— Андрэю Саннікаву, як і лідару незарэгістраванага “Маладога Фронту” Зміцеру Дашкевічу, пагражае сур’ёзная небяспека. Аб пераводзе Саннікава з наваполацкай калоніі не ведаў ніхто. У адміністрацыі наваполацкай калоніі былі здзіўлены тым, што Саннікава трэба адпраўляць “на этап”. Меркавалася, што Андрэя перавядуць у бабруйскую калонію. Тут я хачу нагадаць, што ў адпаведнасці з Крымінальна-выканаўчым кодэксам зняволены адбывае пакаранне ў адным і тым жа месцы, за выключэннем выпадкаў, якія перашкаджаюць знаходжанню зняволенага менавіта ў гэтай установе. Мы разам з адвакатамі тэлефанавалі ў Бабруйск, дзе нам сказалі, што Саннікаў прыедзе да іх. Аднак у Бабруйск яго так і не прывезлі. Тады я звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў Рэспублікі Беларусь, дзе мне сказалі, што Саннікаў знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА.

Са слоў Андрэя, падзеі развіваліся наступным чынам: 20 верасня яго адвезлі ў СІЗА Віцебска. Адзначу, што Віцебскі “цэнтрал” — сумнавядомае месца. Тыя, хто там пабываў,  расказваюць, што любімы занятак тамтэйшых супрацоўнікаў біць зняволеных і прымушаць іх крычаць: “Я люблю віцебскі цэнтрал”.

Саннікава завялі ў камеру, дзе знаходзіліся трое, адзін з іх маладафронтавец Зміцер Дашкевіч. Як высветлілася, Дашкевіча прывезлі туды ў той жа дзень. Двое іншых зняволеных – Сяргей Давідовіч і Андрэй Грыгор’еў.  Яны вялі сябе даволі дзіўна. Давідовіч некалькі разоў выходзіў з камеры, быццам бы на планавыя ўколы. Але падобнае ў перасыльнай турме наўрад ці магчыма. Затым гэты самы Давідовіч стаў казаць Дашкевічу, што чуў аб тым, што ў Дашкевіча будуць вялікія праблемы ў глыбоцкай турме, куды Зміцера пераводзяць… Хутчэй за ўсё, казаў Давідовіч, Дашкевіча там заб’юць… Зміцер сказаў, што ўспрымае гэта як правакацыю. Адзіная добрая навіна, якая тычыцца лёсу Дашкевіча, дык гэта тое, што ён спыніў галадоўку. Саннікаў сказаў, што Дашкевіч у вельмі дрэнным стане, моцна схуднеўшы. У яго не было прадуктаў, бо Дашкевіча пазбавілі перадач у горацкай калоніі, дзе яго ўтрымлівалі. Калі Дашкевіча пераводзілі ў іншую камеру, Саннікаў перадаў яму свае прадукты.

Пасля пераводу Дашкевіча ў іншую камеру ў віцебскім СІЗА пачаліся дзіўныя рэчы: адміністрацыя стала па адным выклікаць сукамернікаў Дзмітра і пытацца, чаму ён захацеў у іншую камеру…

У сувязі з гэтым Андрэй Саннікаў папрасіў перадаць на волю: “Ратуйце Дашкевіча ўсімі магчымымі спосабамі, хоць усім народам пішыце прашэнні аб яго памілаванні, інакш ён не выжыве”. 

24 верасня Саннікава сталі рыхтаваць да чарговага “этапу”. Так Саннікаў апынуўся ў Магілёве. Там яго прывялі ў камеру, дзе знаходзіліся двое зняволеных, Андрэй Барысаў і Руслан Гайс. А потым у камеру завялі ўсё таго ж Грыгор’ева. Ён сказаў, што падчас этапу з Віцебска ў Магілёў да яго падышлі двое ў цывільным і папярэджвалі, што трэба быць асабліва асцярожным, знаходзячыся ў адной камеры з Саннікавым, паколькі супраць яго будуць сур’ёзныя правакацыі. Хутчэй за ўсё яго заб’юць ці моцна скалечаць… Гэта адбудзецца ці ў Магілёве, ці па дарозе ў бабруйскую калонію. Маўляў, такое рашэнне ўжо прынята…

І пасля гэтага іншыя двое — Гайс і Барысаў — сталі казаць Саннікаву: “Так, Андрэй Алегавіч, да Бабруйска вы не даедзеце… Мы вас забіваць не збіраемся, але правакацыі могуць быць рознымі. Вас могуць перавесці ў іншую камеру, дзе будуць моцна біць, а магчыма, і заб’юць зусім…”

Пасля гэтага Саннікаў не спаў двое сутак, асцерагаючыся нападу на сябе. Ён запісаўся на прыём да кагосьці з адміністрацыі магілёўскага СІЗА, але безвынікова…

І толькі пасля таго, як высветлілася, дзе знаходзіцца Саннікаў, адвакат змог напісаць заяву аб “пагрозе жыццю і здароўю” Андрэя. Яго тут жа перавялі ў адзіночную камеру магілёўскага СІЗА… Такім чынам, кіраўніцтва СІЗА і Дэпартамент выканання пакаранняў пацвердзілі, што такая пагроза існуе…

У дэпартаменце выканання пакаранняў я спрабавала атрымаць ясны адказ на пытанне, чаму чалавека “выдзернулі” з зоны і пачалі вазіць па розных месцах. Мне было сказана, што гэта звязана з маімі артыкуламі, дзе напісана, што ў наваполацкай калоніі дрэнная экалогія… Мне хлусілі ў вочы, бо ў Крымінальна-выканаўчым  кодэксе не напісана, што публікацыі ў прэсе — падстава для пераводу зняволенага ў іншую калонію…

Калі адказныя начальнікі так рэагуюць на выступленне ў прэсе, то я магу ім сказаць: “Спыніце гэты пераслед! Не бярыце грэх у выглядзе забойства ці цяжкіх цялесных пашкоджанняў на душу! Вярніце Саннікава туды, дзе ён адбываў пакаранне…”

Хачу сказаць аб яшчэ адным важным моманце: ніхто з Андрэя Саннікава выбіваць напісанне прашэння аб памілаванні не спрабаваў. Нічога на гэты конт нават не прапаноўвалі. Таму ў мяне ёсць дзве версіі таго, што зараз адбываецца з Саннікавым: альбо яго хочуць задавіць, “запрэсаваць” так, каб ён сам да гэтага прыйшоў, толькі каб выбрацца з гэтага кашмару, альбо ўвесь гэты прэсінг скіраваны на знішчэнне асобы Саннікава, каб ён і думаць забыў пра палітыку…

У сувязі з сітуацыяй вакол Андрэя Саннікава і Зміцера Дашкевіча Ірына Халіп звярнулася да прадстаўнікоў дыпламатычных місій, каб тыя рабілі ўсё магчымае для вызвалення палітвязняў з беларускіх турмаў.

Поделиться: