Як паведамляе газета „Rzeczpospolita”, Польшча арганізавала канферэнцыю польскіх настаўнікаў у Беларусі. На яе былі запрошаны і прадстаўнікі беларускіх уладаў. Але яны проста праігнаравалі форум.

— Я размаўляў з беларускім міністрам адукацыі і запрасіў яго. Мы чакалі, што калі ён сам не прыйдзе, то хоць каго-небудзь дэлегуе, — сказаў у размове з карэспадэнтам выдання пасол Польшчы ў Мінску Лешэк Шарэпка.

Як паведамляе Польскае радыё, мерапрыемства настаўнікаў прайшло ва ўмовах байкоту з усіх бакоў. Запрашэнне польскай амбасады праігнараваў нават непрызнаны СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Арэхвы. Па неафіцыйных звестках, спадарыні Арэхва не спадаўся спіс запрошаных.

Мяркуючы па выступленнях удзельнікаў форуму, польская адукацыя ў Беларусі знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. У дзяржаўных школах выкладанне польскай мовы проста знікае. Што тычыцца недзяржаўных школ, то іх вельмі мала, а платныя курсы не кожны можа сабе дазволіць.

У сувязі з тым, што на форуме не было прадстаўнікоў беларускіх уладаў, настаўнікі накіравалі свае прапановы прысутным на сустрэчы прадстаўнікам польскага МЗС і Мінадукацыі. Першая і найважнейшая прапанова — аднаўленне дыялогу Польшчы з беларускім Мінадукацыі і аднаўленне працы двухбаковай камісіі па справах польскай адукацыі ў Беларусі і беларускай у Польшчы, якая не працуе ўжо некалькі гадоў.

Нагадаем, што нядаўна па беларускіх тэлеканалах прайшла серыя матэрыялаў, у якой выказваліся прэтэнзіі да Польшчы за знішчэнне беларускіх школ.



Поделиться ссылкой: