Пасланне Аляксандра Лукашэнкі аб перспектывах развіцця сістэмы агульных судоў, аформленае Указам №454 “Аб мерах па ўдасканаленні дзейнасці агульных судоў Рэспублікі Беларусь” ад 10 кастрычніка выклікала шэраг пытанняў. Самае галоўнае: ці сапраўды беларускія ўлады вырашылі правесці судовую рэформу, а не чарговы раз дэкларатыўна прадэманстраваць сваю гатоўнасць да дэмакратычных змен?

На паперы ўсё выглядае па-еўрапейску. Кіраўнік Беларусі прапануе стварыць спецыялізаваныя суды, каб павысіць якасць і аператыўнасць правасуддзя. Планануецца таксама перадаць частку спраў не ў суды, а ў нейкую альтэрнатыўную структуру, якая будзе займацца адміністрацыйнымі працэсамі. Пры гэтым можа быць створаны інстытут папярэдняга судовага пасяджэння па крымінальных справах, пагаджальнага працэсу. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным больш шырока выкарыстоўваць магчымасці для спынення працэсу па крымінальных справах на стадыі папярэдняга расследавання з вызваленнем віноўных ад адказнасці, калі тыя сваімі дзеяннямі даказалі, што яны раскаяліся, альбо калі тыя прымірыліся з пацярпелымі. Больш таго, прапануецца разгледзець магчымасць ужывання больш мяккага пакарання, каб не пазбаўляць чалавека волі… Нават пастаўлена пытанне аб магчымасці ўвядзення інстытута прысяжных засядацеляў.

Ці сапраўды беларуская ўлада гатова пайсці на стварэнне незалежнай судовай сістэмы, ці сапраўды гэтыя меры прывядуць да таго, каб суд у краіне стаў справядлівым, аб’ектыўным і сыходзіў з таго, што лепш не асудзіць некалькіх вінаватых, чым пасадзіць аднаго невінаватага?

Заслужаны юрыст, былы намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў лічыць, што пасланне Аляксандра Лукашэнкі і намер рэфармаваць судовую сістэму — прагрэсіўная з’ява.

— На пачатку 90-х была канцэпцыя рэформы судоў, і ўжо тады планавалася стварыць інстытут прысяжных засядацеляў. Не дарэмна ў той час гэта закладвалася ў канцэпцыю судова-прававой рэформы. Наколькі я памятаю, тады гэтаму супраціўляўся Вярхоўны суд. Цяпер, аказваецца, ён ужо згодны. Калі казаць пра праблемы залежнасці ці незалежнасці суддзяў, то ўсё ж інстытут прысяжных засядацеляў азначае большую незалежнасць ад улады. Бо тут ёсць такое пытанне: сярод засядацеляў могуць сустракацца розныя людзі. У тым ліку юрысты. Але гэта не кваліфікаваныя праваахоўнікі ці штатныя суддзі. Большасць засядацеляў, калі іх правільна падбіраць, то гэта людзі з досведам, якія будуць сыходзіць са сваіх жыццёвых ацэнак. Канешне, іх рашэнні могуць быць у большай ступені аб’ектыўнымі, бо на аднаго чалавека націснуць лёгка, а на 12 значна цяжэй.

Хаця тут яшчэ ўсё залежыць ад таго, як усё будзе пабудавана. Калі на засядацеляў будуць уплываць абодва бакі, калі і адвакат, і пракурор будуць мець роўныя правы, а іх довады — роўную вагу, то гэта будзе прагрэсіўная з’ява. Але хачу звярнуць увагу на тое, што гаворка пакуль ідзе не пра ўвядзенне інстытута, а толькі пра распрацоўку пытання. Гэта можа доўга цягнуцца. У 1995 годзе павінен быў уводзіцца інстытут прысяжных, але мы толькі цяпер, праз 20 гадоў, падбіраемся да гэтага.

— А ці не здарыцца так, што ў прысяжныя засядацелі патрапяць прызначаныя “правераныя”людзі?

— Пытанне, канешне, у тым, якім чынам будзе арганізаваны адбор прысяжных. Я быў у ЗША і бачыў, як адбываецца гэта працэдура. Там у гэтым удзельнічае грамадскасць. А ў нас могуць скласці спіс “правільных людзей”: маўляў, у межах гэтага спісу і боўтайцеся. Тое, што ў спіс патрапяць людзі “ідэалагічна вытрыманыя”, сумнення не выклікае.

Таму паўтаруся: шмат што залежыць ад таго, якім чынам усё будзе арганізавана, які будзе ўдзел грамадскасці і які будзе кантроль грамадскасці за адборам прысяжных.

— Калі спісы будуць падкантрольныя ўладзе, то тады ўсё застанецца па-ранейшаму?

— Усё залежыць ад прававой свядомасці людзей. Адным з аргументаў праціўнікаў суда прысяжных было тое, што простымі, непадрыхтаванымі людзьмі, ад якіх залежыць прыгавор, можна лёгка маніпуляваць. Тут ёсць пытанні. Канешне, на прысяжных могуць ціснуць адвакаты ці яшчэ нехта. Але на 12 чалавек ціснуць усё-ткі менш прадуктыўна, чым на аднаго. Пры вызначаных складніках тут можа быць станоўчы момант.

Пасланне прапануе такі еўрапейскі варыянт цэнтралізацыі судоў. Наколькі саспела такая неабходнасць у нашай краіне?

— Цэнтралізаваныя суды — гэта тое, пра што мы казалі яшчэ ў 90-х. Гэта тое, што сапраўды ёсць ва ўсёй Еўропе. У тых жа немцаў ёсць суды па працоўных справах, адміністрацыйных спрэчках. Так што гэта абсалютна правільна. Хаця ў Германіі, напрыклад, адміністрацыйныя спрэчкі — гэта не зусім тое, што маем на ўвазе мы. Гэта спрэчкі асобных грамадзян з дзяржаўнымі органамі. Дык вось там шмат якія спрэчкі заканчваюцца на стадыі дасудовага разгляду. Там часта дзяржаўныя органы ідуць на саступкі і могуць заключаць міравыя пагадненні.

— Можа, так адбываецца таму, што грамадзяне маюць іншы ўзровень прававой свядомасці і не баяцца звяртацца ў суды?

— Канешне. У той жа Германіі некалькі спецыялізаваных судоў, і ў кожнага суда ёсць свой Вярхоўны суд. Гэта добра адладжаная сістэма. Яна працуе даволі бездакорна. Ды і ў іншых краінах таксама, дзе ёсць спецыялізаваныя суды.

Мы падбіраліся да гэтага. Зноў жа, у канцэпцыі судова-прававой рэформы шмат пра гэта было сказана. Праводзіліся семінары з пракуратурай, судамі, але нічога не было зроблена, усё перакрэслілі. Гаворка цяпер пачалася па другім крузе. Ды і цяпер… Пасланне — своеасаблівы дакумент. З аднаго боку — указ, а з другога — пасланне. Што такое пасланне? Павінны быць распрацаваны мерапрыемствы, вызначаны тэрміны.

— Дык, можа, гэта толькі дэкларацыя і далей гэтага нічога не будзе?

— Усё можа быць. Хацелася б спадзявацца на лепшае. Час пакажа, наколькі ўлады гатовыя распачаць рэформу. Указ патрабуе, каб цягам месяца Вярхоўны суд разам з Вышэйшым Гаспадарчым судом, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Генеральнай пракуратурай распрацавалі і зацвердзілі план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Паслання.  Паглядзім…

Поделиться ссылкой: