Менавіта ў гэты дзень, 8 верасня 1514 года, войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім перамаглі пад Воршай утрая пераўзыходзячае войска маскоўцаў.

Афіцыйнымі беларускімі ўладамі гэтае свята не прызнаецца, таму цягам апошніх гадоў урачыстыя мерапрыемствы з гэтай нагоды адбываюцца за межамі Беларусі.

Сёлета яны пройдуць у Львове. Аб святочнай праграме “Народнай Волі” распавёў падстаўнік беларускай дыяспары на Украіне Вячаслаў Сіўчык.

— Дзень беларускай вайсковай славы распачнецца з літургіі ў гонар ваяроў, якія перамаглі ў 1514 годзе і ў гонар беларускіх патрыётаў, якія ў 1992 годзе выйшлі ў Мінску на плошчу Незалежнасці, каб прыняць прысягу на вернасць дзяржаве і беларускай нацыі. Пасля гэтага ў Львоўскім прэс-клубе пройдзе прэс-канферэнцыя, у якой возьме ўдзел родны брат асуджанага на шэсць гадоў экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Аляксандр. Пасля гэтага адбудуцца сустрэчы прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам абласной Львоўскай рады, затым завітаем у мясцовую ратушу, дзе нас будзе чакаць кіраўніцтва гарадской львоўскай рады. Пасля гэтага ў самым цэнтры Львова пройдзе маладзёжная акцыя ў знак салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду краіны. Мяркуецца, што падчас яе правядзення ў цэнтры горада будзе разгорнуты вялікі бел-чырвона белы сцяг. Закончацца мерапрыемства ўрачыстым канцэртам, дзе будзе гучаць беларуская і ўкраінская музыка.

Акрамя Львова дзень беларускай вайсковай славы будзе адзначацца ў Варшаве, дзе прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы арганізуюць марш.



Поделиться ссылкой: