Рабочая група Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый прыняла дзве заявы, датычныя меркаванага дыялогу ўладаў з грамадствам і нераскрытага патэнцыялу беларуска-еўрапейскіх стасункаў у межах праграмы Ўсходняе партнёрства.

Асамблея  заўжды выказвалася за неабходнасць вядзення канструктыўнага дыялогу паміж грамадскасцю і дзяржавай дзеля ўмацавання грамадзянскай супольнасці і развіцця дэмакратыі ў Беларусі. Аднак такі дыялог магчымы толькі ў свабоднай ад страху і пераследу за грамадскую дзейнасць атмасферы.

Асамблея  НДА прапаноўвае “Канцэпцыю спрыяння органамі ўлады развіццю грамадзянскай супольнасці Беларусі”, дзе адзначаюцца прынцыпы і працэдуры ўзаемадзеяння. Галоўным чыннікам для магчымасці вядзення размоваў пра дыялог Асамблея НДА лічыць неадкладнае вызваленне і поўную рэабілітацыю ўсіх палітычных вязьняў. “У адваротным выпадку, любую спробу дыялогу мы лічым фіктыўнай і амаральнай,” – адзначаецца ў дакуменце. Разам з тым, Асамблея НДА не выключае, што ўлады могуць зымітаваць крокі да дэмакратызацыі, і заклікае арганізацыі грамадзянскай супольнасці канцэнтраваць свае высілкі на працы з грамадствам дзеля таго, каб нарошчваць свой грамадска-палітычны патэнцыял.

“Мы палічылі неабходным яшчэ раз падкрэсліць, што дыялог, каб быць выніковым, не можа праходзіць у атмасферы страху і рэпрэсіяў. Мы чакаем ад уладаў крокаў, якія сведчылі б аб сур’ёзнасці намераў размаўляць з грамадствам аб выхадзе з крызісу. Безумоўна, першым такім крокам мусіць быць вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў. Са свайго боку, арганізацыям грамадзянскай супольнасці Беларусі неабходна канцэнтраваць свае намаганні на працы з грамадствам, каб атрымаць мандат прадстаўляць ягоныя інтарэсы ў стасунках з уладамі”, — адзначыў Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Другое  пытанне, якое ўздымалася на пасяджэнні Рабочай группы, тычылася  Саміту Ўсходняга партнёрства, а таксама фармату ўдзелу Беларусі ў праграме Ўсходняга партнёрства. Два гады ўдзелу Беларусі ў праграме Ўсходняга партнёрства не прывялі да пазітыўных зменаў у кірунку дэмакратыі. Кіраўніцтва Беларусі разглядае нармалізацыю стасункаў з Аб’яднанай Еўропай выключна, як працэс саступак з боку Еўрасаюза ў абмен на касметычныя і несыстэмныя захады.

“Варта адзначыць, што Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства ўжо рабіла крокі для таго, каб паўплываць на працэс набліжэння Беларусі да еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў. Складанне прапановаў ад грамадскіх арганізацыяў для планаў дзеянняў паміж ЭС і урадам нашай краіны, названых намі “дарожнымі мапамі”, у гэтым сэнсе было і застаецца важным здабыткам, які і надалей трэба заахвочваць і развіваць,” – зазначыў кіраўнік Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак.

Разам з тым, паводле прадстаўнікоў  Асамблеі НДА, праграма Ўсходняга партнёрства  яшчэ не скарыстала закладзены ў яе патэнцыял спрыяньня палітычным і сацыяльна-эканамічным рэформам і набліжэння краінаў-партнёраў да Еўразвязу – яна патрабуе рэфармавання.

Асамблея  лічыць, што пэўны ўхіл дзеянняў ад імя беларускай Нацыянальнай платформы ФГС Усходняга партнёрства ў бок канкуравання з апазіцыйнымі палітычнымі сіламі за лідарства не адпавядае ні мэтам і задачам самой Нацыянальнай платформы ў краіне,  ні інтарэсам усёй дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Таму прадстаўнікі Асамблеі НДА Беларусі, заклікаюць да дасягнення спрыяння еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, еўрапеізацыі інстытутаў беларускага грамадства і дзяржавы, мадэрнізацыі краіны.

Поделиться: