Раптам пад’ехалі дзве машыны, адкуль выскачылі невядомыя ў масках, — распавёў падрабязнасці нападу Ухналёў. — Яны павалілі мяне на зямлю, звязалі рукі дротам, адцягнулі метраў на 15 і кінулі ў кусты. Ніякіх слоў, ніякіх патрабаванняў з іх боку не было. Толькі адна каманда: “Маўчы, інакш замаўчыш назаўсёды!”

З Вільнюса намеснік  старшыні партыі “Справядлівы свет” вёз буйную суму грошай — 12 тысяч долараў. Грашовыя сродкі былі патрэбны Ухналёву для набыцця дарагіх лекаў для хворай на анкалогію жонкі. У Літве неабходных лекаў не было, таму палітык вёз іх назад. Разам з грашыма з машыны Ухналёва зніклі два ноўтбукі. Таксама невядомыя забралі ва ўсіх пасажыраў сумкі, барсеткі, мабільныя тэлефоны… Дакументы і ключы ад хаты  палітыка нападнікі кінулі ў багажнік машыны…

Патэлефанаваць, каб паведаміць пра здарэнне, Валерый Ухналёў не мог. Толькі праз паўгадзіны ўдалося спыніць машыну, уладальнік якой даў свой тэлефон. Ухналёў паведаміў пра напад у міліцыю. На месца прыехалі супрацоўнікі Валожынскага РУУС: “Да міліцыянераў, якія прыехалі па выкліку, у мяне прэтэнзій няма — спрацавалі яны прафесійна: апыталі, знялі адбіткі слядоў пратэктараў машын, на якіх прыехалі невядомыя ў масках… — кажа Ухналёў. — Асабіста для мяне відавочна: напад мае палітычную афарбоўку. Гэта акцыя запалохвання, каб чалавек сядзеў ціха і баяўся. Гэта бандытызм. Бандытызм на дзяржаўным узроўні. Калі машыну спыняе міліцыянер, а на цябе налятаюць людзі ў чорным у масках, такія ж, якія “працуюць” на пратэстных акцыях, я не думаю, што тут можа быць нешта іншае, акрамя дзеяння дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарата”.

На думку Валерыя Ухналёва, расследаванне здарэння аб нападзе на ягоную машыну возьме на сябе УУС Мінскага аблвыканкама: “Па-першае,  нельга абвергнуць, што справа мае палітычны падтэкст, — гаворыць палітык. — Па-другое, вельмі важна высветліць, хто спыняў машыну — супрацоўнік ДПС ці чалавек, апрануты ў форму супрацоўніка ДПС…”

Па словах Ухналёва, па факце здарэння будзе распачата крымінальная справа. Пра гэта яму паведамілі валожынскія міліцыянеры.

Поделиться: