Праваабаронца паведаміла “Народнай Волі”, што 6 ліпеня яна была каля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе мусіла адбыцца так званая маўклівая акцыя. Спецназаўцы затрымалі яе, закінулі ў аўтобус і адвезлі ў міліцыю Першамайскага раёна. Там жанчыне стала кепска. Самі міліцыянеры выклікалі ёй “хуткую”, і жанчыну адвезлі ў шпіталь.

Міліцыянеры Юрый Гушча і Алег Слабко склалі рапарты на жанчыну, у якіх напісалі, што Кацярына Садоўская нецэнзурна лаялася. Лейтэнант Аляксандр Навіцкі на падставе гэтых рапартаў склаў пратакол, у якім абвінаваціў пенсіянерку ў тым, што яна сваімі паводзінамі праявіла непавагу да грамадства.

15 жніўня Кацярыну Садоўскую судзілі завочна і пакаралі штрафам у 105 000 рублёў. Спадарыня Садоўская заявіла: “Я буду абскарджваць гэты прысуд у вышэйшых інстанцыях. Больш за ўсё мяне абурае тое, што, калі я была ў машыне хуткай дапамогі, міліцыянеры цынічна напісалі, што я адмовілася падпісваць пратакол”.

Поделиться ссылкой: