Адстаўка міністра юстыцыі не прыцягнула асаблівай увагі палітолагаў і не выклікала хвалі каментарыяў у прэсе. Усе прызвычаіліся да таго, што міністэрства самастойна не праяўляе ініцыятыву і толькі з вялікім энтузіязмам выконвае распараджэнні зверху.

Чаму ж тады міністра, які цягам дзесяці гадоў быў паслухмяным выканаўцам і дэманстраваў сваю адданасць першай асобе краіны, гэтая самая асоба вызваліла з высокай пасады без усялякіх тлумачэнняў? Чым не задаволіў Галаванаў Лукашэнку? Тым больш што да таго, як стаць міністрам, ён год працаваў кіраўніком галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта, дзе заслужыў сабе высокае прызначэнне.

Віктар Галаванаў заўсёды апраўдваў усе дзеянні ўлад. Нават спрабаваў, як мог, падводзіць нейкія юрыдычныя аргументы пад некаторыя найбольш крытыкуемыя моманты. Напрыклад, ён абараняў залежнасць судовай галіны ўлады, сцвярджаў, што так яно і добра. “Па Канстытуцыі краіны, у адпаведнасці з кодэксам “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў” усе суддзі нашай краіны прызначаюцца прэзідэнтам краіны. За выключэннем паловы суддзяў Канстытуцыйнага суда. Наша бачанне, Міністэрства юстыцыі, — у гэтым, наадварот, станоўчы момант працы судоў. Калі суддзі выбіраюцца, то яны залежаць ад дэпутацкага корпусу ці іншых структур. А прэзідэнт кажа, што суддзі павінны быць незалежнымі, нікому не дазволена ўмешвацца ў дзейнасць судовай улады. Я думаю, што ў нас дастаткова дэмакратычны парадак прызначэння суддзяў. І суддзі ў поўнай меры карыстаюцца гэтым”.

Нехта скажа: які цынізм! І будзе мець рацыю. Што, суддзі не ведаюць, хто іх прызначыў і адкуль дзьме вецер?

Што да свабоды слова ў Беларусі, то і тут Галаванаў пастараўся: “На мой погляд, свабода слова ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца ў поўным аб’ёме. Вы ведаеце, што недзяржаўных СМІ ў нашай краіне больш, чым дзяржаўных. Газета “Народная Воля” — цэнтр апазіцыйнай прэсы — яна выпісваецца нават Міністэрствам юстыцыі. Таму не бачу ніякіх пытанняў са свабодай слова ў нашай краіне”, — запэўніваў ён удзельнікаў “круглага стала”, прысвечанага заканчэнню сумеснага беларуска-еўрапейскага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Спрыянне больш шырокаму ўжыванню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе ажыццяўлення правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь”.

Гэты пасаж Галаванава наогул пакінем без каментарыя, якая ў нас свабода слова — ведае кожны. Сваю адданасць сістэме міністр юстыцыі падмацоўваў не толькі на словах. З яго ўдзелам інстытут прыватнага натарыяту быў разбураны. Потым такім жа чынам абышліся з інстытутам адвакатуры — прыватная адвакацкая практыка была ліквідавана на карысць аднаўлення савецкай мадэлі. Гэта дало магчымасць у перспектыве распраўляцца з няўгоднымі адвакатамі, пазбаўляючы іх ліцэнзій. У 2003–2004 гадах ліквідаваліся масавыя грамадскія аб’яднанні, потым дайшла чарга да праваабарончых арганізацый. Напярэдадні адстаўкі міністр выступіў з шэрагам новых заканадаўчых ініцыятыў, якія ніяк не накіраваны на пашырэнне свабод.

Але вернемся да пытання, якое пастаўлена ў пачатку артыкула. Дык чаму ж пасунулі такога чалавека?

Юрыст, старшыня праваабарончай арганізацыі “Цэнтр прававой трансфармацыі” Алена Танкачова лічыць, што прычынай стала банальнае рашэнне аб амаладжэнні кадраў. “Усяму надыходзіць свой час. Так я ацэньваю адстаўкі і Галаванава, і Васілевіча. Дзесяць гадоў на пасадзе міністра, а калі ўлічыць, што ў міністэрстве ён быў ад 1996 года, то гэта зашмат. Ён зрабіў усё, каб не рэалізоўвалася канцэпцыя судова-прававой рэформы. За час працы Галаванава судовыя будынкі былі адрамантаваныя, са шклопакетамі, керамінаўскай пліткай, але на якасць адпраўлення правасуддзя ў лепшы бок гэта не паўплывала. Судова-адміністрацыйныя расправы з масавымі парушэннямі заканадаўства сталі звычайнай справай. Дагэтуль не выканана ніводнае рашэнне камітэта ААН па правах чалавека на карысць грамадзян краіны. Мінюст проста не распрацаваў для гэтага працэдурных дакументаў. Апошнім акордам стала яго выступленне з ініцыятывай змен у закон аб масавых акцыях. Нават цяжка ўявіць, што такія палажэнні могуць прапаноўваць з высокай трыбуны высокапрафесійныя юрысты. Я мяркую, што Галаванаў папросту выканаў сваю місію панылага магільшчыка прававой рэформы. Цяпер жа адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі амалоджвае каманду. Магчыма, мы ўбачым гэтую тэндэнцыю бліжэйшым часам”.

Павел Сапелка, якога падчас так званай апошняй зачысткі пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, так пракаментаваў адстаўку міністра юстыцыі: “Ні яго, ні старшыню гарадской калегіі не ўратавалі рэпрэсіўныя меры ў адносінах да адвакатаў. Не ўратуюць яны і іншых, якія прыйдуць на іх месцы”.

Сапраўды, у кулуарах Мінюста шмат гаварылі пра тое, што кампаніяй супраць адвакатаў удзельнікаў Плошчы Галаванаў хацеў асабліва выслужыцца, замацавацца на пасадзе. А атрымалася вунь яно як — пайшоў следам. Ды з якой рэпутацыяй…

На месца Віктара Галаванава прызначаны Аляксандр Білейчык. Ён на 12 гадоў маладзейшы за папярэдняга міністра. Нарадзіўся ў 1964 годзе, працаваў токарам на магілёўскім заводзе “Электрарухавік”. Потым служыў у памежных войсках КДБ СССР. Пасля заканчэння БДУ працаваў памочнікам пракурора Магілёўскага раёна, а потым памочнікам пракурора Кастрычніцкага раёна ў Магілёве. З 1998-га па 2005 год Аляксандр Білейчык працаваў на пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. А ў 2005-м пераехаў у сталіцу і ўзначаліў галоўнае ўпраўленне судовых органаў Мінюста Рэспублікі Беларусь. Праз год Білейчык стаў намеснікам міністра юстыцыі.

Поделиться: