Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў “Народнай Волі”, што ў міліцыі Фрунзенскага раёна яго папярэдзілі аб тым, што ён мусіць кожны раз ставіць у вядомасць участковага, калі вырашыць выехаць за межы краіны ці горада больш чым на месяц. Таксама былы палітвязень мусіць паведамляць пра сваё новае месца жыхарства. Участковы папярэдзіў Аляксандра, што да яго будуць ужытыя больш жорсткія меры кантролю, калі той тройчы патрапіць пад адміністрацыйны арышт.

“Я з уласнага досведу ведаю, як у нас можна патрапіць пад адміністрацыйную адказнасць. Ведаю, што можна, не выходзячы з кватэры, апынуцца за кратамі. Такая практыка ў нас была досыць шырока распаўсюджана яшчэ на пазамінулых выбарах. Людзей абвінавачвалі ў дробным хуліганстве і г.д. Калі будуць мець адмысловы загад, то пасадзяць любога. Гэта нескладана”, — так пракаментаваў папярэджанне міліцыянера Аляксандр Атрошчанкаў.  На яго думку, менавіта такім чынам улады спрабуюць прадухіліць актыўны ўдзел былых палітвязняў у буйных вулічных акцыях дэмакратычнай супольнасці. 

Поделиться: