”8 кастрычніка 2011 году грамадзяне Беларусі збяруцца ў шматлікіх гарадах на Народныя сходы, дзе абмяркуюць і выставяць свае прапановы і патрабаванні да ўлады. Народныя сходы пройдуць у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”.

У Народных сходах павінны мець права бесперашкодна ўзяць ўдзел усе грамадзяне, у тым ліку ўсе без вынятку цяперашнія палітычныя вязні.
Народныя сходы тэрмінова патрэбныя таму, што ўлады давялі Беларусь да сацыяльна-эканамічнага крызісу і паставілі на карту незалежнасць нашай дзяржавы. Лёс краіны павінны вырашаць адказныя грамадзяне, а не чыноўнікі, якія страцілі давер народу.
Толькі патрабаванні масавых Народных сходаў могуць прымусіць ўлады да перамоваў з грамадствам.
Народныя сходы выберуць сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў і даручаць ім перадаць патрабаванні ў органы ўлады. Паўнамоцныя прадстаўнікі Народных сходаў будуць легітымнымі перамоўнікамі з уладай ад імя грамадзянаў Беларусі – удзельнікаў сходаў.
“Закон аб зваротах грамадзянаў” патрабуе ад уладаў цягам месяца даваць афіцыйны адказ на зварот. Таму 8 лістапада ўсе кансультацыі павінны быць скончаныя, і ўлады будуць абавязаныя даць адказ на народныя патрабаванні.
8 лістапада грамадзяне зноў збяруцца на Народныя сходы і прымуць рашэнне: ці пагадзіцца з прапановамі ўлады, ці дамагацца яе змены.
Улада абавязаная весьці дыялог найперш з народам. Адказная ўлада павінна ўсяляк спрыяць ініцыятыве масавых народных сходаў. Без крэдыту даверу ад народу ніякія замежныя крэдыты не дапамогуць.
Свабода правядзення Народных сходаў і вызваленне ўсіх палітычных вязняў будуць галоўным сведчаньнем гатоўнасці ўлады да дыялогу з грамадствам”.

Віктар Івашкевіч
сустаршыня Нацыянальнага Арганізацыйнага камітэта Народнага сходу
Генадзь Фядыніч
сустаршыня Нацыянальнага Арганізацыйнага камітэта Народнага сходу



Поделиться ссылкой: