Па звестках газеты, ў Варшаве прайшла сустрэча кіраўнікоў камісій замежных спраў парламентаў краін ЕС. Гэта сустрэча папярэдзіла адну з важнейшых падзей, якія адбудуцца пад час прэзідэнцтва Польшчы ў ЕС, – саміт “Усходняга партнёрства”. Як вядома, на гэтае мерапрыемства запрошаны кіраўнікі краін, што ўвайшлі ва “Усходняе партнёрства”. Аднак беларускаму кіраўніку, як вядома, уезд у ЕС забаронены. Таму, хто будзе запрошаны ад Беларусі – пытанне адкрытае.

Раней кіраўнік польскай дыпламатыі ўнес інтрыгу, зазначыўшы, што Беларусь атрымае запрашэнне на саміт “Усходняга партнёрства” “на самым высокім узроўні”. Многія зрабілі выснову, што будзе запрошаны асабіста Аляксандр Лукашэнка. Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў нават выступіў з заклікам у абарону такога падыходу. Маўляў, падзея – не асабістага кшталту, і для Беларусі заставацца ў еўрапейскай сям’і больш важна, чым прымяніць персанальныя санкцыі да кіраўніка.

Аднак большасць палітыкаў усё ж такі выступілі супраць запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Выказвалася думка, што павінен быць запрошаны найбольш высокі беларускі чыноўнік, які не трапіў пад санкцыі. Напрыклад, кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч.

Па звестках “Газеты выборчай”, аднак, пряныта іншае рашэнне. Са спасылкай на міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорсага зазначаецца, што ў ЕС “ёсць кансэнсус па пытанні запрашэння Мартынавана на саміт Усходняга партнёрства”.

Нагадаем, што Сяргей Мартынаў – гэта міністр замежных спраў Беларусі, які да апошніх прэзідэнцкіх выбараў лічыўся ў Еўропе чалавекам досыць празаходніх поглядаў, але пасля выбараў паказаў сябе як чалавек, “вельмі верны кіруючаму курсу”.

Дарэчы, польская амбасада ў Мінску паведаміла, што запрашэнні прыняць удзел у Першым бізнес-форуме “Усходняга партнёрства” накіраваны як афіцыйным асобам Беларусі, так і прадпрымальнікам, прадстаўнікам беларускіх арганізацый і кампаній розных сектараў эканомікі. З афіцыйных асоб, напрыклад, называецца намеснік міністра эканомікі Антон Кудасаў.

Поделиться: