У лісце, падпісаным намеснікам міністра Сяргеем Алейнікам, гаворыцца, што “даць інфармацыю аб прычынах анулявання візы для ўезда ў Рэспубліку Беларусь грамадзяніну Рэспублікі Польшча Яўгену Вапе не прадстаўляецца магчымым”. 

Пры гэтым у лісце даецца спасылка на артыкул 31 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” ад 4 студзеня 2010 г. № 105-3, згодна з якім органы, якія прынялі рашэнне аб адмове ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь або ануляванні візы для ўезда ў Рэспубліку Беларусь, не абавязаны інфармаваць замежнага грамадзяніна, яго сваякоў і прадстаўнікоў аб падставах прыняцця такога рашэння.

Таксама ў лісце адзначаецца, што артыкулам 20 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб узаемных паездках грамадзян ад 20 снежня 2007 г. устаноўлена, што палажэнні Пагаднення “не абмяжоўваюць права кампетэнтных органаў дзяржавы  адной Стараны адмовіць у ўездзе або абмежаваць тэрмін прабывання на тэрыторыі сваёй дзяржавы грамадзянам дзяржавы другой Стараны, калі гэта выцякае з палажэнняў нацыянальнага заканадаўства”, паведамілі “Народнай Волі” у Інфармацыйным цэнтры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Нагадаем, Яўген Вапа  — з’яўляецца сябрам Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына” і менавіта па запрашэнні “Бацькаўшчыны” ён атрымаў службовую візу для ўезду ў Беларусь. 23 мая пры перасячэнні беларускай мяжы беларускія памежныя службы анулявалі візу Яўгену Вапу, не пусціўшы такім чынам на тэрыторыю Беларусі. Прычыны такога рашэння Пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве назваць адмовілася.

У сувязі з гэтым Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася ў МЗС Беларусі з просьбай патлумачыць прычыны анулявання візы. На першы ліст МЗС ніяк не адрэагавала. Адказ, як бачым адмоўны, “Бацькаўшчына” атрымала толькі пасля паўторнага звароту ў МЗС, у якім спаслалася на Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-З “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

Адзначым, што Яўген Вапа – старшыня ўправы “Радыё Рацыя”, галоўны рэдактар Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, сябра Кансультацыйнай Рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры, сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” — з’яўляецца актыўным грамадскім дзеячам беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, старшынёй Беларускага саюза ў Польшчы. Шмат у чым дзякуючы яго дзейнасці беларуская меншасць у Беласточчыне захавалася і актыўна дзейнічае на грамадска-культурнай ніве. Не зважаючы на ўсё гэта, Беларусь – краіна-Радзіма – стала для Яўгена Вапы недасяжнай.

Поделиться: