Даведка:

Фёдар Мірзаянаў нарадзіўся 9 снежня 1990 года ў Баранавічах. Скончыў гімназію, у 2008 годзе паступіў у  Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.  Пасля падзей 19 снежня адбыў адміністрацыйны арышт тэрмінам 15 сутак.  25 студзеня 2011 года быў зноў арыштаваны. Прад’яўлена абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства па арт.293, ч.1 і 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Масавыя беспарадкі”). 14 мая 2011 года асуджаны на 3 гады зняволення. Вядомая праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя» прызнала яго палітвязнем.

Адразу ж хачу папярэдзіць тых, хто ўбачыў у маёй назве нейкі плагіят з першага фільма Марлена Хуцыева, і падкрэсліць, што  такі выбар цалкам абгрунтаваны. Фёдара Мірзаянава прынцыпова назвалі ў гонар дзеда. Толькі той пасля вайны змагаўся ў Заходняй Беларусі за савецкую ўладу, а ўнук — супраць улады, існуючай зараз.

Прага свабоды

Фёдара-малодшага за адны і тыя ж падзеі арыштоўвалі двойчы. Першы — адразу ўвечар 19 снежня 2010 года. За гэта яму далі “традыцыйныя” 15 сутак арышту і накіравалі у Жодзінскі СІЗА. Другі раз “узялі” 25 студзеня 2011 года. І зрабілі гэта вельмі непрыгожа. Калі не сказаць больш жорстка — подла. Дачакаліся, пакуль застаўся апошні экзамен, і “закрылі”. На жаль, сёння падобнае лічыцца “вышэйшым пілатажам”.

І нікога не засмуціла, што “ўдзелу ў масавых беспарадках” не пацвердзіла нават міліцэйскае відэа. Тры гады турмы далі толькі за тое, што юнак смяяўся на прыступках Дома ўрада і выцягнуў з кімсьці пабітага шкла асколак, які мог параніць іншых. Англійскі пісьменнік Льюіс Кэрал называў такія краіны Залюстэркаўем…

Прадзеда Федара-малодшага па лініі маці звалі Іванам Георгіевічам. У гэта цяжка паверыць, але звычайны сялянскі чалавек пра гісторыю сваёй краіны ведаў не менш, чым пра ўласную гаспадарку. Ён не меў спецыяльнай адукацыі (чатыры класы пачатковай школы), але пра Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшку ўпершыню ўнучка Людміла пачула менавіта ад яго, бо на ўроках школьнай гісторыі іх прозвішчы тады не ўзгадвалі. І свайго сына ён хацеў назваць у гонар знакамітага барацьбіта за незалежнасць беларускай краіны, але жонка палічыла гэта больш не беларускім імем, а польскім. У выніку сямейнага кампрамісу, які стаў  следствам лагічнага ланцуга Тадэвуш-Тодар-Фёдар, Людміла і стала Фёдараўнай.

Фёдар Іванавіч Аніська без усялякіх перабольшанняў быў унікальны чалавек. Пагадзіцеся, у няпоўныя 17 год узначаліць буйны сельскі Савет — і гонар, і рызыка. Асабліва пасля вайны і асабліва ў Заходняй Беларусі. У такіх умовах без асабістай мужнасці не выжыць. Магчыма, менавіта гэтая якасць і перадалася яго ўнуку.

Фёдар Рымавіч Мірзаянаў нарадзіўся  9 снежня 1990 года. Тыя, хто верыць у наканаванасць чалавечага лёсу, лічаць, што  шмат залежыць ад умоў нашага прыходу ў гэты свет. Калі так, то тут можна толькі пазайздросціць, бо нараджэнне адбылося ў перыяд вялікага жыццёвага поспеху яго маці. За паўгода да таго яна была ўдзельнікам Усесаюзнага з’езда творчых выкладчыкаў педагагічных вучылішч. Для 30 год гэта больш чым салідна.

Бацька юнака, Рым Мірзаянаў, па спецыяльнасці інжынер-сістэматэхнік, адзін месяц працаваў у Расіі, а другі месяц знаходзіўся ў Беларусі. І амаль цалкам прысвячаў яго выхаванню сына. Маці, Людміла Мірзаянава, якая зараз з’яўляецца кандыдатам псіхалагічных навук, у гэты час вельмі шмат увагі надавала сваёй навуковай дзейнасці, таму Фёдар, слава Богу (яе словы), вельмі хутка стаў СВАБОДНЫМ чалавекам. А галоўнае — прывык адказваць за свае дзеянні.

У школе ён быў вельмі сур’ёзным вучнем. Задаваў шмат пытанняў, якія часам не вельмі падабаліся настаўнікам, таму што прымушалі крытычна думаць і іншых. Пасля выпускнога вечара яны так і сказалі Людміле Фёдараўне: цудоўны ў вас вырас сын, але нам з ім было асабліва цяжка, бо вельмі любіць пытацца…

На школьную вучобу ішло не шмат часу, большасць займалі кнігі, розныя камп’ютарныя праграмы, падрыхтоўка да алімпіяд. А яшчэ, як і бацькі, ён не быў абыякавы да таго, што адбываецца ў краіне.

Адзін са школьных сяброў не так даўно  ўспамінаў, як падчас выбараў-2001 таемна ад бацькоў, ноччу яны клеілі па Нясвіжы ўлёткі з агітацыяй за апазіцыйнага кандыдата. Хлапчукам было тады адначасова і страшна, і цікава. 11 год!!!

Па даручэнні настаўнікаў Фёдар праводзіў у класе палітінфармацыі і ставіўся да гэтага вельмі сур’ёзна.  Заўсёды чытаў шмат газет і крытычна, удумліва аналізаваў іх змест.

У 2003 годзе бацькі сустракалі яго з Італіі. У 12-гадовым узросце ён стаў удзельнікам міжнароднага фестывалю дзіцячага кіно, які штогод праходзіць у ліпені ў італьянскім горадзе Джыфані. Дакладней, быў сябрам журы. Там ён упершыню меў зносіны з замежнымі кінематаграфічнымі зоркамі, сустрэча з якімі адбылася ў так званым памаранчавым садзе. Першымі словамі пасля вяртання на радзіму тады былі “Мы павінны жыць, як у Еўропе!!!”

Быў год, калі ён удзельнічаў адразу ў трох гарадскіх алімпіядах – па гісторыі, праграміраванні, геаграфіі. Усё гэта адбылося на працягу аднаго тыдня. Па першых двух прадметах заняў першыя месцы, а на алімпіядзе па геаграфіі — трэцяе. Так інтэнсіўна на іх працаваў, што, калі прыйшла расслабуха, арганізм не вытрымаў і хлопчык захварэў. На працягу дня ён не ўставаў з ложка.

Асобна трэба сказаць пра яго бабулю па лініі маці — Ніну Васільеўну Аніська. Фёдар з дзяцінства любіць працаваць на яе агародзе, слухаць успаміны “пра немцаў” і пра тое, як яны жылі “пры Польшчы”. Вяртаючыся ад яе, нязменна казаў, што трэба есці простую беларускую ежу і тады заўсёды будзеш здаровым.

Бабуля Ніна чакае свайго памочніка кожны дзень і не разумее, чаму яны яго забралі і каму гэта было патрэбна…

Натуральна, што пасля заканчэння школы Фёдар сваю будучую ВНУ абіраў сам — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Дакладней — факультэт менеджменту па спецыяльнасці “эканамічная кібернетыка”. Дарэчы, менавіта такой была спецыялізацыя  і ў вядомага беларускага эканаміста Леаніда Злотнікава.

Паступіў на так званае бюджэтнае аддзяленне, якое дазваляе  не плаціць грошы за навучанне. Студэнты расказваюць, што там вучацца альбо вельмі разумныя, альбо “блатныя”.

Паспяхова перайшоў на трэці курс, але зімовая сесія пакуль стала апошняй у яго студэнцкай біяграфіі. Паспеў здаць усе залікі і тры экзамены. Чацвёрты (апошні) быў прызначаны менавіта на 25 студзеня. Упэўнены, следчыя гэта ведалі добра (магчыма, праслухвалі), таму ў дзверы кватэры Фёдара Мірзаянава пагрукалі ўжо ў сем гадзін раніцы.

За некалькі дзён да гэтага па тэлефоне яго запрасілі  “для размовы” ў ваенную контрразведку. Калі б пайшоў, то трапіў бы ў “амерыканку” (КДБ), якая лічыцца больш “элітнай” установай, але ён папрасіў пісьмовую павестку і трапіў на “Валадарку” (МУС).

Пасля “знаёмства” (праз дзверы) са следчымі, Фёдар адразу патэлефанаваў свайму дзядзьку Сяргею Аніську, якога мае калегі добра ведаюць не толькі як былога афіцэра КДБ, але і па рабоце ў Беларускім Хельсінкскім камітэце. Той параіў сказаць, што дзверы будуць адчыненымі толькі пасля яго прыезду. Грукаць перасталі, а праз паўгадзіны двое апранутых “у цывільнае міліцыянтаў ужо паказвалі свае службовыя пасведчанні.

Адпаведны шматгадовы вопыт падказваў Сяргею Аніську, што яго пляменніка арыштуюць, але на самай справе гэтага магло б не адбыцца. Паўдня Фёдара Мірзаянава цягалі з кабінета ў кабінет, прапаноўвалі напісаць нешта накшталт даносу на канкрэтных палітыкаў (што, на жаль,  і зрабіў адзін вядомы палітык) і тады адпускалі “на ўсе чатыры бакі”.

Фёдар Мірзаянаў адмовіўся і адразу трапіў за краты.

І яшчэ. Я прынцыпова прытрымліваюся экуменістычных поглядаў  (не толькі наконт хрысціянства) і прынцыпова лічу, што БОГ у людзей адзін. Толькі называем мы яго па-рознаму. Сям’я Мірзаянавых — яскравае таму пацвярджэнне. Бацька — мусульманін, маці — праваслаўная хрысціянка, але галоўнае не ў канфесіях. Галоўнае, што яны пасялілі Бога ў душы сына.

Размова першая

Мая размова з яго маці Людмілай Фёдараўнай цягнулася дзве з паловай гадзіны. За ім я зразумеў — гэтую жанчыну немагчыма зламаць “праз калена”, да чаго ўлады прыстасаваліся за 17 год свайго панавання. Як і яе сына. Такія людзі не могуць жыць, схіліўшы галаву, і падпарадкоўваюцца асабістаму сумленню па вызначэнні.

Нягледзячы на тое што яна пэўны час працавала ў дзяржаўнай установе, доўга пратрымацца пры гэтай уладзе ў Людмілы Мірзаянавай не атрымалася б усё роўна. Не ўпісваецца гэтая жанчына, на мой погляд,  у існуючае зараз асяроддзе. Надта інтэлігентная  і надта разумная. Сёння такія не патрэбныя.

Людміла нарадзілася 6 жніўня 1957 года ў Баку. На беларускай вёсцы ў тыя часы жылі вельмі голадна, і яе маці, Ніна Васільеўна, прыехала туды на камсамольскую будоўлю (пад азербайджанскай сталіцай узводзілі гідраэлектрастанцыю). А бацька, Фёдар Іванавіч (прапаршчык і таксама беларус), у тых краях служыў у войску. У выніку знаёмства ўзнікла каханне, а потым нарадзілася дзяўчынка Люда, якая пражыла ў Азербайджане першыя 10 год свайго жыцця.

Можа, там у яе характары і зявілася тое, што і адрознівае этнічных беларусаў ад карэнных. Магчыма, камусьці такая выснова падаецца спрэчнай, але я лічу, што тыя, хто нарадзіўся за межамі Беларусі, да дзеянняў любой улады ставяцца больш крытычна, чым “тутэйшыя”. Яны пратэстуюць на галоўных пляцоўках, а нашы людзі — больш на кухнях.

Сказаць, што дзяцінства Людмілы Мірзаянавай прайшло толькі  на Каўказе, было б няправільна, бо, калі скончыўся дэкрэтны адпачынак, яе адвезлі ў вёску Кавалі Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці, і час ад часу дзіця жыло ў дзядулі з бабуляй. А ў 10-гадовым узросце пераехала ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства. Дакладней, у Нясвіж, дзе пачала вучыцца ў пятым класе  сярэдняй школы №2.

Яе бацька і дзед шчыра захапляліся гісторыяй, таму цалкам лагічна, што гэтую галіну абрала і дачка, але па парадзе маці (раптам не пройдзеш конкурс) вырашыла падстрахавацца інстытутам замежных моў. Як кажуць у такіх выпадках, быццам бы глядзелі ў ваду.

Пасля іняза быў год працы ў сельскай школе і Эфіёпія, куды  Людміла паехала са сваім першым мужам Мікалаем, бацькам яе  сына Антона. А потым зноў было вяртанне ў Беларусь і выкладанне ў педагагічным каледжы Баранавічаў. Дарэчы, выкладаць належала педагогіку і псіхалогію. Нягледзячы на дыплом іняза…

Мабыць, на такое рашэнне паўплывала кароткачасовая, але вельмі паспяховая праца ў гарадскім Доме школьнікаў, дзе яна рыхтавала святы (без інстытута культуры!!! — Заўвага аўтара) для ўсяго горада. Спецыяльнай адукацыі не было, але быў досвед асабістай грамадскай дзейнасці, якая вельмі часта факусіравалася на нейкіх канцэртах.

Так лёс “перавёў” яе ў зусім іншую галіну чалавечага жыцця.

Хаця педагагічную адукацыю яна ўжо мела, на новай пасадзе гэтага было яўна недастаткова. І Людміла пайшла вучыцца зноў. На базе Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка яна атрымала дыплом практычнага псіхолага.

Было гэта ў 1990 годзе. Літаральна напярэдадні нараджэння Фёдара. І праз два гады пасля развітання з першым мужам.

Рым Мірзаянаў родам са сталіцы Башкортастана Уфы. Яго бацькі Мубарак і Данія — прававерныя мусульмане. Бабуля Фёдара, Данія, калі выйшла на пенсію, скончыла мусульманскую духоўную школу. Чытае і піша на арабскай мове.

Менавіта ў Башкортастане з сябрамі бацькі  Фёдар неаднаразова падарожнічаў на Уральскія горы і сплаўляўся па горнай рэчцы Інзер. Яго равеснікі-расійцы спрачаліся з ім наконт ролі Расіі і Беларусі ў сучасным свеце. Працяглыя дыскусіі заўсёды канчаліся спевамі каля кастра. Высоцкі, Акуджава, іншыя барды збліжалі больш, чым пустапарожнія шматгадовыя размовы пра інтэграцыю.

Ад бацькі Фёдар узяў стрыманасць і цвёрдасць духу, а ад маці — свабодалюбства. Падчас Савецкага Саюза Рым Мубаракавіч (1983 год) скончыў авіяцыйны інстытут, пасля якога адбываў свой вайсковы абавязак у Баранавічах. Там і адбылося знаёмства з Людмілай.

Усе акалічнасці тагачаснай “Санта-Барбары” пераказваць няма сэнсу. Адзначу толькі, што сысці ад чалавека, з якім пражыў дзесяць год, — учынак. І няма нічога дзіўнага ў тым, што праз шмат год учынкі пачне рабіць і яе сын.

Ніхто не будзе спрачацца з тым, што настаўнік у нейкім сэнсе — акцёр, бо яму патрэбна ўмець добра кіраваць тварам, голасам, жэстам і г.д. Усё гэта трэба рабіць эстэтычна, прыгожа. Даруйце за “прапісную ісціну”, аднак рыхтаваць сапраўднага выкладчыка азначае не толькі механічную рэтрансляцыю ведаў у пэўнай галіне, але і навуку перадаваць іх іншым. Можа быць, менавіта па гэтай прычыне прапанаваны Людмілай Мірзаянавай дыдактычны (навучальны) тэатр у айчыннай педагогіцы напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя стаў вельмі значнай з’явай. Настолькі, што калі звычайны педагагічны каледж атрымаў статус вышэйшага (стаў інстытутам. — Заўвага аўтара) яе прызначылі прарэктарам на навуцы. Але спачатку была абарона кандыдацкай дысертацыі ў 1997 годзе.

“Кіравала навукай” Людміла  Мірзаянава доўгія сем год. І не проста “ляжала на пасадзе”, што сёння стала амаль прыкметай часу, а ПРАЦАВАЛА. Маюцца на ўвазе шматлікія міжнародныя навуковыя канферэнцыі па праблемах прафесійнай адаптацыі, міжнародныя канферэнцыі моладзі. У Баранавічы пачалі прыязджаць выдатныя навукоўцы ў галіне  псіхалогіі і педагогікі не толькі з Беларусі, але і з Балгарыі, Украіны, Расіі. Дарэчы, многія  пасля арышту Фёдара Мірзаянава будуць пісаць лісты ў яго падтрымку.

Звычайна іх мерапрыемствы праходзілі па некалькі дзён і складаліся не толькі з адных дакладаў, але (пераважна) і з практычных заняткаў, бо для Людмілы Мірзаянавай навуковец — гэта не толькі той, хто ў лабараторыі дзеля навукі вывучае нейкую праблему. Яго тэмы павінны ісці ад жыцця і цалкам адпавядаць патрэбам чалавека.

Сёння пра гэта таксама многа гавораць, але далей пустых лозунгаў справа не ідзе. Людміла Мірзаянава ўсё зразумела і адразу стала “палітычна ненадзейнай”.

У 2005 годзе ў Нацыянальным інстытуце адукацыі яна скончыла дактарантуру па педагагічнай псіхалогіі, але абараніцца на тэрыторыі Беларусі не змагла. Пры адпаведным галасаванні не хапіла аднаго голасу…

У 2004 годзе на базе Баранавіцкага вышэйшага педагагічнага каледжа з далучэннем шэрагу прыватных навучальных устаноў (цалкам не падрыхтаваных да такога жыцця)  быў створаны ўніверсітэт. Механічна ўсіх аб’ядналі, памянялі шыльду, атрымалі прэзідэнцкае “дабро” і пачалі “тусавацца”. Нікога нават не засмуціў відавочны дэфіцыт вартых выкладчыкаў.

Рэктарам прызначылі чалавека звязанага з сельскай гаспадаркай, з Горак, а ўсіх “мясцовых” адштурхнулі ўбок. У тым ліку і Людмілу Мірзаянаву, якой  (як з барскага пляча) прапанавалі ўзначаліць адну з кафедраў. Аднак не на тую нарваліся — ісці на незаконнае паніжэнне яна адмовілася і да жніўня мінулага года працавала амаль простым выкладчыкам. Толькі на прафесарскай пасадзе.

Разуменне “новымі” незаконнасці сваіх дзеянняў  прыводзіла да таго, што ў адрозненне ад іншых крэслаў з верасня па снежань 2004 года месца прарэктара па навуцы было вакантным. Як кажуць, і хочацца, і колецца. Нонсенс: універсітэт працуе, а за навуку ніхто не адказвае.

Людмілу Мірзаянаву нават хацелі на гэтую пасаду вярнуць, і некаторыя  паспяшаліся павіншаваць. Але — не атрымалася. І зноў па палітычных прычынах. Аднойчы вечарам у яе дзверы сталі грукаць і патлумачылі, што праводзяць нейкае сацыялагічнае апытанне. Адразу  пацікавіліся адносінамі да ўлады. Адказваць на яўна правакацыйнае пытанне яна адмовілася, аднак сярод іншага сказала, што, на яе погляд, свабоды ў краіне недастаткова. Гэтага хапіла для таго, каб “сацыялагічнае апытанне” імгненна скончылася…

Размова другая

З Беларусі Людміла з’ехала ў жніўні 2010 года ў Паўднёва-Сахалінск, дзе зараз працуе яе муж. Пачала працаваць і яна ў Сахалінскім дзяржаўным універсітэце, а вярнулася ў Беларусь толькі падчас суда над сынам.

Рым Мірзаянаў так зрабіць не змог, таму “ролю” бацькі часова ўзяў на сябе Сяргей Аніська.

Нягледзячы на тое, што мы сябруем ужо шмат гадоў, на свой сорам, я не ведаў, што Фёдар Мірзаянаў з’яўляецца пляменнікам менавіта яго. А яшчэ — пра вельмі цікавы жыццёвы шлях майго сябра.

Праўда, пачаў яго Сяргей Аніська з аповеду пра свайго бацьку. І гэта невыпадкова, бо той быў сапраўды неардынарнай асобай. На жаль, усяго ў 58 год яго забраў інсульт. Самае цікавае, што за два дні да смерці ён доўга размаўляў са сваім сынам. Распавядаў пра сваё жыццё, дэталі вайсковай службы, знаёмства з маці, нараджэнне дзяцей, унукаў і г.д. Чаму гэта адбылося менавіта тады, вядома толькі на нябёсах. Магчыма, чалавек спяшаўся выгаварыцца… Як бы там ні было, Сяргей Аніська (як і многія з нас) шкадуе, што такіх грунтоўных гутарак было вельмі мала…

Фёдара Іванавіча Аніську прызвалі ў армію менавіта ў той час, калі пачалося сумна вядомае “хрушчоўскае” скарачэнне і тэрміны яшчэ не былі дэталёва адрэгуляваны. Прызывалі на пяць гадоў, праслужыў толькі тры, але за гэты час яго буйны сельсавет падзялілі на некалькі “нармальных”. Пасады там занялі іншыя людзі, і ён вырашыў застацца ў арміі на звыштэрміновую. Спачатку служыў у артылерыі, потым у чыгуначных войсках, а затым ва ўрадавай сувязі КДБ.

Апынуўся там, па сутнасці, выпадкова, але гэта выпадковасць (а можа, зігзаг лёсу?) і дазволіла вярнуцца з азербайджанскага Баку ў родную Беларусь. Аднойчы ўся іх сям’я  ехала сюды ў адпачынак. Суседам па купэ аказаўся афіцэр з Нясвіжа. Ён  прапанаваў перайсці да іх і абяцаў дапамогу з пераводам.

Упэўнены, падобных прыкладаў можа багата ўспомніць кожны з нас і пацвердзіць тое, што часцей за ўсё яны абмяжоўваюцца звычайным купэйным знаёмствам. Гэты выпадак можна назваць прыемным выключэннем, бо Аніські  хутка сапраўды аказаліся ў Нясвіжы.

Там яны пражылі да 1974 года, пакуль Фёдара  Іванавіча не накіравалі ў Манголію. У горадзе Дзуун-Хараа гэтай краіны Сяргей скончыў школу і атрымаў унікальны атэстат на мангольскай мове, які больш падобны на нейкую жэсаўскую даведку, чым на дакумент, які пацвярджае сярэднюю адукацыю. Цяпер Сяргей з вялікай цяжкасцю можа вылічыць канкрэтна, за што атрыманы канкрэтныя адзнакі, але гэта і неістотна. Тады ў хлапчука не было ніякіх ваганняў наконт выбару жыццёвага шляху — толькі афіцэр. Ды і не магло быць інакш, бо ўсё сваё невялікае на той час жыццё ён правёў выключна ў ваенным асяроддзі.

А вось з выбарам вайсковай прафесіі сыну дапамог бацька. Жыццёвы вопыт лёгка разбіў юнацкі рамантызм, і Ленінградскае вучылішча падводнага плавання імя Ленінскага камсамола засталося за дужкамі. Як і Саратаўскае верталётнае. Замест усяго гэтага быў прапанаваны аўтамабільны накірунак, што было таксама даспадобы Сяргею, бо кіраваць ён навучыўся яшчэ ў школе. А галоўнае — не перашкаджала потым пайсці па слядах бацькі.

Адпаведных ваенных вучылішчаў у Савецкім Саюзе тады працавала толькі чатыры, таму выбар быў невялікі. Усурыйск адразу быў адрынуты па той прычыне, што знаходзіўся на другім канцы СССР. Чалябінск “адпаў” з-за чыста кліматычных умоў. Холад пасля Манголіі Сяргей прынцыпова не любіў. Аўтамабільнае вучылішча ў Разані лічылася суперэлітным, і туды траплялі пераважна па блаце, таму застаўся Самарканд.

На апошніх курсах да іх тройчы прыязджалі “пакупнікі” з асобага аддзела КДБ Туркестанскай ваеннай акругі. Спачатку жадаючых было за сотню, а пасля таго, як высветлілася, што служыць выпадае ў Афганістане, такое жаданне выказалі толькі шэсць чалавек. Сяргей Аніська быў сярод іх, але афіцыйна накіравалі яго ў роднае вучылішча камандзірам курсанцкага ўзвода. І толькі потым — у Ташкент, а адтуль — у Кабул.

Спачатку быў памочнікам начальніка штаба батальёна 58-й аўтамабільнай брыгады, а потым узначаліў роту. Для маладога лейтэнанта гэта  магчыма толькі на вайне. А вайна там была сапраўднай, бо аўтамабільныя калоны атакавалі часцей за ўсё, і таму 49 рэйсаў (52 тыс.км!) Сяргея Аніські гавораць самі за сябе. І галоўнае — ён ніколі не быў тым афіцэрам, які хаваецца за спінамі падначаленых.

Дарэчы, з КДБ яго знайшлі і там, аднак было гэта перад самай заменай у беларускі Слонім. Ужо адтуль Сяргей паступіў у Новасібірск на вышэйшыя курсы ваеннай контрразведкі. Скончыў іх у ліпені 1985 года, і яго (па легендзе студэнта Новасібірскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту) накіравалі на месяц на Маскоўскі фестываль моладзі і студэнтаў.

Сэнс той работы зразумелы, таму засяроджу вашу ўвагу выключна на тым, што пасля “сталічнай камандзіроўкі” Аніська на год трапіў у асобы аддзел КДБ па Брэсцкім гарнізоне. Потым былі Камянецкі раён і Мінск, дзе яму давялося працаваць у інфармацыйна-аналітычным аддзеле (IAA), і пасада намесніка начальніка ваеннай контрразведкі ў Мар’інай Горцы.

Калі Беларусь стала незалежнай, яго прызначылі кіраўніком  IAA. Так было да 1995 года. Менавіта ў гэты час стала цалкам зразумела тое, які шлях абралі новыя ўлады, і тое, што яны будуць трактаваць законнасць, мякка кажучы, вельмі фрывольна.

Прашу прабачэння за банальнасць, але ў жыцці кожнага з нас бываюць моманты, калі канкрэтны ўчынак вызначае далейшы лёс чалавека. Падрабязна распавядаў пра біяграфію Сяргея Аніські я цалкам невыпадкова, бо хацеў паказаць, што здольнасць ісці супраць цячэння схавана ў іх родзе на генетычным узроўні. І гэта не проста пафасныя словы.

Як і пляменнік у снежні 2010 года, у 1995-м Сяргей абраў шлях, які нельга назваць канфармісцкім. Служыць падпалкоўнік Аніська мог бы яшчэ шмат год (пасада дазваляла), але зрабіў інакш. Ён сышоў. Сышоў, каб не быць побач з тымі, хто плюе на любую мараль.

Размова, якая абавязкова будзе

Для Фёдара Мірзаянава Сяргей Аніська не проста дзядзька. Ён — хросны бацька. Таму адчувае адказнасць за пляменніка перад БОГАМ. І ганарыцца, бо змагацца за праўду значна цяжэй, чым рабіць выгляд, што ўсё вакол “стабільна”.

Напярэдадні нашай сустрэчы   ў Фёдара Мірзаянава з’явіўся другі адвакат. Бацька юнака — грамадзянін Расіі, таму новы адвакат адразу пачаў высвятляць пра адносіны да змены грамадзянства. Пэўны сэнс у такіх “метамарфозах” ёсць, бо стаўленне нашых улад да грамадзян Расіі больш лагоднае, чым да мясцовых. З’яўляецца шанц на нейкую лаяльнасць, аднак выкарыстоўваць падобную магчымасць Фёдар Мірзаянаў катэгарычна і прынцыпова адмовіўся.

Учынак, наконт якога варта ў знак павагі зняць капялюш!

Кватэра, дзе жыве Фёдар Мірзаянаў, месціцца амаль насупраць вайсковай часці, якую раней называлі “брыгадай сувязі на Маякоўскага”. Новая ўлада кардынальна змяніла не толькі шыльду, але і сутнасць вайскоўцаў. Цяпер там падраздзяленне ўнутраных войскаў. Тыя самыя “касманаўты”, якія даўно перасталі баяцца крыві суайчыннікаў.

Расказвалі, што амаль кожны дзень яны трэніруюцца ваяваць з “натоўпам”. Шчыты, гумовыя дручкі, шлемы. “Зорныя войны” па-беларуску.

Магчыма, гэтыя хлопцы і “працавалі” 19 снежня 2010 года. Магчыма, нехта з іх і “зачысціў” тады студэнта, які жыве амаль насупраць іх казармаў.

Падчас гутаркі з Людмілай Мірзаянавай, якая апошнім часам шчыльна займаецца праблемамі маладзёжнай наркаманіі, вакол нас настойліва хадзіў кот з мянушкай Пушысцік. Усім сваім выглядам дэманстраваў, што ў адсутнасць гаспадара самы галоўны там ён. Ды і сама адсутнасць — часовая справа.

Я думаю таксама так, таму спадзяюся ў недалёкім будучым паразмаўляць з чалавекам, якога пакуль не ведаю асабіста, але вельмі паважаю завочна.



Поделиться ссылкой: