар…

Сёння свет непараўнальна цесны, час непараўнальна хуткі…

Толькі памяць застаецца кароткай.

Памяць пра страх, на якім трымаецца ўсялякая дыктатура лялек.

Памяць аб рэках чалавечай крыві, якой сілкуецца ці прагне сілкавацца ўсялякая дыктатура лялек.

Вось толькі і ў лялек вельмі кароткая памяць — аб тым, што і ў іх жылах таксама цячэ жывая балючая кроў…

Поделиться ссылкой: