Мітусня тлумачыцца тым, што наверсе ўсё вастрэй адчуваюць дэфіцыт легітымнасці. Рэйтынг правадыра ўпаў ніжэй за калена: паводле даных НІСЭПД (зарэгістраваны ў Літве) — да 29,3% у чэрвені, і піке найхутчэй што доўжыцца. Удумайцеся, асэнсуйце: Лукашэнка сёння дэ-факта — прэзідэнт меншасці. Звыш таго, Захад яго працягвае байкатаваць, абрабаваны народ бурчыць і закіпае… Вось і закруціліся высокія начальнікі, як уюны на патэльні. 

Раз-пораз Лукашэнка спрабуе ўкінуць тэзу, што да саміх выбараў, маўляў, у заходнікаў прэтэнзій няма, усё ўпіраецца ў праблему “так званых палітвязняў”. У тую ж дудку дзьме і яго падначаленая Ярмошына, што дала днямі вялікае інтэрв’ю агенцтву “Інтэрфакс-Захад”.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі “на 90% мы выканалі рэкамендацыі АБСЕ”, запэўнівае кіраўніца ЦВК. Сапраўды, напаказ Еўропе былі прыняты два вазы і цэбар дробных паправак у выбарчае заканадаўства. Кшталту дазволу кандыдатам мець свае фінансавыя фонды. Але ж тое каціныя слёзы — на лічаныя хвіліны тэлерэкламы ў прайм-тайм.

Дарэчы, наконт СМІ. Эфірныя квоты для апазіцыйных кандыдатаў — мізэр на фоне татальнай прапаганды за дзейнага кіраўніка. Каб людзі рабілі сапраўды свядомы выбар, медыйны плюралізм мусіць быць пастаянным, а не раз на пяцігодку.

Ды і ў іншых прынцыповых пытаннях — уключэнне апазіцыі ў выбаркамы, празрысты падлік галасоў — беларускі рэжым сказаў “ад вінта!”.

Заканадаўчыя навацыі — кшталту квоты для партый і грамадскіх арганізацый на трэць месцаў у выбаркамах — ператварылі ў здзек. Практычна пад завязку запоўнілі тыя квоты прадстаўнікамі лаяльных, бутафорскіх арганізацый.

Паводле звестак кампаніі “За справядлівыя выбары-2010”, падчас апошніх выбараў ва ўчастковыя камісіі апазіцыйнымі партыямі ды рухамі было вылучана 1073 прадстаўнікі, з іх уключылі толькі 183, або 17%. Між тым ад праўладных структур прайшло 93%. Ад “Белай Русі”, напрыклад, каля чатырох тысяч чалавек! У выніку апазіцыянеры склалі ва ўчастковых выбаркамах нейкія смешныя долі працэнта.

У фарс ператварылі і назіранне. Дарэчы, падчас гульняў з Еўропай, напрыканцы 2009 года, нават ЦВК прапаноўваў пашырыць паўнамоцтвы назіральнікаў. Але супраць выступіў сам Лукашэнка: “Я не бачу тут праблемы. У нас старшыня выбарчай камісіі на месцы вырашае, каго дапускаць да падліку галасоў, а каго не дапускаць”.

Пры гэтым пані Ярмошына малюе драматычнае палатно: маўляў, рэверансаў у бок Захаду “зрабілі столькі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, што ў выніку стварылі цяжкія ўмовы для працы саміх выбарчых камісій. Гаспадаром у гэтым выпадку пачуваўся не старшыня камісіі, а дробны палітычны авантурыст, які тэрарызаваў участковую камісію”.

Бедная вертыкаль, як яна толькі вытрымала гэты здзек з боку “адмарозкаў”!

Для параўнання. Пазалетась аўтар гэтых радкоў, асвятляючы выбары ў нямецкі бундэстаг, пераканаўся: там назіраць за падлікам бюлетэняў можа ўвогуле любы ахвотны, не паказваючы ніякіх пасведчанняў. Ды што там Германія! Мы бачым па тэлевізары, як нават у самых занядбаных афрыканскіх краінах усе бюлетэні высыпаюцца на стол і кожны паасобку дэманструецца прысутным.

Беларусі тут далёка да Афрыкі. Па-першае, пры падліку бюлетэняў назіральнікі часта бачаць толькі, мякка кажучы, заднія часткі тулава членаў камісій. Па-другое, нават самі члены камісій не ведаюць усёй арыфметыкі па ўчастку, бо кожнаму даюць лічыць толькі асобны стосік.

Яшчэ адна вынаходка ўладаў — расцягнутае аж на пяць дзён добраахвотна-прымусовае датэрміновае галасаванне, вынікі якога асабліва цяжка адсачыць (а калі пашэнціць, то яны, бывае, аказваюцца дыяметральна процілеглымі арыфметыцы асноўнага дня). На апошніх прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова ўкінулі бюлетэні 23,1% беларускіх грамадзян. Цікавы штрых: прыкладна настолькі ж адрозніваюцца лічбы галасавання за Лукашэнку па афіцыйнай версіі і паводле замераў незалежных сацыёлагаў.

Пані Ярмошына і яе сатэліты любяць ківаць на Захад: маўляў, і там галасуюць загадзя! Сапраўды, на тых самых парламенцкіх выбарах у Германіі на ўчастку, дзе мне давялося быць, каля чвэрці выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. Але — увага! — там гэта робяць па пошце, і ўсе канверты распячатваюцца непасрэдна ў дзень выбараў роўна а 15-й гадзіне перад вачыма назіральнікаў. Адчуваеце розніцу?

Дарэчы, сёння беларускае кіраўніцтва пачынае новую гульню з Захадам. І, магчыма, хоча навязаць торг вакол прапарцыянальнай сістэмы на парламенцкіх выбарах. Бо частка аналітыкаў прытрымліваецца спрошчанага погляду: маўляў, выбары паводле партыйных спісаў — гэта лепей для апазіцыі. Яно так, але толькі пры ўмове, што самі выбары ёсць выбарамі, а не фарсам.

У іншым жа выпадку аўтарытарная ўлада сама вырашае, якім партыям наканавана пераадолець бар’ер ды трапіць у парламент. Напрыклад, пераход на прапарцыянальную сістэму ў Казахстане ніколькі не пахіснуў пазіцыі аўтакрата Назарбаева. Ды і ў Расіі з яе “кіраванай дэмакратыяй” загадзя вядома, каго пусцяць у Думу, а хто “не праханжэ”. Там хоць трэсні, а ўраджай мандатаў збярэ “Единая Россия”. У нас на такую ролю рыхтуюць “Белую Русь”.

Карацей, інтэрв’ю Ярмошынай пад загалоўкам “Выбары ў парламент пройдуць паводле дзейнага заканадаўства” можна трактаваць і як намер Мінска падчапіць Еўропу на вуду. Каб брусэльскія стратэгі пачалі ўпрошваць: ну зрабіце, зрабіце выбары па партыйных спісах! Тут могуць паламацца ды згадзіцца, падаўшы гэта як фантастычны прагрэс. А ў выніку месцы ў Палаце падзеляць між “Белай Руссю” (ільвіная доля) ды парай марыянеткавых псеўдаапазіцыйных партый. Для дыктатуры ж тым часам размарозяць заходнія крыніцы фінансавання.

Ярмошына ўскладае віну за брутальны фінал мінулых выбараў на тых, каму трэба было “пахаваць перамогу Аляксандра Лукашэнкі”. Але ж хіба не пахавалі канчаткова тую піраву перамогу самі ўлады, абваліўшы эканоміку? Дзе славутыя 500 долараў?

Нават учарашнія “застабілы”, у якіх вочы на лоб палезлі ад цэннікаў, клянуць зараз былога куміра. Так што няўклюдныя спробы адмыць мінулыя выбары можна рэзюмаваць выслоўем: паможа вароне мыла, як мерцвяку кадзіла.

Поделиться: