Афіцыйнай нагодай для запрашэння прадстаўнікоў Маладога Фронту ў Нарвегію быў чарговы з’езд партнераў МФ – моладзі Хрысціянскіх дэмакратаў (моладзевае крыло Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі). Але дзякуючы нарвежскаму боку, пяцідзенны візіт атрымаўся не толькі прадстаўнічым, але і інфармацыйным.

Прадстаўнікі Маладога Фронту мелі шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў, з кіраўнікамі Нарвежскага Хельсінкскага камітэту, з журналістамі.

Таксама адбыліся перамовы з лідарам партыі Хрысціянскіх Дэмакратаў Нарвегіі (KrF) Кнутам Арылдам Харэйдэ, падчас каторых маладафронтаўцы распавялі пра сітуацыю ў Беларусі і пра праблемы палітзняволеных, сярод якіх лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, паведамілі “Народнай Волі! у прэс-службе МФ.

Лідар партыі Хрысціянскіх Дэмакратаў Нарвегіі (KrF) выказаў словы падтрымкі і падзякі маладафронтаўцам і папрасіў перадаць усім беларусам, якія змагаюцца за дэмакратыю і правы чалавека, што верыць у перамогу дэмакратыі ў Беларусі бліжэйшым часам. “Беларусь  варта лепшай долі, мы салідарныя з вамі” — падкрэсліў спадар Кнут Арылд Харэйдэ (Knut Arild Hareide).

На з’ездзе моладзі Хрысціянскіх дэмакратаў з дакладам аб палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі выступіў міжнародны сакратар Маладога Фронту Валерый Мацкевіч. Ён звярнуў асаблівую увагу на праблему палітычных зняволеных у краіне, і ў звязку з гэтым заклікаў сваіх нарвежскіх калег быць больш прынцыповымі ў дачыненні да афіцыйнага Мінску.

На фота: Кіраўнік міжнароднага аддзелу Маладога Фронту Валерый Мацкевіч разам са спадаром Кнутам Арылдам Харэйдэ (Knut Arild Hareide), старшынём партыі Хрысціянскіх Дэмакратаў Нарвегіі (KrF).

Поделиться: