У Еўропе гандаль сэканд-хэндам пастаўлены на шырокую нагу — у бізнесе заняты амаль 10 мільёнаў чалавек. Традыцыя збіраць і прадаваць паношаныя рэчы сягае ў далёкую еўрамінуўшчыну. Прыкладам, першая фабрыка па перапрацоўцы паношанай вопраткі была адкрыта ў Англіі яшчэ сто гадоў таму. Сёння самыя буйныя пастаўшчыкі сэканд-хэнда — Германія, Вялікабрытанія, Галандыя і Швейцарыя. Прымыкае сюды і Нарвегія: у Осла (пяцьсот тысяч жыхароў) колькасць крамаў, якія гандлююць сэканд-хэндам, у тры разы перавышае колькасць такіх крамаў у дзесяцімільённай Маскве, не кажучы ўжо пра Мінск. І гэта ў Нарвегіі, дзе ўзровень жыцця ледзь не самы высокі ў свеце, дзе толькі дапамога па беспрацоўі складае каля дзвюх тысяч долараў на чалавека. У месяц!.. Аднак жа нашчадкі вікінгаў не грэбуюць вопраткай з іншых рук — купляюць за мілую душу.

А як у нас, у краіне, дзе сярэдні заробак — ні ў якое параўнанне нават з той “жабрацкай” дапамогай, якую атрымліваюць нарвежскія беспрацоўныя?..

Каб неяк прасвятліць пытанне, еду ў сталічную краму паношанай вопраткі — у “Планету SECOND HAND”, што ў раёне Кунцаўшчыны. Дарэчы, крама і напраўду адпавядае назве, паколькі самая вялікая (па гандлёвай плошчы) ва Усходняй Еўропе. Але спачатку пра сам “брэнд”, які апошнім часам набыў асаблівую папулярнасць сярод беларускіх спажыўцоў. Прычына відавочная — эканамічны і фінансавы крызіс прыкметна падкасілі пакупніцкую здольнасць большай часткі насельніцтва. А ў магазінах сэканд хэнда цэны, як вядома, часам проста сімвалічныя. Толькі ці адным гэтым тлумачыцца прыцягальнасць сэканд хэнда?..

“Другая рука”

“Second hand” — у перакладзе з англійскай мовы “другая рука”. У вольным перакладзе — “з чужога пляча”. Паняцце ўзнікла ў давіктарыянскую эпоху, калі англійскія каралі і іх набліжаныя аддзячвалі ці ўзнагароджвалі сваіх верных васалаў вопраткай — з “каралеўскага пляча”. У сучасным разуменні паняцце і сама сутнасць “сэканд хэнда” намалявалася значна пазней, і ўсё там жа — у Англіі. Спачатку, як дапамога самым бедным гараджанам: багаценькія і проста людзі з дастаткам здавалі беднякам непатрэбныя рэчы. Потым з’явіліся праныры, якія сталі арганізавана збіраць і ўжо прадаваць вопратку “з другога пляча”. Так сэканд хэнд ператварыўся ў бізнес.

Сучасны сэканд хэнд — гэта не гуманітарная дапамога галадаючым і беспрытульным, а самы звычайны тавар, які прадаецца, а не раздаецца. Перад тым як патрапіць у гандлёвую залу, вопратка праходзіць усе стадыі перадпрадажнай апрацоўкі. Вы нават можаце азнаёміцца з сертыфікатамі якасці і сертыфікатамі дэзынфекцыйнай апрацоўкі.

Многія суграмадзяне перакананы, што паношаныя рэчы, якія выстаўлены на продаж, — ледзь не з памыйкі, ад невядома якіх людзей. “Можа, нават ад нябожчыкаў, — казаў мне адзін стары з Ганцавічаў, — то лепей буду даношваць сваё латанае, чымся гэткае дабро, гары яно гарам…”

Смех смехам, але і напраўду: адкуль бяруцца новыя ці амаль новыя рэчы ў сэканд хэндах? Адказваю шаноўнаму дзядзьку Антосю з Ганцавічаў, роўна як і ўсім астатнім. Многія еўрапейцы з багатых краін лічаць за лепшае не насіць вопратку да дзірак, а толькі адзін сезон. Ну, прыкладам, як і з тымі іншамаркамі… Які немчык паездзіць на сваім “Мерсе” пяць-шэсць гадоў, і прадае, як яму здаецца, старую ўжо калымагу. Тую купляе наш чалавек і ездзіць на ёй яшчэ гадоў дваццаць. Ну, пакуль, значыцца, не згніе “Мерсік” ушчэнт ці сам кіроўца не дасць дуба. Гэтак прыкладна і з штанамі ці кашуляй… Паносіць-пафарсіць якое лета, і валачэ ў сэканд хэнд учарашнюю яшчэ абнову… Канечне, не за так, як некаторыя думаюць, а за пэўную грашовую ўзнагароду. Прычым, у адрозненне ад патрыманых аўто, у сэканд хэнды трапляе вопратка часцяком ні разу не адзяваная, нават з біркамі. Бывае, як пашэнціць, можна за капейкі набыць брэндавую і проста якасную рэч. Увогуле якасныя “шмоткі” трапляюць у сэканд хэнды не дзякуючы шчодрасці нейкіх дабрадзеяў ці там з жаласці “буржуяў”. І гэта не выкінутая на сметнік вопратка якой-небудзь памерлай старой баранесы. Фірмачка, якая збірае паношанае, аб’яўляе ў прызначаным раёне ўсім жыхарам пра маючую адбыцца акцыю. Збор можа праходзіць як ва ўстаноўленых месцах, так і па дварах, вуліцах. У любым выпадку, здаючы рэчы, людзі атрымліваюць узамен розныя дысконтныя карткі, купоны і сертыфікаты на зніжкі. Таму сэканд хэнд і мае свой кошт… Купляюць жа ў сэканд хэндах не толькі малазабяспечаныя грамадзяне, як можа падацца на першы погляд, але і тыя, хто адносіць сябе да людзей з сярэднім дастаткам і нават вышэй. Прадузятае меркаванне і ў тых, хто лічыць, быццам нашы прадпрымальнікі, што займаюцца продажам сэканд хэнда, атрымліваюць тавар на Захадзе не за грошы, а бясплатна, у якасці гуманітарнай дапамогі ад нейкіх міфічных гуманітарных арганізацый. Не, там усё мае сваю цану, таму нашым прадпрымальнікам прыходзіцца круціцца, як і ўсім астатнім. Упаў курс беларускага рубля, значыцца, паменела абарачальных сродкаў — усё прыходзіцца купляць за валюту… Інфляцыя, павышэнне цэн — і гэтая напасць тут як тут. Але, як бы там ні было, “Планета Second Hand” не збіраецца сыходзіць з арбіты, у чым я і пераканаўся, ступіўшы на яе паверхню…

Касмічныя зніжкі

— З дзесяці тысяч адзінак тавару, які выстаўлены на продаж у “Планеце…” вы не знойдзеце дзвюх аднолькавых… Ці не гэтая акалічнасць прываблівае сюды людзей самых розных узростаў?пытаюся ў Сяргея Мартынава, дырэктара кампаніі “Пінгалін”, у якую і ўваходзяць крамы “Планета Second Hand”.

— Так і ёсць, пагаджаецца той. — Справа ў тым, што ў дробных сэканд хэндах асартымент небагаты, і пакупніку цяжка нешта падабраць для сябе: то памер не той, то фасон, то яшчэ нешта. У нас — каласальны выбар тавараў, на ўсе густы і ўзросты. А галоўнае, тут кожны можа набыць рэч па сваім кашальку, бо цэны акурат па сённяшнім дні — як для малазабяспечаных, так і для людзей з сярэднім дастаткам. Дадайце сюды тое, што кожны месяц увесь асартымент цалкам абнаўляецца, на сто працэнтаў”.

— Верагодна, ваш асноўны пакупнік — людзі пенсіённага ўзросту, тыя, каму цяпер найскладаней у жыцці? Пенсіі ж, самі ведаеце якія…

— Пераважная большасць наведвальнікаў — моладзь, студэнты… Чаму? Адказ просты: моднікі і модніцы без асаблівай шкоды для студэнцкага бюджэту абнаўляюць свой гардэроб. Рэчы ў нас на 90 працэнтаў з Еўропы, трапляюцца вядомыя брэнды, часам проста эксклюзіўныя. Ну і, вядома, студэнцтва разам з настаўнікамі, урачамі, шматдзетнымі сем’ямі, пенсіянерамі, складаюць асноўную кліентуру “Планеты…”. Людзей папросту задавальняе і якасць, і цана. Некаторыя маладыя людзі купляюць адразу па некалькі пар тых жа джынсаў, ці там маек, куртак, світэраў… Некаторыя тут жа адразаюць калошыны, і атрымліваюцца шорты…

— А нейкія цэнавыя зніжкі для самых малазабяспечаных маюцца?

— Мы рэгулярна праводзім акцыі-распрадажы… Дык вось падчас такіх акцый — сезонных, штомесячных — цэны іншым разам зніжаюцца на 70–90 працэнтаў. Кожны пенсіянер можа не проста наведаць нашу краму, але, так бы мовіць, стаць на ўлік… Яшчэ не было выпадку, каб ветэрану вайны ці працы мы не знізілі цану. І потым, кожны пажылы чалавек мае магчымасць запоўніць спецыяльную анкету са сваімі данымі, пакінуць нумар свайго мабільнага тэлефона. За дзень ці два перад распродажам мы паведамляем яму, што, прыкладам, заўтра чакаем вас на распродаж… На сённяшні дзень такіх людзей у камп’ютарнай базе “Планеты” больш за 20 тысяч. Ну і, канечне, пастаянным кліентам мы выдаём дысконтныя пластыкавыя карткі, якія дазваляюць купіць тую ці іншую рэч на 5–10 працэнтаў танней… Праўда, падчас распрадажы карткі не дзейнічаюць, а толькі ў звычайныя дні.

У нас поўная свабода дзеянняў для пакупнікоў. Тут няма вывескі “Рукамі не чапаць!”. Наадварот, можна спакойна перабіраць рэчы адну за другой, бясконца прымяраць і, нарэшце, рэальна што-небудзь купіць — цэны ж не куслівыя. У першай зале — на кожнай рэчы цэннік, а ў другой — усё прадаецца… на вагу. Выбірай што хочаш — і нясі на касу, там ваш пакет узважаць, нават не зірнуўшы, што ў ім. Адзін кілаграм вопраткі — 159 тысяч рублёў…

— Наколькі моцна ўдарыла па вашым бізнесе падзенне ўзроўню жыцця нашых суграмадзян?

— У сувязі з падзеннем курса рубля ўзніклі было праблемы з набыццём тавару, бо мы практычна ўвесь тавар купляем за межамі Беларусі. Канечне, рознічныя цэны так ці інакш, але прыйшлося карэкціраваць. Аднак істотных павышэнняў не адбылося. Думаю, гэта ацанілі і нашы пакупнікі. Трэба разумець: “Планета Second Hand” — апірышча для тых, каму найцяжэй у гэтым жыцці…”



Поделиться ссылкой: