Мартынаў, нагадаем, сказаў:  “Беларусь стала аб’ектам не толькі нападак, але і эканамічных санкцый за выбар, які беларускі народ зрабіў на выбарах свайго прэзідэнта”. 

— Галоўнае адрозненне мінулай прэзідэнцкай кампаніі ад усіх папярэдніх заключалася толькі ў тым, што ўлада спрабавала імітаваць нейкія дэмакратычныя перамены.

Гэтыя перамены сапраўды былі. У магчымасцях весці агітацыйную кампанію. Але, што тычыцца падліку галасоў, рэальнага вызначэння пераможцаў, то тут сітуацыя была горш і не прыдумаеш. Калі раней у значнай большасці выбарчых камісій можна было нейкім чынам кантраляваць ход асноўнага дня галасавання, то на мінулай выбарчай кампаніі гэта было немагчыма. У парушэнне закона змешваліся бюлетэні папярэдняга і асноўнага дзён галасаванняў, прадстаўнікі апазіцыі не былі ўключаны ў склад выбарчых камісій… А там, дзе іх уключалі ў склад камісій, ствараліся перашкоды для іх працы. Супрацоўнікі выбарчых камісій перашкаджалі назіральнікам, хавалі ад іх даныя… Пры падліку галасоў убачыць хоць нешта назіральнікам было немагчыма… Мы зафіксавалі сотні такіх парушэнняў. Гэта яскрава сведчыць пра адно: уладам было што хаваць на выбарах.

Канчатковыя даныя з выбарчых пратаколаў назіральнікі кампаніі “За справядлівыя выбары” змаглі выпісаць толькі на дзесяці выбарчых участках. І там, дзе назіральнікі маглі бачыць падлік галасоў, Аляксандр Лукашэнка не набраў і 50%. Там, дзе назіральнікам перашкаджалі, — Аляксандр Рыгоравіч трыумфальна перамог. Высновы кожны можа зрабіць сам. Але я лічу, што лічбы, якія агучыла Лідзія Ярмошына, можна смела ставіць пад сумненне, бо калі ёсць велізарная перавага аднаго з кандыдатаў, то, наадварот, выбары б зрабілі максімальна адкрытымі — глядзіце, упэўнівайцеся, фіксуйце, хто перамагае.

Калі б насамрэч выніковыя лічбы адпавядалі рэчаіснасці і, як кажа Мартынаў, сапраўды “беларускі народ зрабіў выбар свайго прэзідэнта”, то выбары б прайшлі адкрыта і для беларускага грамадства, і для міжнароднай супольнасці. Дарэчы, нагадаю, што міжнародныя назіральнікі зрабілі адназначную выснову: выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ. Таму гэта намаганнямі беларускіх чыноўнікаў, якія зараз спрабуюць хоць неяк захаваць твар, з краінай зроблена тое, што зроблена, — уведзены палітычныя і эканамічныя санкцыі. І мы ўсе, беларусы, за гэта зараз разлічваемся…

Поделиться: