Апошні абмалочаны сноп (дамалоткі) адзначалі спрадвеку, у кожнай мясцовасці па-свойму, але заўсёдна ставілі снапы ў бабкі, кулём накрывалі, стужкамі агортвалі, песні спявалі… Проста на ўзмежку жытнёвага поля…

Цяпер адвечную сялянскую традыцыю, малітоўна асвечаную і па-хрысціянскі сціплую, ператварылі ва ўсенароднае шоу — з усімі папсовымі прыбамбасамі, на якія толькі здатныя “майстры” жанру. І ўжо не так важна, які той каравай і колькі каштавацьме ў выніку паспалітаму люду. Галоўнае — каб выглядала пекна, каб з размахам, якога не бачыў свет, каб ажно дух займала!..

Сёлетнія “Дажынкі” — юбілейныя, пятнаццатыя, значыцца, і размах напоўніцу. “Для іх патрэбны асаблівы, удасканалены сцэнарый”, — даводзіў сваім падначаленым губернатар вобласці Барыс Батура. І падначаленыя тут жа ўдасканалілі: цяпер убачым не толькі галоўны канцэрт пад начным небам і шатром амфітэатра (там механізатарам уручацьмуць узнагароды за працоўныя подзвігі), але і маштабнае тэатралізаванае шэсце з удзелам… спартсменаў, моладзі, творчых суполак, а на другі дзень дык і зусім “поўны дажынец”, бо ў марш-парад уліюцца… рокеры, байкеры і духавыя аркестры. “Каравай” “Дажынак” настолькі вялікі і з такім апетытным начыннем, што маладзечанцы ўжо зараз у разгубленасці — куды ж кінуцца, каб адхапіць самае смачнае?..

Увогуле “горад сонца” (так называлі Маладзечна ў пару Генадзя Карпенкі) за апошні час набыў, можна сказаць, парадны шык: пад нагамі каляровая плітка, фасады — як велікодныя яйкі, паўсюль новыя ліхтары, кветнікі, скульптуры… Не дзіва! У абнову Маладзечна і аселіц укладзена без малога 707 мільярдаў рублёў — гэта ж не жартачкі!.. Калі б не “Дажынкі”, то мусіў бы страпянуцца: няйначай гораду хочуць вярнуць губернскі чын… Як-ніяк, а Маладзечна здавён лічыцца культурнай сталіцай Міншчыны. Але пра параднасць і шык крышку ніжэй, зараз колькі слоў пра надзённае — пра хлеб, які ўсяму галава, а то, барані Бог, забудуся, дзеля чаго пачаў гэтую нататку…

10 мільёнаў тон

Дык вось, увесну беларускае начальства размахнулася на дзевяцімільённы намалот збожжавых. Атрымалі ў выніку — 8,1 мільёна тон. Забыліся, відаць, што куранят па восені лічаць… Але і той хлеб, што ёсць, не такі ўжо і малы каравай… А Міншчына ўвогуле скочыла вышэй галавы — узяла запаветныя 2 мільёны тон. Здавалася б, ёсць падставы, каб рапартаваць на самы верх аб працоўным подзвігу народа… Але нешта не пнецца аграрнае начальства надзімаць шчокі, бо, калі ўдумацца, то подзвіг хлебаробаў, можа, і прысутнічае, але эканоміка — у сучасным яе разуменні — толькі ў мроях… Чаму? Прычын — цэлае бярэмя, але перадусім АПК кульгае на абедзве нагі прымітыўным папулізмам. Прынцып вядомы: выдаць “на гара” запаветны валавы паказчык, а якой цаной, па якім сабекошце і якая там рэнтабельнасць збажыны — дзясятае, калі не дваццатае пытанне. Абы толькі дагадзіць начальству, выканаць план…

У той жа Мінскай вобласці вытворчыя паказчыкі (у разліку на 1 гектар сельгасугоддзяў) даволі ўнушальныя, аднак тут і… самая горшая аграрная эканоміка: вялізныя страты ад рэалізацыі збожжа, самы высокі сабекошт прадукцыі жывёлагадоўлі, дарагое збожжа, ніжэйшы, чым у іншых абласцях, і прыбытак у разліку на бала-гектар сельгасугоддзяў — 3,8 тыс. рублёў.

Аказваецца, 10 млн тон збожжа — не такая ўжо недасягальная вышыня, прычым пры высокай рэнтабельнасці. І не з агромністай плошчы, як зараз, можа быць атрыманы той вал, а толькі з двух мільёнаў гектараў. Трэба ўсяго толькі своечасова і правільна ўзараць зямлю, ідэальна яе выраўняць, цалкам вытрымаць усю тэхналогію высеву, штогадова граматна чаргаваць культуры, ствараць аптымальныя сцяблінастоі каласавых па гушчыні і фітасанітарным стане — і запаветны рубеж у 10 мільёнаў бразнецца сам пад ногі. Тым больш што тэхнікі цяпер рознай — як гразі ўвосень… Патэнцыял жа, само начальства прызнае, — самы што ні на ёсць еўрапейскі… Трэба толькі перанакіраваць сваё змаганне — з трыбуннага на… звычайную работу, без усялякіх пантоў і пагоні за таннай папулярнасцю. Пакуль жа маем, што маем: з плошчы, нашмат большай за 2 мільёны гектараў, краіна атрымлівае 7–8 мільёнаў тон збожжа.

У чаканні вялікай гулянкі

Але хопіць пра будзённае, пара ў “сонечны горад”, які счакаўся гасцей з усяе Беларусі. Праз пару дзён тут грымне такое, чаго яшчэ не было ні на адным свяце паэзіі і песні… З чаго пачаць сваю кароткую вандроўку? Канечне, з абноўленага вакзала… Увогуле хацелася параўнаць, увачавідкі пераканацца, наколькі памаладзеў горад і што тут новенькага… Вакзал, перажыўшы рэканструкцыю, напраўду пасучаснеў, стаў больш вабным і чыстым. Але галоўная яго “фішка” — бронзавая скульптура “Люсі” пры ўваходзе. Кажуць, скульптар Вадзім Мацкевіч увасобіў у гэтай, амаль двухметровай бронзавай дзяўчыне — студэнтку, якая некуды спяшаецца з цягніка. Колькі часу таму “Люсі” не пашэнціла: нейкі вандал адламаў з яе вушэй завушнічкі. Навошта спатрэбілася бронзавае ўпрыгажэнне дзікуну, нікому не вядома. Цяпер, мінаючы скульптуру, многія прыглядваюцца, ці вярнулі дзяўчыне ейныя завушніцы. Запэўніваю: усё зараз на месцы. Падчас майго візіту ля скульптуры сланяўся руды пёс, па ўсім бяздомны, можа, наняўся вартавым…

Шыбую далей, па пешаходнай вуліцы імя Прытыцкага ў напрамку цэнтральнай гарадской плошчы. Паўсюль рабочыя і студэнты наводзяць лоск на галоўны маладзечанскі праспект. Каб сказаў, што ў людзей свяціліся вочы ад маючага адбыцца свята, каб нейкі энтузіязм — дык не, хутчэй іншае: агульная млявасць і поўная абыякавасць да жыцця, як сказалі б раней. Відаць, крызіс і падзенне ўзроўню жыцця накрылі і сталіцу “Дажынак”… З новага на праспекце — прыгожыя ліхтары, лаўкі, тратуарная плітка, пафарбаваныя фасады і файны, вялікі гадзіннік — проста пасярод вуліцы. Кажуць, зрабілі яго па спецыяльным заказе. Цяпер, трэба разумець, у закаханых хлопцаў і дзяўчат будзе дзе сустракацца.

А вось і галоўны кінатэатр горада, але што гэта?.. Раней, наколькі памятаю, называўся ён “Радзіма”, а цяпер… “Родина». Спытаў у нейкага месціча, чаму па-руску, а той толькі плечукамі сцепануў, маўляў, што тут незразумелага — кожны ёлупень ведае… Узіраюся ў велізарныя чырвоныя літары “Родины» і прыгадваю народам складзенае:

Радавод у нас адзін,

Тыя ж і паводзіны.

Толькі я люблю Радзіму,

А ты любіш Родину…

Галоўная плошча горада ўся ў ліхтарах і сцягах, з розных канцоў чуецца бравурная папса, а пасярод — вялікі фантан з бронзавымі фігурамі хлопца і дзяўчыны. Што сімвалізуе голая парачка, так і не зразумеў. Абыдуся хіба адным: якія часы, такія і норавы… Раней на месцы фантана быў, асвечаны ўсімі цэрквамі Маладзечна, помнік ахвярам сталінізму, якія змагаліся за волю і незалежнасць Беларусі і загінулі на Салаўках і розных іншых Беламорах… Сюды прыходзілі людзі — сталыя і маладыя, каб пакланіцца сваім продкам, ускласці кветкі ў гонар без віны загінуўшых. Але так было да той пары, пакуль не прыйшла чарга Маладзечна стаць сталіцай “Дажынак”. Аднойчы ўначы памятны камень-валун вывернулі з пастамента і вывезлі невядома куды. Хто гэта зрабіў, усім вядома, але супраць лому няма прыёму… Змірыліся маладзечанцы з варварскім учынкам. Цяпер во, як сказаў мне адзін пажылы чалавек, пад маркай Купалля — помнік распусце… “Затое “красиво” і вадзічка журчыць, — не пагадзілася са старым нейкая маладзіца з дзецьмі. — А то прыдумалі — камянюку пасярод плошчы…”

Пра іншыя ўпрыгажэнні “горада сонца” — як-небудзь іншым разам. З месца падзеі, як кажуць. А пакуль горад у перадсвяточнай мітусні, у чаканні вялікай гулянкі, роўнай якой яшчэ не было ні на водных “Дажынках”…

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Георгій ЧЫГІР: Марафет закончаны... (фотарэпартаж)

Фота аўтара.



Поделиться ссылкой: