Да Фармагея гэтую пасаду займаў палкоўнік міліцыі Аляксандр Жыгуліч. Як кажуць у прыёмнай начальніка Акадэміі, Жыгуліч зараз у адпачынку.

Дарэчы, адпачывае цяпер і начальнік Акадэміі палкоўнік Уладзімір Бачыла. Хтосьці запусціў чутку, што Бачыла з адпачынку можа ўжо і не вярнуцца, а Фармагей узначаліць Акадэмію замест яго. Але перад сыходам на законны адпачынак Бачыла асабіста абверг гэтую плётку, заявіўшы, што кіраваць Акадэміяй і пасля водпуску будзе ён, а не Фармагей.

Варта заўважыць, што ў начальніка Акадэміі МУС да нядаўняга часу было шэсць намеснікаў, пяцёра — палкоўнікі, адзін — падпалкоўнік. А цяпер, калі экс-намесніку па страявой частцы прапануюць новую пасаду, сярод іх будзе і генерал…

Нагадаем, што Леанід Фармагей 27 чэрвеня быў вызвалены ад пасады начальніка ГУУС Мінгарвыканкама і залічаны ў распараджэнне міністра ўнутраных спраў. Па Беларускім тэлебачанні прагучала, што ён і начальнік УУС на транспарце МУС Вячаслаў Яўстаф’еў адпраўлены ў адстаўку з-за тэракта ў мінскім метро 11 красавіка, недаглядаў у расследаванні выбухаў у Віцебску, а таксама начнога пранікнення на станцыю метро «Маскоўская»: «Леанід Фармагей у свой час узначальваў УУС Віцебскага аблвыканкама, а таксама сталічную міліцыю. Ён не змог забяспечыць эфектыўнае расследаванне выбухаў у Віцебску і Мінску. Больш за тое, не атрымалася ў яго стварыць эфектыўныя ўмовы аховы мінскай падземкі. У сваю чаргу гэта стварыла ўмовы для здзяйснення тэракта на станцыі “Кастрычніцкая”. Менавіта па гэтай прычыне ўжо пасля тэракта чужыя людзі праніклі ноччу і на станцыю метро «Маскоўская».

Прадстаўляў Фармагея на новай пасадзе не міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, а адзін з яго намеснікаў.

Сам генерал-маёр інтэрв’ю з нагоды сваёй новай працы, як, зрэшты, і з нагоды адстаўкі з ранейшай пасады, не дае.

«Без каментарыяў», — сказаў Леанід Фармагей «Народнай Волі».



Поделиться ссылкой: