Як вядома, у  Беларусі адсутнічае Закон “Пра абарону  жывёл ад жорсткага абыходжання”, хаця падобныя законы ёсць у большасці  цывілізаваных краін, ва ўсіх дзяржавах  Еўрапейскага Саюза, ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі (акрамя Расіі). Больш таго, у многіх краінах у наш час на змену дзеючым законам пра абарону жывёл ад жорсткага абыходжання прыходзяць законы другога пакалення: “Пра дабрабыт жывёл”. Нават у Расійскай Федэрацыі цяпер рыхтуецца адносна гуманны праект Закона “Пра адказнае абыходжанне з жывёламі”.

“На гэтым фоне беларускае заканадаўства выглядае безнадзейна адсталым. Згаданы рыхтуемы праект не вырашае праблему абароны жывёл ад жорсткага абыходжання. Насупраць, праект утрымлівае новыя драконаўскія абмежаванні для ўладальнікаў жывёл, узмацняе іх юрыдычную адказнасць, а таксама капіюе цяпер дзейсныя падзаконныя нарматыўныя акты, якія насамрэч вельмі далёкія ад прынцыпаў гуманнасці. Усё гэта здольна прывесці да новай хвалі жорсткага забойства “незаконных” і безнаглядных жывёл, што ў сваю чаргу будзе мець адмоўныя і небяспечныя для грамадства наступствы”, — лічаць “Зялёныя”. На іх думку, праект Закона “Пра абыходжанне з жывёламі” рыхтуецца з відавочнымі парушэннямі міжнародных абавязкаў Беларусі, напрыклад, Орхускай канвенцыі, якая патрабуе абвязковага грамадскага ўдзелу пры падрыхтоўцы юрыдычных экалагічна значных дакументаў. Праект рыхтуецца без шырокага грамадскага абмеркавання і практычна без удзелу прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў.

Яны прапануюць дапусціць прадстаўнікоў Беларускай партыі “Зялёныя” і зацікаўленых грамадскіх аб’яднанняў у склад працоўнай групы па падрыхтоўцы праекта Закона і ўнесці ў тэкст праекта нормы, здольныя забяспечыць у Беларусі рэальную абарону жывёл ад жорсткага абыходжання.



Поделиться ссылкой: