1 кастрычніка Анатоль Уладзіміравіч вярнуўся ў Мінск з саміта “Усходняга партнёрства”.

“Мяне сустрэла жонка Святлана, і мы паехалі дамоў, — расказвае Лябедзька. — Каля пад’езда ўласнага дома я заўважыў траіх маладых людзей у цывільным. Я яшчэ пажартаваў: маўляў, вось госці да нас… Яны падышлі да машыны, запатрабавалі паехаць з імі. Я настойваў на тым, каб невядомыя назваліся і патлумачылі мэту свайго загаду. Але замест гэтага яны літаральна накінуліся на мяне… Завязалася патасоўка.

Не засталіся абыякавымі да таго, што адбываецца, мае суседзі. Адзін з іх нават заблакіраваў сваёй машынай выезд для мікрааўтобуса, на якім прыехалі невядомыя. Сталі разбірацца. Выклікалі міліцыю. Аказалася, што невядомыя ў цывільным — супрацоўнікі нейкай сілавой структуры. Але ў Цэнтральны РУУС Мінска я паехаў з тымі, хто быў апрануты ў форму. У пастарунку мяне абшукалі, відавочна, шукалі пашпарт, па якім я выязджаю за межы Беларусі. Не знайшлі. У пастарунку я паведаміў: “Ні слова без афіцыйнай позвы не скажу”. Пасля гэтага мяне адпусцілі…”

Інцыдэнт Лябедзька звязвае са сваёй актыўнай палітычнай дзейнасцю: “У Беларусі шмат законных сілавых структур — МУС, КДБ і іншыя. Ёсць і незаконныя — гэта “эскадрон смерці”. Зараз мы назіраем нешта новае — працуе “эскадрон страху”. Яго мэта — запалохваць усіх, хто займае актыўную грамадзянскую пазіцыю: альбо не займайцеся палітыкай, альбо эмігрыруйце. Зараз сітуацыя такая: у Лукашэнкі не засталося саюзнікаў. Адзіны ягоны саюзнік — гэта страх, на які ён і разлічвае…”

Поделиться: