Прыкладна тры гадзіны цягнуўся допыт абвінавачанага па гэтай справе Уладзіслава Кавалёва. Нагадаем, напярэдадні ён адмовіўся ад сваіх паказанняў аб саўдзеле ў арганізацыі выбуху ў сталічнай падземцы. Па словах Кавалёва, на папярэднім следстве на яго ціснулі псіхалагічна:  маўляў, загадалі прызнацца, паабяцалі тэрмін за неданясенне аб злачынстве. А па абвінавачанні ў тэрарызме Кавалёву, па яго словах, абяцалі ў лепшым выпадку 25 гадоў зняволення.

Уладзіслаў Кавалёў сказаў, што фізічнага ўздзеяння да яго не прымянялі. Прыгадаў толькі адзін выпадак, калі яго быццам бы моцна штурхнуў следчы, жонка якога часта бывае на “Кастрычніцкай”.

На пытанне суда, чаму ж Кавалёў адмовіўся ад ранейшых паказанняў, ён адказаў: “Я спужаўся расстрэлу…” А на большасць пытанняў абвінавачання ён адказваў “Не ведаю” ці “Не помню”.

Па версіі Кавалёва, якая сёння была агучана ім у судзе, напярэдадні выбуху ў метро падзеі разгортваліся наступным чынам: галоўны абвінавачаны ў тэракце Дзмітрый Канавалаў прыехаў у Мінск цягніком з Віцебска 10 красавіка бягучага года. Іх сустрэча адбылася на вакзале. Кавалёў заўважыў сумку, з якой прыехаў Канавалаў, аднак ні пра мэту візіту ў Мінск, ні пра тое, што знаходзіцца ў сумцы Канавалава Кавалёў быццам бы не ведаў.

Адразу пасля прыезду Канавалава ў Мінск хлопцы паехалі на станцыю метро “Фрунзенская”. У тым раёне знаходзіцца агенцтва нерухомасці, праз якое яны і знялі кватэру для Канавалава. Уладзіслаў Кавалёў падкрэсліваў, што ні разу не зазірнуў у сумку, якую прывёз з сабой Дзмітрый Канавалаў.

У дзень выбуху Кавалёў і Канавалаў сустрэліся на з’ёмнай кватэры. Пілі гарэлку. Бліжэй да вечара Канавалаў некуды з’ехаў…  Сам Уладзіслаў застаўся дома. Вярнуўся Канавалаў праз некаторы час і пайшоў спаць. Пра выбух Кавалёў даведаўся праз тэлерэпартажы, але будзіць сябра не стаў. Таму ён сказаў, што “не верыць у тое, што гэта мог зрабіць Канавалаў”.

Бок дзяржабвінавачання адразу ж звярнуў увагу суда на супярэчнасці паміж паказаннямі, якія даў Кавалёў у судзе, і тымі, што былі падчас папярэдняга следства.

Згодна з першым пратаколам допыту пасля затрымання, Кавалёў ведаў, што ў сумцы Канавалава знаходзіцца “выбухоўка”. Аб гэтым Дзмітрый Канавалаў быццам бы паведаміў свайму сябру адразу ж на чыгуначным вакзале Мінска. Акрамя таго, згодна з папярэднімі паказаннямі, Уладзіслаў Кавалёў ведаў і пра тое, што выбух на Дзень Незалежнасці ў Мінску здзейсніў менавіта Канавалаў…

Чакаецца, што суд па гэтай гучнай справе працягнецца на наступным тыдні.

Поделиться: