Там адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з прадстаўнікамі польскага ўраду.

Былы кандыдат на прэзідэнты, лідэр кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў, былы кандыдат на прэзідэнты, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, лідэр Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, старшыня Вярхоўнага савету 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч сустрэліся з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім.

Сустрэчы адбыліся на наступны дзень пасля слуханняў “Усходняя палітыка. Абавязкі Еўропы” у польскім Парламенце і адкрыцця Інфармацыйнага Бюро Салідарнасці ў Варшаве, госцем якой стаў лідэр Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Вітаючы адкрыццё Інфармацыйнага Бюро, віцэ-міністр замежных спраў  Польшчы Кшыштаф Станоўскі адзначыў:

“Ёсць сотні розных праграм па падтрымцы праектаў, скіраваных на развіццё дэмакратыі ў Беларусі і сотні спосабаў спрычыніцца да свабоды ў Беларусі. Мы не ведаем, які з гэтых сродкаў і спосабаў спрацуе найбольш эфектыўна. Але мы па-ранейшаму чакаем прапановы, якой пакуль не атрымалі, – запрашэння ў Мінск, дзе маглі б свабодна размаўляць з прадстаўнікамі праваахоўных арганізацый, з прадстаўнікамі вольных медыяў.

Калі  сёння казаць пра розніцу між Беларуссю і Польшчай, то гэта тое, што ў Польшчы значна больш людзей верыць у тое, што міністр, прыкладам – гэта наёмны супрацоўнік. І мы спадзяемся, у хуткім часе гэтак станецца і ў Беларусі”.

Надзеі на хуткія перамены выказвалі і ў часе сустрэч  беларускай апазіцыі з Дональдам  Тускам і Радаславам Сікорскім.

Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў:

Мы гатовы да перамоваў з Лукашэнкам. У нас гатовы і рэгламент, і пытанні для абмеркавання ў часе такіх перамоваў. І галоўнай павесткай гэткага дыялогу павінны стаць свабодныя выбары”.

На думку Анатоля  Лябедзькі, апазіцыі не патрэбны нейкія дадатковыя прэферэнцыі, – сапраўдны  падлік галасоў будзе дастатковым  для таго, каб новыя выбары далі новыя вынікі і пачалі новы адлік  часу.

Даведка

Практычна Бюро Салідарнасці з Беларуссю існуе з канца снежня 2010 году. Яно было створана пасля трагічных падзей  19 снежня тымі людзьмі, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь, ратуючыся рэпрэсій.

Першымі зладаванымі  мерапрыемствамі сталі  прэс-канферэнцыі  ў еўрапейскіх сталіцах з удзелам  сваякоў зняволеных лідэраў беларускай апазіцыі і Старонкі Салідарнасці ў шэрагу сусветных і еўрапейскіх СМІ,  дзе друкаваліся гісторыі палітвязняў.

Місія Бюро Салідарнасці, – павялічыць інтарэс Еўропы да Беларусі, зрабіць гэты інтарэс пастаянным, а не кропкавым.

Калі пра Беларусь будуць пісаць – то пра яе заўсёды будуць памятаць і палітыкі”, – кажа кіраўніца Бюро Юлія Слуцкая.

Адным са сродкаў  развіцця інтарэсу да беларускіх тэмаў  стане Конкурс для еўрапейскіх журналістаў “Belarus in Focus”, абвешчаны ў часе афіцыйнага адкрыцця Офіса.

Конкурс зарганізаваны Бюро з фінансавай дапамогай Рады Паўночных краін (Nordic Council of Ministers).  



Поделиться ссылкой: