Прадметам зварота стала занепакоенасць грамадскасці тымі зменамі, якія былі ўнесеныя ў Крымінальны кодэкс і закон “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, а таксама ў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” (славуты закон “аб бяздзеянні”). 

Заяўнікі заклікаюць Канстытуцыйны Суд на этапе папярэдняга канстутцыйнага кантролю,  які ажыццяўляецца гэтым органам пасля прыняцця законаў Палатай прадстаўнікоў і іх зацвярджэння Саветам Рэспублікі перад падачай іх на падпісанне прэзідэнту, скарыстацца сваімі паўнамоцтвамі і не дапусціць значнага парушэння канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў у сувязі з новымі заканадаўчымі актамі.

У прыватнасці ў калектыўным звароце прыводзяцца канкрэтныя выпадкі супярэчання нормаў новых законаў нормам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, а таксама нормам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у частцы свабоды сходаў і свабоды асацыяцыяў. На падставе падрабязнага аналізу права ў калектыўным звароце робіцца выснова аб неабходнасці прызнаць не адпавядаючыміКанстытуцыі Закон “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і Закон “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”.

Аўтары звароту выказваюць надзею, што, ацаніўшы канстытуцыйнасць дадзеных законаў, суд накіруе вектар развіцця канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь на папярэджанне парушэнняў канстытуцыйнасці ў нарматворчасці, выключэнне магчымых негатыўных сацыяльных вынікаў дзеяння норм законаў, якія супярэчаць Канстытуцыі, недапушчэнне скажэння канстытуцыйна-прававога сэнсу ў праваўжывальнай практыцы.

Сярод арганізацыяў, якія далучыліся да звароту ў Канстытуцыйны суд – Рэспубліканскае правабарончае грамадскае аб’яднанне  “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Рух “За свабоду”, Магілёўскі праваабарончы цэнтр, Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Мір для ўсіх”, Грамадскае аб’яднанне “Экадом”, а таксама іншыя няўрадавыя арганізацыі.

Поделиться: