— Андрэй, давайце вернемся ў 19 снежня мінулага года. Чаму вы выйшлі на Плошчу?

— Адразу агаваруся: не трэба рабіць з мяне героя. На Плошчу я выйшаў, выкарыстоўваючы сваё канстытуцыйнае права. Я выйшаў, таму што хацеў падтрымаць свайго кандыдата. Лічу, што меў на гэта права і ім скарыстаўся. На Плошчы было сапраўднае свята — туды выйшлі свабодныя, вольныя людзі. Выйшлі з усмешкамі, з радасцю. Адчувалася, што ўсе людзі разам. Плошча 19 снежня стала той самай выспай свабоды, якой нам усім так не хапала…

— Але знаходжанне на гэтай “выспе свабоды” для вас скончылася арыштам…

— Арыштавалі мяне не адразу. Пэўна, праглядаючы нейкія відэаматэрыялы з Плошчы, нехта вырашыў, што мяне трэба затрымаць… Здарылася гэта аж на пачатку лютага.

Я апынуўся ў СІЗА КДБ… Ведаю, што ў СМІ актыўна абмяркоўвалася тэма катаванняў у “амерыканцы”. Пра сябе скажу, што я трапіў у СІЗА тады, калі там усё ў гэтым сэнсе сціхла. У ізалятары яшчэ заставаліся невядомыя людзі ў масках, але я заспеў іх літаральна цягам тыдня. Гэтыя людзі пры мне таксама дазвалялі сябе некаторыя “вольнасці”: яны маглі загадаць распрануцца дагала і прымусіць прысядаць, недзе яны маглі вельмі моцна нахіліць галаву арыштаванага, штурхнуць на лесвіцу… Гэта быў хутчэй псіхалагічны ціск. Але калі глядзець на падобныя паводзіны з пункту гледжання чалавечай гуманнасці, то гэта, безумоўна, непрымальна.

Мне ў СІЗА КДБ было найбольш цяжка без інфармацыі. Тамтэйшая цэнзура не прапускала лісты, газеты даходзілі з выразанымі артыкуламі…

— Потым быў суд. Чаго вы ад яго чакалі?

— Я абсалютна не быў падрыхтаваны да турмы і верыў у тое, што ўсё насамрэч скончыцца штрафам ці ўмоўным тэрмінам… Падчас следства збіраліся станоўчыя мае характарыстыкі, я верыў, што гэта дапаможа. Але на судзе я зразумеў: усё, што адбываецца, — дрэнны спектакль. Яго сцэнарый напісаны, і змяніць нічога нельга. Канчатковае ўсведамленне таго, што мяне адправяць за краты, з’явілася толькі перад самым прысудам, згодна з якім мне далі тры гады пазбаўлення волі. Для мяне гэта стала сапраўдным шокам.

— Тры гады вы павінны былі правесці ў Бабруйскай калоніі. Якія там умовы ўтрымання?

— Да знаходжання ў калоніі, умоў утрымання, стаўлення з боку адміністрацыі ў мяне прэтэнзій няма. Да мяне ставіліся як да звычайнага зняволенага. Прэтэнзіі тут хутчэй можна прад’яўляць самой карнай сістэме ў цэлым — следчым, пракурорам, суддзям…

У калоніі я наглядзеўся рознага. Не скажу, што ўсе пагалоўна, але шмат людзей сядзяць па надуманых абвінавачаннях — ім, нібы наўмысна, інкрымінуюць больш цяжкія артыкулы альбо саджаюць, калі можна было б і без гэтага абысціся. Я сядзеў у папраўчай калоніі, але насамрэч “выпраўленнем” там ніхто не займаецца. Не лечаць ні наркаманаў, ні алкаголікаў. Такое ўражанне, што перад гэтай сістэмай стаіць задача: асудзіць, пасадзіць і ахоўваць. Да зняволеных ставяцца як да людзей ніжэйшага гатунку. Ніхто там не глядзіць, што перад імі за чалавек, за што ён сядзіць. Зняволеныя быццам не людзі. Гэта адчуваецца.

— Андрэй, вы па спецыяльнасці праграміст. Дзе працавалі ў калоніі?

— Выбар там быў небагаты. Людзі ходзяць на працу хутчэй для таго, каб забіць час. З самага пачатку я працаваў прыбіральшчыкам. Ніхто ніякай справаздачнасці аб тым, колькі я зарабляю, мне не прадастаўляў. На рахунак мне грошы клалі родныя, таму я нават не мог пракантраляваць, ці дадалося туды што-небудзь за працу ў калоніі. Потым я працаваў упакоўшчыкам спяцовак. Работнік, які працаваў за швейнай машынкай, атрымліваў 30 тысяч у месяц, а я так і не ведаю, колькі зарабіў. Хаця тамтэйшыя “заробкі” — гэта проста  здзек. Людзям, якія павінны пагасіць мільённыя іскі, заробак у 30 тысяч не моцна дапамагае. Гэта не праца — гэта рабства.

— Прашэнне аб памілаванні вы напісалі толькі з другой спробы. Чаму?

— Гэта доўгая размова на маральна-псіхалагічную тэму… Таму адкажу проста: лічыце, што ў першы раз я гэтага не зрабіў, а ў другі — зрабіў. Прыміце гэта проста як факт.

— Андрэй, ці верыце вы, што ў хуткім часе на волі апынуцца астатнія фігуранты справы 19 снежня?

— Безумоўна. У мяне ёсць поўная ўпэўненасць у тым, што ўсе яны выйдуць. Хацелася б, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Таму што ўся гэтая сітуацыя з асуджанымі за 19 снежня — анамальная па сваей сутнасці.

— Ці не шкадуеце, што выйшлі ў снежні на Плошчу?

— Ніякага шкадавання няма. Як бы гэта пафасна ні прагучала, я быў там таму, што хачу шчасця для Беларусі. І ў наступны раз я таксама выйду на Плошчу…

Поделиться: