У склад групы ўваходзяць як сталыя назіральнікі, гэтак і тыя, хто ўпершыню возьме ўдзел у выбарах у гэтай якасці. Місія праходзіць у межах праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка».

27 кастрычніка  ў Ірландыі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. На пасаду ірландскага галоўнакамандуючага прэтэндуе 7 чалавек. Іх лёс стане вядомы ўжо ў першым туры, аднак не адразу ў ноч пасля галасавання: выбарчае заканадаўства Ірландыі прадугледжвае складаную працэдуру падліку галасоў. За ёй, а таксама за ходам самога галасавання і будуць сачыць беларускія, а таксама літоўскія назіральнікі.

Таксама ў межах  візіту назіральнікі сустрэнуцца з  ірландскімі экспертамі і наведаюць  галоўны офіс выбарчай камісіі Ірландыі. У выніку місіі будзе падрыхтаваная папярэдняя, а таксама выніковая справаздача, якая мае адлюстраваць адпаведнасць выбарчых працэдур нацыянальнаму ірландскаму, а таксама міжнароднаму заканадаўству.

У межах падрыхтоўкі  да місіі па назіранні болей за 40 чалавек праслухалі навучальны курс ад лепшых адмыслоўцаў у гэтай галіне: беларускага палітолага Алеся Лагвінца, кіраўніка Беларускага хельсінскага камітэту Алега Гулака, літоўскага трэнеру назіральнікаў за выбарамі, палітолага Ліны Магініце.

Паездка ў Ірландыю праходзіць у межах праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», які дае маладым беларусам унікальную магчымасць знутры зірнуць на палітычныя працэсы, азнаёміцца з досведам незалежных назіральнікаў з Беларусі і набыць практычныя навыкі праз удзел у назіранні за выбарамі ў суседніх краінах. Болей за ста ўдзельнікаў папярэдніх місій праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» бралі таксама ўдзел і ў назіранні за беларускімі выбарамі ў розныя гады.

Поделиться ссылкой: