Арганізатары мерапрыемства спасылаюцца менавіта на гэты закон, дзе чорным па белым напісана: “Мясцовыя сходы могуць паводзіцца на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі альбо яе частцы (мікрараёнах, жылых комплексах, кварталах, вуліцах, дварах, пасёлках). Мясцовыя сходы могуць склікацца па ініцыятыве не менш як 10 працэнтаў грамадзян, якія стала жывуць на адпаведнай тэрыторыі”.

Больш за тое, адказнасць за парушэнне “Закона аб масавых мерапрыемствах”, зразумела, не распаўсюджваецца на Закон аб мясцовых сходах. Гэтыя юрыдычныя акты роўныя па сіле і адзін не падмяняе другі.

Абсурднасць папярэджання, напэўна, разумелі і ў Генпракуратуры, куды Івашкевіча і Фядыніча выклікалі. З палітыкамі там спачатку размаўлялі, частавалі кавай, а потым за зачыненымі дзвярыма пракурорскія работнікі раіліся, за што ж папярэджваць арганізатараў Народнага сходу. У выніку нічога лепшага не прыдумалі, як пайсці, што называецца, па накатанай дарозе — Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча папярэдзілі аб недапушчальнасці парушэння “Закона аб масавых мерапрыемствах”. Падпісаў гэты дакумент намеснік генпракурора Беларусі спадар Мікалай Кукліс.

У сваю чаргу і Івашкевіч, і Фядыніч сваіх подпісаў на папярэджанні не паставілі. “Мы ні ў якім разе не збіраемся парушаць закон, — гаворыць Генадзь Фядыніч. — Права на правядзенне народных сходаў замацавана заканадаўча. Праблема Генеральнай пакуратуры ў тым, што там не хочуць бачыць істотнай розніцы паміж масавым мерапрыемствам і народным сходам. Народны сход, дзе будуць узняты сацыяльна-эканамічныя і іншыя пытанні на адрас улады, будзе праведзены, як таго і патрабуе закон, па ініцыятыве грамадзян, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Намі толькі ў Мінску сабрана больш за пяць тысяч подпісаў. Але гэта не значыць, што на плошчу Бангалор у суботу, дзе і пройдзе мінскі сход, не могуць прыйсці іншыя людзі. У пракуратуры гэта быццам бы і разумеюць, але па выніках размовы кожны застаўся пры сваім… Нашы аргументы аб тым, што мы дзейнічаем строга ў межах закона, пачуты не былі”.

Генадзь Фядыніч дадаў, што “мерапрыемства 8 кастрычніка ні ў якім разе не будзе паўтарэннем Плошчы”.

Іншы сябра аргкамітэта па правядзенні Народнага сходу Віктар Івашкевіч дадаў, што народныя сходы пройдуць у любым выпадку. “Нават калі плошча Бангалор у Мінску будзе ачэплена міліцыяй, мерапрыемства пройдзе, — гаворыць ён. — Па-першае, людзі збяруцца. Па-другое, улады не зацікаўлены, каб мы хадзілі па горадзе і шукалі месца для правядзення мерапрыемства. Побач з плошчай Бангалор ёсць Кіеўскі сквер, ёсць мноства паркаў, дзе можна сабрацца. Таму, яшчэ раз падкрэсліваю, Народны сход пройдзе пры любым раскладзе”.



Поделиться ссылкой: