Бэтка Радзівіл – дачка перадапошняга нясьвіскага ардыната Альбрэхта Радзівіла. Бэтка пакінула замак у студзені 1936 года, пасьля сьмерці бацькі. Коратка была пасьля гэтага толькі аднойчы – у 1993 годзе на запрашэньне шаноўнага прафэсара Адама Мальдзіса. У той прыезд яе вазілі на “Волзе”, суправаджалі кадэбісты, не давалі асабліва кантактаваць зь мясцовымі. Таму наступны прыезд адбыўся толькі ў 2009 годзе – калі на той час 91-гадовая пані Эльжбета вырашылася наведаць родны горад і родны замак. Тое, яе яе цёпла прынялі, уразіла князёўну – за гэтыя тры гады яна вяртаецца й вяртаецца ў Беларусь.

Гэты прыезд – пяты па ліку. Неафіцыйны, без сустрэч з чыноўнікамі. Гэта быў тыднёвы адпачынак князёўны ў мілым сэрцу Нясьвіжы. Эльжбета Радзівіл неахвотна дае інтэрвію, жартам кажа, што яна не Мадонна, каб даваць інтэрвію. Але некалькі пытаньняў задаць удалося. Найперш, канешне, што яна думае пра аднаўленьне замка. Адказ быў дыпляматычны.

Эльжбета Радзівіл: Для мяне быць на замку вельмі цікава, вельмі эмацыйна, гэта вялікае ўзрушэньне. Добра, што замак аднаўляецца, што ён стаіць. Наогул добра, апроч некалькіх дэталяў, якія напраўду шакуючыя…

Знаходзячыся ў замку й прыгадваючы, як тут было раней, пані Эльжбета выказала вялікі смутак, што бацька памёр, калі ёй было ўсяго 17 – і яна не пасьпела грунтоўна распытаць яго пра замкавыя тайны й асаблівасьці.

Эльжбета Радзівіл: Мой бацька не хацеў мяне нудзіць і не распавядаў пра замак. Атрымліваецца, што я запомніла тое, што бачыла. Але спэцыяльна ён не тлумачыў мне нічога ў замку.

Адная зь нямногіх сустрэчаў у пані Эльжбеты была з Анатолем Бутэвічам – у нядаўнім мінулым міністрам культуры Беларусі. Цяпер спадар Анатоль узначальвае грамадзкую камісыю па помніках пры Міністэрстве. Ён сам нарадзіўся пад Нясьвіжам, таму агульныя тэмы для размовы з князёўнай знайшліся лёгка. Анатоль Бутэвіч кажа, што 94-гадовая князёўна зрабіла на яго вялікае ўражаньне.

Анатоль Бутэвіч: Я сапраўды спадзяваўся толькі на знаёмства. Што называецца, хацеў скласьці візыт ветлівасьці. Але так атрымалася, што мы знайшлі ўзаемнае паразуменьне – і візыт ветлівасьці замест пяці хвілін пераўтварыўся ў пяць гадзін. Хоць мы й былі не адзін на адзін – былі ў кампаніі біблітэкараў Нацыянальнай бібліятэкі, пасля Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук. Але тым ня меньш нам удалося пагаварыць даволі грунтоўна.

Спадар Анатоль кажа, што быў уражаны, наколькі рэальна глядзіць на сьвет і ўспрымае рэчаіснасьць ужо далёка не маладая кабета.

Анатоль Бутэвіч: Гэтыя гаворкі паказалі мне, што пані Эльжбета, нягледзячы на свой узрост, чалавек дасьведчаны, выбачайце за гэтае некарэктнае слова – адэкватны. Разумее, што, дзе й як трэба рабіць, трэба ацэньваць і як бачыць. І тое, што яна сёньня рэальнымі вачыма глядзіць на сьвет – гэта таксама праўда. Тыя кніжкі, якія яе цікавілі ў Нацыянальнай бібліятэцы, пасьля ў Акадэмічнай, пацьвердзілі яе моўны інтарэс – яна свабодна чытае па-француску, па-нямецку… Яна цудоўна валодае літаратурай – і ня толькі радзівілаўскай, а сусьветнай.

У Нацыянальнай бібліятэцы, кажа Анатоль Бутэвіч, Эльжбеце Радзівіла паказалі арыгіналы здымкаў з Радзівілаўскіх паляваньняў. Мала таго, што на тых фота ёсьць сама пані Эльжбета, дык яна назвала яшчэ й амаль усіх астатніх!

Анатоль Бутэвіч: Тое, што яна сёньня робіць заўвагі па Нясьвіжу – заўвагі ня толькі адмоўныя, а наогул дае сваю ацэнку аднаўленьня – сьведчыць пра яе выдатную памяць. Яна ідэнтэфікавала многія здымкі з радзівілаўскага паляваньня, практычна 90% усіх асобаў памятае.

Спадар Анатоль лічыць, што сёньняшнія рэстаўратары абсалютна дарэмна не прыслухоўваюцца да меркаваньня пані Эльжбеты.

Анатоль Бутэвіч: Я лічу, што прыслухоўвацца да яе меркаваньня, выслухоўваць заўвагі неабходна. Таму што, я перакананы, яна ня хоча пагоршыць, а толькі палепшыць. Нават з улікам таго, што яна памятае замак толькі на той пэрыяд, калі сама там жыла – і гэта быў не найлепшы пэрыяд замка. Але гэта меркаваньне таго чалавека, які там жыў – а не даведаўся гэта ўсё з архіваў. Жывое ўспрыняцьце заўсёды цікавейшае.

У часе сустрэчы Эльжбета Радзівіл прыгадвала шмат цікавостак са свайго жыцьця й жыцьця замка.

Анатоль Бутэвіч: Яна прыгадвала шмат момантаў, а я проста слухаў – як ёю бачацца гэтыя эпізоды. Згадвала моманты з паляваньня. Узгадвала пра замкавы гадзіньнік – казала, што ёй “татусь забараніў суваць туды свой доўгі нос”. Разумееце – яна нават апавядае з пэўнай вобразнасьцю, а ня проста кажа сухія факты.

Анатоль Бутэвіч заклікае музэйшчыкаў і бібліятэкараў запісваць усё, што кажа пані Эльжбета. Бо яна – апошняя прадстаўніца нясьвіскай лініі Радзівілаў – той лініі, якая адгалінавалася ад бэрлінскай у ХІХ стагодзьдзі.

Анатоль Бутэвіч: Сьведак тагачаснага жыцьця практычна не засталося. Таму кожнае іх слова мае вагу – істотную сёньня, і яшчэ больш важкую заўтра.

А перад ад’ездам пані Эльжбета сардэчна падзякавала за прыём на радзіме.

Эльжбета Радзівіл: Гэтыя некалькі дзён, праведзеных у Беларусі й на замку, былі вельмі прыемныя. І дзякуй вам усім, што так міла мяне прынялі!..



Поделиться ссылкой: