Як бы парадаваўся Канстанцін Міхайлавіч за мясцовы люд і ўсіх суайчыннікаў, што зладзілі такое шанаванне роднаму слову! Як бы ўсцешыўся шчасцю людскаму! Мо нават, гледзячы з нябёсаў на страката-вясельны людскі гармідар, адмовіўся б ад сваіх словаў, напісаных сотню год таму:

Не  пытайце, не прасіце

Светлых песень у мяне,

Бо, як песню заспяваю,

Жаль  вам душу скалыхне.

Нешчасліва  наша доля:

Нам нічога не дала.

Не  шукайце кветак у  полі,

Бо  вясна к нам  не прыйшла…

Але ж прыйшо-накаціла ў Ганцавічы – і песень, і паэзіі, і роднамоўя, і ўсяго, чым багата зямелька, дармо, што скрозь балоты і пусткі, скрозь пясок і лясок…

“Дзень беларускага  пісьменства” – своеасаблівы культурніцкі нацыянальны абярог, прызваны захаваць душу народа, а душа, як ведама – у мове, дараванай Богам… Вось чаму абярог гэты качуе з аднаго кутка Беларусі ў другі, кожны раз у напамінак, што жывем і жыцьмем – пакуль мова з намі. А будзе яна, то будзе і ўсё астатняе – хлеб і да хлеба. А яшчэ – сваё, не падобнае ні на якае іншае, мастацкае слова, ці то паэтычнае, ці то празаічнае. І музыка, і нашыя песні, кнігі… Дарэчы, як і прынята на кожным свяце беларускага пісьменства, у Ганцавічах было шмат сказана пра беларускую кнігу. Пазіраючы з нябёсаў, Канстанцінавіч Міхайлавіч жа ўзрадаваўся, што на Беларусі гэтак шмат выдаецца самых розных кніжак – і для дарослых, і для дзяцей. За які год – пяць тысяч шэсцьсот найменняў тыражом больш за сямнаццаць мільёнаў! А розных перыядычных выданняў самага рознага кшталту і таго болей! У ранейшыя часы пра гэткае хіба што марылі. І адно не мог учуць класік нацыянальнай літаратуры, а менавіта тое, што з кожным годам чытацкая аўдыторыя ў цяперашняй незалежнай Беларусі (пра якую марылі ён сам і Янка Купала) звужаецца нібы шагрэневая скура. А ўсё таму, што беларускамоўе на самой справе не дужа заахвочваецца ўладай. От такі дзіўны парадокс: друкаванай прадукцыі – мора-акіян, а чытаць хутка ўжо і не будзе каму… А чаму? Ды таму, дзядзька Якуб, што ў нашых школках усё меней і меней выкладаюць па-беларуску. А чыста беларускіх школ, як гэта было за вашым часам, і ўвогуле з гулькін нос… От і прыкіньце – якая тут перспектыва… Адна радасць: у тых мясцінах, дзе вы дваццацігадовым малойцам настаўнічалі (у Люсіне, значыцца) родную мову шануюць па-ранейшаму. І школа яшчэ не адцуралася роднамоўя, і людзі тутэйшыя таксама. І ўжо цяпер не скажаш, як вы некалі пра тое Люсіна і аселіцы: “Тут такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма…” Зараз, каб вы ведалі, Люсіна – спраўная такая вёска, з асфальтаванымі вуліцамі, водаправодам, прыгожай школай, рознымі крамамі… Але самае тое, што грэе душу, дык гэта жывая беларуская – з адмецінай паляшуцкасці – гаворка месцічаў. У іншых месцах Беларусі паменела такой гаворкі, а тут нічога – жыве родненькая, і добра пачуваецца. Скажу болей… Палешукі больш за іншых шануюць не адно роднае слова і свае традыцыі, але і сваіх землякоў – знаных паэтаў і пісьменнікаў. Настолькі шануюць, што імем аднаго – вельмі таленавітага паэта, празаіка – назвалі вуліцу ў вёсцы. Яшчэ пры жыцці, дай яму Бог здароўечка! Гэта ж упершыню ў краіне, каб мясцовая ўлада прыслухалася да вяскоўцаў. Узяла ды скасавала генералісімуса Суворава (так раней называлася вуліца) і перайменавала яе на імя земляка-паэта. Цяпер у вёсцы Малыя Круговічы цэнтральная вуліца так і завеццпа – вуліца імя Віктара Гардзея… Ды і то справа, бо што той Сувораў для палешукоў!..

А ў месцах, дзе  вы, шаноўны Канстанцін Міхайлавіч, настаўнічалі і з якіх пісалі першую частку трылогіі “На ростанях” (“У палескай глушы”) таленавітых празаікаў і паэтаў досыць: Алесь Каско, Уладзімір Марук, Іван Лагвіновіч, Алесь Кажадуб, Аляксей Галаскок, не кажучы ўжо зусім пра маладых, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях… Вось і атрымліваецца, што Ганцавічы і аселіцы вакол – саме беларускае месца ў краіне. Тут і мова наша жыве, і паэты ганаруюцца…

Але вернемся непасрэдна ў Ганцавічы, дзе віравала-гуляла свята роднага пісьменства. Пераказваць, як усё было файна, не мае сэнсу: свята не перакажаш, на свяце трэба быць. А было там усё – і паэтычныя дэкламацыі сучасных літаратараў, і ўганараванне лепшых выдаўцоў, і танцы-скокі, і вясёлыя застоллі, і розныя іншыя прадстаўленні… Мушу толькі замовіць пра адкрыццё помніка Якубу Коласу. Падзея адметная ва ўсіх сэнсах, бо глыбока сімвалічная. Тут, на Палессі, Колас нейкі час жыў, вучыў дзетак, пачынаў тварыць сваё бессмяротнае… І вельмі хораша, што якраз у Ганцавічах ён паўстаў у бронзе – малады і прыгожы… Як і бывае падчас такіх цырымоній, высокае чыноўнае начальства ад літаратуры, культуры і ўлады прамовіла слова, а затым спала белае покрыва… Момант урачысты, светлы, незабыўны… Засмуціла бадай адно – маўчанне сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча, які (потым гэта высветлілася ў часе нашае размовы)… не быў нават запрошаны на “Дзень беларускага пісьменства”. З Мінска прыехаў цэлы гурт аўтобусаў з гасцямі-удзельнікамі, а сыну Коласа не знайшлося, выходзіць, месца?.. Натуральна, і слова яму пры адкрыцці помніка (усё ж робіцца па раней напісанаму сцэнарыю) ніхто не прадаставіў. Сказаць, што недарэчна, ці там прыкра – значыць нічога не сказаць. Але абмяжуюся гэтым, тым больш, што сам Міхась Канстанцінавіч – чалавек высокай культуры, вучоны, інтэлігент сапраўдны – аднёсся да такога выкрутасу чыноўнікаў паблажліва-філасофскі, маўляў, такі іх стыль паводзін…

А ў астатнім усё  было на вышэйшым арганізацыйным узроўні. Ганцавічы гулі і да позняга змяркання. На тое і свята…

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Вясна к нам не прыйшла... (фотарэпартаж)

Фота  аўтара.   



Поделиться ссылкой: