Для правінцыйнага гарадка правядзенне ўсебеларускага мерапрыемства – справа наколькі пачэсная, настолькі і адказная. Тое ад самага пачатку разумела мясцовае кіраўніцтва. І хоць на сёлетні Дзень пісьменства  наклаўся фінансавы крызіс, арганізатары не разгубіліся, а прыклалі максімум намаганняў, каб усё атрымалася.

Канечне, як часта ў нас здараецца, у вызначаны тэрмін не ўклаліся, але наракаць на няўвішнасць рабочых ці дрэнна пастаўленую арганізацыю працы – язык не паварочваецца. Па словах месцічаў, з якімі давялося пагутарыць, улада і сам старшыня райвыканкама У. Столяр зрабілі ўсё магчымае, каб правесці свята пісьменства на самым высокім узроўні. Ганцаўчане гэта бачаць, разумеюць і цэняць, бо ўсё зробленае, адрамантаванае  – на карысць горада, усім жыхарам палескага гарадка. Іншая справа, што грошы на добраўпарадкаванне былі выдзелены запозна, што іх яўна не хапае, што абвал рубля і дарагавізна на ўсё прытармазілі справу. Але людзі – гараджане і прыезджыя – робяць усё магчымае, абы толькі быў вынік…

Падчас майго візіту ў Ганцавічы “фінішная”  работа была сканцэнтравана якраз паблізу кінатэатра. Тут, пры канцы алеі, ужо стаяў пастамент (але не сам помнік) для бронзавай постаці Якуба Коласа… “Сам помнік будзе асвечаны, – патлумачылі мне рабочыя, – падчас цырымоніі адкрыцця Алеі пісьменства”. Такая дасведчанасць простых палешукоў па-добраму ўсцешыла, бо перад тым наведаў райвыканкамаўскіх чыноўнікаў, але тыя адмовіліся нават размаўляць. Нейкая маладзіца-ідэолаг доўга круцілі носам, а пасля і зусім агарошыла: “мы з апазіцыйнай прэсай не працуем…” І дарэмна было тлумачыць ёй, што “Народная воля” – ніякая не апазіцыя, а незалежная газета… Але для зашоранага каня – дарога адна… Па ўсяму, правінцыяналізм палягае ад цывілізацыі не геаграфічнай аддаленасцю, але аддаленасцю разумовай – ад усяго астатняга свету. Сумна канстатаваць, але прыходзіцца. І  асабліва ў дачыненні тых, хто спрабуе вучыць іншых – як ім жыць, каго слухаць, што чытаць…

Але вернемся да маючага адбыцца свята… Што нас чакае, хто сюды прыедзе, і чаму менавіта Ганцавічы абраны сталіцай Дня беларускага пісьменства. Па-першае, тутэйшая зямля, як і многія іншыя куточкі Беларусі, дала Бацькаўшчыне даволі шмат слынных літаратараў. Хапіла б успомніць імёны Міхася Рудкоўскага, Віктара Гардзея, Івана Кірэйчыка, Васіля Праскурава, Уладзіміра Марука, Алеся Каско, Алеся Кажадуба, Міхала Дубянецкага, Кастуся Мохара… Словам, край блаславёны і песенны, калыска талентаў-самародкаў. Адкуль вытокі? “З глыбінь народных, – упэўнены летапісец роднага краю, пісьменнік і журналіст Кастусь Мохар. – Вытокі гэтыя ад чудзінскіх казачнікаў Данілы Куляша і Дудара, чые казкі “Палешукі і палевікі” і “Пану навука” ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускай фалькларыстыкі, сталі неад’емнай часткай нацыянальнай культуры. Яны, урэшце, ад знакамітага беларускага вучонага-этнографа і фалькларыста ХІХ стагоддзя Аляксандра Сержпутоўскага, які жыў на хутары паблізу Пярэвалак; яны ад класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, які на пачатку ХХ стагоддзя настаўнічаў у Люсіне. Усё гэта і ёсць сведчанне, што ў літаратараў Ганцаўшчыны моцныя карані, што выраслі яны не на голым месцы, а ў блаславёным краі, асветленым божым дарам і спагадай. Вось чаму Ганцавічы прымуць незабаве гасцей з усяе Беларусі – літаратараў, навукоўцаў, майстроў мастацтва, замежных гасцей…”

Ганцавічы перадсвяточныя...(фотарэпартаж)

Ганцавічы перадсвяточныя...(фотарэпартаж)

Ганцавічы перадсвяточныя...(фотарэпартаж)

Ганцавічы перадсвяточныя...(фотарэпартаж)

Ганцавічы перадсвяточныя...(фотарэпартаж)

Ганцавічы перадсвяточныя...(фотарэпартаж)

Фота  аўтара.     



Поделиться ссылкой: