У першы дзень судовага разбіральніцтва ў суд з’явіўся 121 пацярпелы. Па хадайніцтве аднаго з іх фота і відэаздымка ў ходзе працэсу былі забаронены. Да таго ж у зале суда не працавала мабільная і інтэрнэт-сувязь… Прадстаўнік мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі ў перапынку патлумачыў, што мабільнай сувязі ў судовай зале не будзе і далей, бо гэта зроблена спецыяльна, каб забяспечыць недатыкальнасць працэсу.

Падалося, што Дзмітрый Канавалаў баіцца сустрэцца вачыма з тымі, хто знаходзіцца ў зале. На пачатку ён нават на нейкі час прыкрыў рукамі твар. А вось Улад Кавалёў трымае галаву высока, здавацца відавочна не збіраецца. Тым больш што на самым пачатку працэсу высветлілася: некаторыя пацярпелыя — на баку тых, хто апынуўся на лаве падсудных. Так, адзін з прысутных — Аляксандр Круты, які прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі, што пацярпела ад выбуху ў метро, — заявіў, што разгляд справы трэба перанесці да адмены ў Беларусі смяротнага пакарання і ўвядзення ў судовую працэдуру інстытута прысяжных засядацеляў. Гэтае хадайніцтва падтрымалі і іншыя пацярпелыя — Лебядзінская і Саакян. Аднак старшыня судовага пасяджэння, першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў, адзначыў, што такія пытанні не знаходзяцца ў кампетэнцыі суда. Затое суд задаволіў хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведкі жанчыны, якая здала кватэру падазроным.

Пацярпелы Саакян, па адукацыі юрыст, адзначыў, што “хоча азнаёміцца з матэрыяламі справы, бо час на гэта быў абмежаваны”. Па яго словах, ён мае сумненні наконт якасці праведзенага расследавання. Але старшынствуючы ў працэсе Аляксандр Федарцоў адзначыў, што час на азнаямленне з матэрыяламі справы быў. А абмежавалі яго для Саакяна, “каб засцерагчы яго ад магчымых наступстваў”. Суддзя патлумачыў, што ў матэрыялах справы Саакяна цікавілі “толькі сувязі абвінавачаных і спосабы вырабу выбуховых прыстасаванняў”. Саакян з Федарцовым не пагадзіўся… Але спрэчка гэта выніку не мела, працэс пайшоў.

Суд распачаўся з таго, што прадстаўнікі дзяржабвінавачання (іх у зале было трое, сярод іх намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук) сталі зачытваць абвінавачанне для Кавалёва і Канавалава. Абарона настаяла на тым, каб усе эпізоды былі агучаны цалкам, бо ў судзе вядзецца аўдыёзапіс разбіральніцтва. Тэкст абвінавачання Дзмітрыя Канавалава агучвалі прыкладна дзве гадзіны, амаль столькі ж — Улада Кавалёва. З тэксту вынікала, што перад намі не людзі, а нейкія пачвары, якія рыхтаваліся стаць забойцамі яшчэ ў школе. Але перад абвяшчэннем перапынку суддзя Аляксандр Федарцоў звярнуўся да прадстаўнікоў СМІ з просьбай “не даваць ацэнак” таму, што адбываецца ў судзе, каб не нашкодзіць. Таксама ён забараніў журналістам падчас судовага разбіральніцтва кантактаваць з пацярпелымі, бо гэта, на думку суддзі, можа паўплываць на іх паказанні…

У ходзе разбіральніцтва Дзмітрый Канавалаў прызнаў віну па выбухах 11 красавіка 2011 года ў мінскім метро і выбуху на 3 ліпеня 2008 года ў Мінску. Па больш ранніх эпізодах, пачынаючы з 2000 года, ён віны не прызнае.

Улад Кавалёў прызнаў віну па фактах хуліганства з 2000-га да 2002 года, але падкрэслівае, што гэтыя выпадкі не неслі пагрозы жыццю людзей.

Сваёй віны па абвінавачванні ў неданясенні аб падрыхтоўцы выбухаў у Віцебску ў 2005 г. Кавалёў не прызнае. Ён таксама не пацвярджае сваіх паказанняў, якія даваў на працягу следства. Па эпізодах 2008–2011 гадоў таксама не лічыць сябе вінаватым. Ад паказанняў, якія даваў падчас следства, Кавалёў адмовіўся.

Відавочна, што гэтая гучная справа будзе разглядацца не адзін тыдзень. Аб тым, што будзе адбывацца на працэсе, мы абавязкова раскажам у наступных нумарах газеты.

Паказальны суд па выбухах у метро. Дзень першы (фотарэпартаж)

Паказальны суд па выбухах у метро. Дзень першы (фотарэпартаж)

Паказальны суд па выбухах у метро. Дзень першы (фотарэпартаж)

Паказальны суд па выбухах у метро. Дзень першы (фотарэпартаж)

Паказальны суд па выбухах у метро. Дзень першы (фотарэпартаж)

Паказальны суд па выбухах у метро. Дзень першы (фотарэпартаж)

Паказальны суд па выбухах у метро. Дзень першы (фотарэпартаж)

фота: Георгій Чыгір

Поделиться: